Пятница, 25 сентября 2020

Воркаутер Андрей Кирикович: «Возраст и вес не имеют значения»

900

Ёсць ціхія аматары здаровага ладу жыцця, ёсць актыўныя яго папулярызатары, а ёсць тыя, хто проста любіць глядзець, як фантастычныя спартыўныя кульбіты віртуозна выконваюць сапраўдныя майстры. Паколькі адношуся да такіх гледачоў сама, спачатку нават даводзілася перажываць, як на варкаўтнай пляцоўцы неяк хаатычна і без імпэту займаліся маладыя людзі. На шчасце, апошнім часам тут пачаўся арганізаваны рух варкаутараў. І «завёў» яго сваім чыстым энтузіязмам адзін з выкладчыкаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Андрэй Уладзіміравіч Кірыковіч.

Адразу адкрыю сакрэт: педагог дадатковай адукацыі, які віртуозна выконвае на турніках розныя «стульчыкі», «гадзіннічкі», «свечкі» і іншыя гімнастычныя элементы, выкладае дзецям у ЦТДМ зусім не фізкультуру, а… маляванне. Выпускнік СШ № 1 тры гады таму скончыў факультэт мастацтваў і дызайну Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, паколькі вельмі любіць прыгажосць. Прыгажосць ва ўсім, у тым ліку і прыгажосць чалавечага цела. Таму яшчэ ў старэйшых класах школы захапіўся вулічнай гімнастыкай.
— Пачаў праглядаць на ютуб канале відэа з трэніроўкамі вядомага расійскага варкаўтара Уладзіміра Цюханава, методыка якога накіравана на развіццё дынамікі рухаў. Пазней зацікавіўся ўрокамі чэмпіёна свету па варкаўце італьянскага спартсмена Анрэа Ларосу, які вытварае неверагодныя рэчы са сваім целам, — распавядае Андрэй.

У імкненні гарманічна развіваць не толькі мастацкія, але і фізічныя навыкі падцягнуты малады чалавек пяць гадоў упарта займаўся на пляцоўках Гродна і ўдасканальваў прыродную гнуткасць і трываласць. Нават хацеў паступіць на спартыўную гімнастыку, але не падышоў па ўзросце.
— Але з вулічнай гімнастыкай не расстаўся. У маім жыцці яна назаўжды застанецца ў якасці прыгожага хобі, на якое не трэба марнаваць значную частку зарплаты. Хопіць зручнага спартыўнага адзення і добрай пляцоўкі. Выйшаў на вуліцу — і ўжо гатовы да трэніроўкі! Пры правільным падыходзе на такой пляцоўцы можна дамагчыся «рэльефу» цела не горшага, чым у спартзале. Тут не трэба ні гантэляў, ні штангаў — толькі вага ўласнага цела. А яшчэ — свежае паветра, на якім я са сваімі выхаванцамі праводжу шмат часу. Гэта вельмі карысна для здароўя! — шчыра рэкламуе варкаўтны рух выкладчык.
— Прызнаюся, менавіта праблемы са здароўем прывялі мяне на заняткі да Андрэя Уладзіміравіча, — падтрымлівае нашу гутарку Алег Гаўрыленка, які толькі што саскочыў з турнікоў.

Юнак вучыцца ў 8 класе СШ № 3 і пасля некалькіх месяцаў індывідуальных трэніровак з эфектыўнымі кардыянагрузкамі заўважыў значнае паляпшэнне свайго стану.
— Тут галоўнае — матывацыя. А ў мяне яна ёсць, — кажа хлопец. — Таму амаль кожны дзень запрашаю на пляцоўку сваіх сяброў і знаёмых, якія, на жаль, працягваюць марнаваць свой вольны час на пустыя заняткі і гутаркі. Тут, дарэчы, па вечарах такіх гледачоў таксама хапае… Прыбраць бы адсюль лавачкі далей — было б больш толку. Вунь якая тэрыторыя вызвалілася б для размінкі: скачкоў, прысяданняў і расцяжак. А яшчэ з сябрамі марым, каб тут усталявалі нізкія брусы для базавых практыкаванняў, каб лягчэй было страхаваць таварышаў.
— Эх, яшчэ б канат сюды і кольцы падвесіць ды адмысловую сетку для прызямлення ўсталяваць — цаны не было б нашай пляцоўцы! Мы ў гэтым плане, ведаю, моцна адстаём ад таго ж Брэста. А чым пружанцы горшыя? Глядзіш, яшчэ некалькі гадоў трэніровак, і зможам сабраць каманду для рэспубліканскіх спаборніцтваў па варкаўце, — марыць вучань 9 класа СШ № 3 Кірыл Кабрынец.

З такім жаданнем юных спартсменаў ды яшчэ пад кіраўніцтвам таленавітага варкаўтара, глядзіш, і ўсе мары збудуцца. Ну, а калі ў вас зараз з’явілася жаданне далучыцца да каманды ці атрымаць кансультацыю ў Андрэя Уладзіміравіча Кірыковіча, тэлефануйце ў ЦТДМ або да нас, у рэдакцыю, і мы з задавальненнем падзелімся з вамі кантактнымі дадзенымі трэнера. Майце на ўвазе, ваш узрост і вага не маюць значэння — для вас падбяруць індывідуальную праграму трэніровак, неабходных для гарманічнага развіцця цела і здароўя.

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча