Четверг, 28 марта 2024

Василий и Мария Щурко: «Дом помогла построить… клюква»

918

На ўскрайку вёскі Ліхасельцы ў звычайным сялянскім доме жыве сямейная пара: Васіль Рыгоравіч і Марыя Антонаўна Шчурко (на здымку). У верасні бягучага года яны адзначаць брыльянтавае вяселле — 60 гадоў сумеснага жыцця.

— Вянчаліся 21 верасня 1960 года ў Мураўскай царкве ў дзень Нараджэння Прасвятой Багародзіцы — гаворыць Марыя Антонаўна. — Мне было дзевятнаццаць, а мужу дваццаць гадоў.
Лёс не песціў гэтую сямейную пару. У сям’і Васіля Рыгоравіча, якая жыла ў вёсцы Радзецк, было дзесяць дзяцей. У 1941 годзе былі вывезены ў Беласток.
— Калі прыйшло вызваленне, бацька пехатой дабраўся з Беластока дахаты, узяў каня і перавёз сям’ю на радзіму, — успамінае Васіль Рыгоравіч.
Марыя і Васіль ведалі адзін аднаго з дзяцінства. Разам вучыліся ў Бакунскай школе.
А потым неяк непрыкметна прыйшло і каханне.
Маладыя, калі пажаніліся, каля дзясятка гадоў жылі разам з бацькамі Васіля Рыгоравіча, а ў 1970 годзе пабудавалі ўласны дом.
— Пабудаваць уласнае жыллё дапамаглі журавіны, — кажуць Васіль Рыгоравіч і Марыя Антонаўна. — У летні перыяд збіралі гэтыя ягады і здавалі нарыхтоўшчыкам, а грошы адкладвалі на будаўніцтва дома.
Васіль Рыгоравіч працаваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы, а летам шчыраваў на камбайне. Давялося ў свой час папрацаваць і на гусенічным трактары. Марыя Антонаўна працавала ў паляводстве, але потым цяжкая і працяглая хвароба не дала магчымасці працаваць далей. Але жанчына, нягледзячы на ўсё, справілася з цяжкасцямі і перамагла хваробу. Як лічыць Марыя Антонаўна, дапамагло ёй у гэтым нараджэнне яшчэ аднаго сына.
Разам сямейная пара Шчурко выхавала трох сыноў, якія сталі годнымі людзьмі. Радуюць бабулю і дзядулю восем унукаў і праўнучак.
Лёс раскідаў сыноў па розных рэгіёнах краіны: Магілёў, Антопаль, Пружаны, але Васіль Рыгоравіч і Марыя Антонаўна перакананы, што ў верасні ўсе яны збяруцца разам з сем’ямі ў Ліхасельцах, каб адсвяткаваць брыльянтавае вяселле.

Мікола АРХУЦІК, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА