Пятница, 25 сентября 2020

Про тяжелые версты войны вспоминает ветеран Сергей Васильевич Давидюк

424

У вёсцы Юхнавічы жыве Сяргей Васільевіч Давідзюк, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому ў студзені бягучага года споўнілася 96 гадоў. Нарадзіўся ён у 1924 годзе ў вёсцы Грынявічы і цяпер з’яўляецца старэйшым жыхаром сельсавета. У шматдзетнай сям’і было чатыры сыны і чатыры дочкі. Пры Польшчы было няпроста: з ранняга дзяцінства давялося працаваць на ўласнай гаспадарцы, каб мець хлеб на стале.

Спачатку Сяргей навучаўся ў школе, дзе выкладанне вялося на польскай мове, а пасля 1939 года вывучаў рускую мову.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’і Давідзюкоў стала яшчэ цяжэй. Сяргей з бацькам былі адзінымі мужчынамі, якія адказвалі за яе дабрабыт. А калі ўжо набліжалася вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Сяргей быў вывезены ў Германію на прымусовыя работы.

— Давялося працаваць на малочным заводзе ў горадзе Бішофсбург, кармілі мала, часта пагражалі і пужалі смерцю, — успамінае ветэран.
Калі вайна падыходзіла да завяршэння, Чырвоная армія вызваліла вязняў. Сяргей Васільевіч уліўся ў яе рады і быў накіраваны ў артылерыйскі полк 3-га Беларускага фронту.
Баявое хрышчэнне малады артылерыст атрымаў пры штурме сталіцы Усходняй Прусіі горада Кёнігсберга. Горад-крэпасць быў узяты 9 красавіка 1945 года, і тысячы немцаў трапілі ў палон. Сяргей Давідзюк за ўзяцце Кёнігсберга быў узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга» і ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені.
Пасля Вялікай Перамогі вайсковая служба для Сяргея Васільевіча не закончылася. У верасні 1945 года полк, у якім ён служыў, быў перадыслацыраваны на Украіну, у горад Ромны.
А ў чэрвені наступнага года лёс закінуў пружанскага хлопца на Далёкі Усход, а потым на Курыльскія астравы. Дэмабілізаваўся Сяргей Давідзюк толькі ў чэрвені 1947 года і паспяшаўся вярнуцца ў родную вёску.
У мірны час Сяргей Васільевіч працаваў конюхам і даглядчыкам цялят у мясцовай гаспадарцы, загадчыкам магазіна ў Шарашэве, кладаўшчыком і санітарам у Шарашоўскім доме-інтэрнаце. Неаднойчы выбіраўся дэпутатам Велікасельскага сельскага Савета дэпутатаў.
Разам з жонкай Нінай Піліпаўнай, якая, на жаль, пайшла з жыцця дзевяць гадоў таму, вырасцілі чацвярых дзяцей. Ветэран мае больш за дзесяць унукаў і столькі ж праўнукаў.
Вядома, што гады бяруць сваё. Але, нягледзячы на салідны ўзрост, Сяргей Васільевіч, яшчэ даволі рухавы чалавек. І самае цікавае, што працягвае займацца сваёй любімай справай — пчалярствам. Цяпер ён даглядае на сваім падворку тры пчоласям’і. Хай будзе гаючым мёд для Вас, ветэран!

Мікола АРХУЦІК, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА