Пятница, 25 сентября 2020

Гісторыя аднаго экспаната: друкарская машынка для сляпых

353

Для сляпых і людзей, якія слаба бачаць, уменне чытаць і пісаць з’яўляецца сімвалам паспяховасці і незалежнасці. Кім быў той чалавек, які дапамог тысячам сляпых развівацца? Хто прыдумаў для іх знакаміты шрыфт? Паспрабуем разабрацца ў гэтым з дапамогай цікавага прадмета, які ў 2011 г. папоўніў фонды Пружанскага палацыка. Трэба прызнаць, друкарская машынка для сляпых “BLISTA” (сяр. XX ст.), прывезеная ахвяравальнікам з самой Германіі, — сапраўдны цуд тэхнікі.


Паглядзіце на яе: машынка ўяўляе сабою складаную прыладу з нержавеючай сталі. Шэсць асноўных клавіш, “прабел”, ручка для перамяшчэння радка. Для друкавання тэкстаў “для сляпых” на паперу шляхам удару наносяцца спецыяльныя знакі ў выглядзе рэльефных кропак. Гэта і ёсць той знакаміты шрыфт, названы ў гонар свайго вынаходніка.


Луі Брайль нарадзіўся напачатку XIX ст. у Францыі ў сям’і шаўца. Яму былі наканаваны цяжкія выпрабаванні і… вялікія дасягненні. У трохгадовым узросце хлопчык выпадкова пашкодзіў сабе вока шылам і неўзабаве з-за інфекцыі назаўсёды страціў зрок. Яго бацькі рабілі ўсё магчымае, каб іх сын развіваўся і жыў паўнавартасным жыццём. Брайль займаўся з настаўнікам музыкі, навучыўся чытаць з дапамогай цвікоў, забітых у дошку па абрысе літар.


Луі дасягнуў вялікіх поспехаў у вучобе і паступіў у Каралеўскі інстытут для сляпых у Парыжы. Там засвоіў пісьмо, ігру на піяніна і аргане. У далейшым стаў настаўнікам-рэпетытарам (тыфлапедагогам). Дарэчы, у той час сляпых вучылі пры дапамозе “начной азбукі” Барб’е, якая была прыдумана для таго, каб салдаты маглі чытаць данясенні ў начны час. Інфармацыя запісвалася шляхам праколвання адтулін у кардоне, чытанне — праз дакрананне да яго. Сістэма Барб’е не была дасканалай, аднак ідэя наяўнасці выпуклых кропак для пісьма падабалася Луі.


Дзякуючы шматлікім эксперыментам, Луі Брайль здолеў стварыць больш дасканалы і зручны шрыфт для сляпых. Яго алфавіт складаўся з розных камбінацый шасці рэльефных кропак, размешчаных у дзве калонкі па тры штукі. У гэтай сістэме былі магчымыя 63 перастаноўкі. Такім чынам, сляпы чалавек мог чытаць, водзячы кончыкам указальнага пальца адной ці абедзвюх рук па рэльефных кропках. Лёгкасць счытвання знакаў і іх кампактнасць дазвалялі сляпому даволі хутка чытаць тэкст.


Брайль працягваў удасканальваць свой шрыфт і дадаў у яго знакі прыпынку, лічбы і нават нотныя знакі. Канчатковы варыянт шрыфту з’явіўся ў 1837 г. і шырока распаўсюдзіўся па свеце. У 1881 г. быў уведзены ў практыку канчатковы варыянт “русіфікаванага” алфавіта Брайля.


Сёння гэты шрыфт выкарыстоўваецца ў многіх сферах дзейнасці і даступны ўсім: як навукоўцам, так і простым людзям. Праўда, глядзіш на рэльефныя лісткі паперы, якія выпаўзаюць з-пад клавіш музейнага экспаната, і разумееш, што працэс чытання для сляпога чалавека — гэта сапраўдны подзвіг і неверагоднае выпрабаванне для розуму.
Арына Сысаляціна,малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.