Четверг, 26 ноября 2020

Кручу, кручу, кручу педали кручу… Подведены итоги конкурса «Мой двухколесный друг»

737

Высокую прыцягальнасць займеў фотаконкурс «Мой двухколавы сябар», які праводзіўся ў рамках Дзён энергіі.

Фотаздымкі з дызайнам веласіпеда ўдзельнікі дасылалі ў групу «Раённых будняў» у сацыяльных сетках. Трэба сказаць, што найбольшую актыўнасць праявілі Кляпацкая сярэдняя школа і мясцовы дзіцячы садок, адкуль нам даслалі як адзіночныя, так і калектыўныя фотаздымкі дзяцей з упрыгожанымі веласіпедамі і самакатамі. Увогуле менавіта жыхары гэтага аграгарадка здзівілі нас сваёй фантазіяй, у прыватнасці, Маша Базыльян, Света Барычэўская і Паліна Місюля. Малайцы, дзяўчынкі, што ў такім юным узросце не толькі любіце катацца на веласіпедзе, але яшчэ і так пяшчотна адносіцеся да гэтага экалагічна бяспечнага транспарту.
Безумоўна, хацелася б адзначыць сувенірамі ўсіх удзельнікаў, але ўмовы конкурсу патрабуюць выбіраць самых творчых і арыгінальных. Таму сувеніры за неардынарны падыход да дызайну свайго двухколавага сябра прысуджаюцца Надзеі Ракіцкай з пас.Сонечны.

і блізняткам Дашы і Насці Давідчык з аг.Клепачы.

Каб забраць прызы, пераможцы могуць звярнуцца ў рэдакцыю. Даведкі па нумары 9-15-02.

Лячу — педалі не кручу!

Выхаванцы Кляпацкага дзіцячага садка

На гэтым фота — самыя маленькія ўдзельнікі конкурсу “Мой двухколавы сябар”. І хацелася б ім удзяліць асаблівую ўвагу. Выхаванцы Кляпацкага дзіцячага садка даказалі, што яны — адна каманда. Каманда прыгожых, энергічных і, галоўнае, вельмі дружных дзяцей, якія разумеюць, што самакат — гэта не толькі сродак перамяшчэння. А яшчэ вельмі каштоўная для здароўя рэч, дзякуючы якой павялічваецца агульная трываласць, развіваецца спрыт і каардынацыя.
Таму для вас, нашы маленькія чытачы, мы падрыхтавалі некалькі цікавых фактаў пра самакат. І калі жадаеце пра іх даведацца, тады паехалі:

Факт № 1
Згодна з вусным сведчаннем, першы самакатны сродак перамяшчэння стварыў у 1761 годзе нямецкі майстар карэтных спраў Міхаэль Каслер, які змацаваў брусам два колы. Напэўна, кіраваць такім самакатам было цяжка, таму далейшага развіцця ён і не атрымаў. Афіцыйна датай нараджэння самаката лічыцца 1817 год, калі Карл фон Дрэз вынайшаў “машыну для хады”.

Факт № 2
Звычайна самакат танней за веласіпед. Але ёсць самакаты бізнес-класа. Напрыклад, Xootr Street, які каштуе больш за 500 долараў.

Факт № 3
Самакат асабліва папулярны ў Японіі, дзе яго выкарыстоўваюць у якасці асноўнага сродку перамяшчэння ў гарадскіх умовах.

Факт № 4
У 2001 годзе амерыканец Джым Дэлзер стаў першым чалавекам, які перасёк ЗША на самакаце. Маршрут быў скончаны за 35 дзён.

Факт № 5
У Англіі ёсць хлопчык Джэймі Эдзісан, які ў свае 11 гадоў на самакаце робіць такія складаныя практыкаванні, на якія не здольныя нават дарослыя. Упадабаны яго трук — сальта назад.

Факт № 6
Але вы не забывайце: самакат, як і любы сродак перамяшчэння, нясе ў сабе патэнцыйную небяспеку, таму ўважліва глядзіце перад сабой, не дапускайце рэзкіх тармажэнняў і, тым больш, не катайцеся са стромкіх абрываў і не скачыце з імправізаваных “трамплінаў”.

Факт № 7
У мультфільме “Жыла-была Царэўна”, у новай серыі, гераіня катаецца на самакаце, не выконваючы Правілы дарожнага руху, і падвяргае небяспецы не толькі сябе, але і навакольных. Ты ўбачыш, чаму нельга катацца, як Царэўна.
Глядзі серыю №17 тут: https://www.youtube.com/watch?v=W59mYGtdnZ8

Факт № 8
Ручкі самаката павінны размяшчацца на вышыні прыкладна ледзь вышэй за пояс ездака. Падчас руху неабходна перыядычна мяняць нагу для штурхання для раўнамернай нагрузкі.

Факт № 9
Хуткасць сучасных самакатаў можа дасягаць 30 км/ г і вышэй, але для дзяцей самая аптымальная хуткасць — ад 10 да 15 км/ г. Калі думаеце, што гэта павольна, правядзіце тэст: станьце на бегавую дарожку і прабяжыце з хуткасцю 10 км/ г. Ну, што, доўга зможаце так бегчы? А на самакаце — лёгка!
Катайцеся і атрымлівайце асалоду ад сваіх жалезных “сяброў”!