Четверг, 2 июля 2020

Огонь + Невнимательность = Смерть

160

З пачатку бягучага года ў раёне зарэгістравана тры выпадкі атрымання апёкаў, у выніку чаго пацярпелыя звярталіся па медыцынскую дапамогу, двое памерлі ад траўм. Ва ўсіх гэтых трагедыях вінаваты абыякавасць і звычайная неасцярожнасць людзей.
У сакавіку жыхар аг.Роўбіцк вырашыў запаліць печку і для гэтага выкарыстаў бензін. У выніку мужчына атрымаў апёкі рук ІІІ ступені і твару І-ІІ ступені. Пацярпеламу была аказана медыцынская дапамога.

На пачатку красавіка трагедыя здарылася і ў аг.Лінова: мясцовы жыхар на прысядзібным участку праводзіў работы з выкарыстаннем шліфавальнай машынкі, іскры ад якой і запалілі на ім адзенне. Мужчына атрымаў моцныя апёкі ніжняй часткі тулава, ад якіх праз некалькі тыдняў памёр у бальніцы.

Напрыканцы мая ў раённую бальніцу трапіў яшчэ адзін пацярпелы. Жыхар в.Новыя Засімавічы вырашыў падкурыць цыгарэту ад запаленай газавай пліты і моцна нахіліўся да агню. Полымя перакінулася на адзенне — і пацярпелы атрымаў моцныя апёкі твару і верхняй часткі тулава. Праз некалькі тыдняў мужчына ад атрыманых ран памёр.

Відавочна, што ўсе пацярпелыя груба парушылі правілы пажарнай бяспекі. Таму райаддзел па надзвычайных сітуацыях заклікае грамадзян захоўваць разумную асцярожнасць пры выкарыстанні агню, прымаць меры перасцярогі пры рабоце з інструментам. У надзвычайных сітуацыях тэлефануйце «101».

Вольга Ліпко, старшы інспектар РАНС.