Пятница, 25 сентября 2020

Дни энергии в Пружанах: с чего начинается бережливость…

725

Навукоўцы даўно даказалі, што «зялёная» энергія не менш выгадная, чым спажыванне вуглевадароднай сыравіны, на якім збудавана сучасная цывілізацыя. Але, на жаль, пераадолець больш чым стагадовыя звычкі вельмі складана. Хаця пра гэта літаральна моліць прырода нашай планеты. І пакуль яна яшчэ застаецца зялёнай, нам неабходна паступова, крок за крокам мяняць былую схільнасць спальваць каштоўныя рэсурсы і пераходзіць на экалагічныя бяспечныя спосабы здабывання энергіі. І пачынаць трэба з эканоміі і беражлівых адносінаў да таго, што чалавецтву дадзена прыродай.

Менавіта на падрабязнае тлумачэнне і абгрунтаваныя доказы магчымасці такога падыходу накіраваны Дні энергіі, якія трэці год запар праходзяць у нашым раёне ў рамках Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі, да якога Пружаншчына таксама далучылася.
Вядома, што найбольш лёгка засвой­ваецца той матэрыял, які бачыш на свае вочы. Гэты прынцып традыцыйна ўвасабляецца ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на працягу Дзён энергіі. Толькі сёлета пэўную карэкціроўку планаў зрабіла няпростая эпідэміялагічная сітуацыя, з-за чаго большасць задумак мела віртуальны або дыстанцыйны характар.

Так незвычайную анлайн-прэзентацыю ў рамках конкурсу «Зберажом энергію» спланавалі і правялі работнікі бібліятэчнай сістэмы раёна. Яны пры падтрымцы фонду «Інтэракцыя» і грамадскага аб’яднання «Экапартнёрства» пры фінансавай падтрымцы ЕС з дапамогай атрыманай промапрадукцыі прадэманстравалі праз глабальную сетку тэматычную падборку кніг, арганізавалі выступленні юных чытачоў, якія ў вершаванай форме расказалі пра тое, як неабходна захоўваць і эканоміць прыродныя рэсурсы і як можна гэта ажыццявіць. У творчым конкурсе прыняло ўдзел шэсць бібліятэк, сярод якіх пераможцай была прызнана бібліятэкар Шарашоўскай гарпасялковай бібліятэкі В. У. Фасевіч. Таксама годнымі былі прызнаны работы загадчыцы дзіцячай бібліятэкі імя А. Лось В. Ф. Дзімітруковіч і бібліятэка з Новых Засімавіч М. С. Каршунковай.

Да акцыі далучыўся дзіцячы садок № 3

Не засталіся па-за ўвагай і маленькія ўдзельнікі конкурсу. Лепшымі прызнаны анлайн-­выступленні Машы Мікус з гімназіі, Тані Лаптановіч з СШ № 3, Лізы Аўсюкевіч з Шарашоўскай СШ і Ільі Чайкоўскага з СШ № 1 імя ЧБВА.
Чэлендж-­выклік #беражомразам, які распрацавалі работнікі гарадскога Палаца культуры, сабраў шмат аднадумцаў, многія з якіх паказалі на ўласным прыкладзе, з чаго пачынаецца беражлівасць. Відэаролік, размешчаны на канале Youtube і ў сацыяльных сетках, аб’яднаў нераўнадушных гледачоў, некаторыя з якіх прадэманстравалі ўласныя распрацоўкі.

«Зялёны» спорт

Найбольш масавым, хаця і віртуальным, аказаўся анлайн-­забег «Экамарафон». У рамках гэтай акцыі ў сацыяльных сетках быў створаны акаўнт, на якім удзельнікі дзяліліся сваімі рэкордамі.

І варта сказаць, што многія з іх уражваюць як адлегласцю, так і часам, які быў патрачаны на прабежку. На працягу тыдня можна было выкладваць свае штодзённыя вынікі, што і рабілі «бегуны» па не адным разе.

А таксама пакідалі каментарыі, у асноўным дзякавалі арганізатарам забегу.

Вадзім Мардань: «Цяпер я ведаю, што можна многае…»
Карына Шаманава: «О Божа, нехта 50 км ужо прабег. Звышчалавек!!!»
Яўген Данцоў: «Як вы яшчэ рухаецеся, мае ногі мяне амаль ужо не слухаюць»

Напрыканцы марафонскага тыдня былі вызначаны пераможцы па сумарным кіламетражы прабегаў у мужчынскай і жаночай катэгорыях асобна. Трэцяе і другое месцы сярод мужчын падзялілі паміж сабой Кірыл Данцоў з сумарным вынікам 151 км і Улад Халецкі (167 км), а абсалютным пераможцам, які за тыдзень «набег» больш за 200 км, быў прызнаны Алег Рабчук. Сярод жанчын «бронзавы» і «сярэбраны» п’едэсталы занялі Таццяна Радзівончык (36 км) і Карына Шаманава (41 км), а найбольшы вынік прадэманстравала Надзея Паўзун (52 км).

Таксама ад арганізатараў экамарафону — ФСК «Мухавец» і РК ГА «БРСМ» — памятныя ўзнагароды атрымалі лідары ў сваіх узроставых падгрупах, сярод якіх самым старэйшым стаў 49-гадовы Алег Нупрэйчык (11 км), а малодшай — 12-гадовая Ульяна Магільная (20 км).

Выставы, конкурсы, канцэрты

На працягу сямі дзён адбыліся і дэманстрацыйныя мерапрыемствы, аднымі з якіх сталі экалагічныя выставы, арганізаваныя работнікамі культуры.

Свае работы дэманструюць выхаванцы студыи «Творчы мікс» Карына Шанюк і Дар’я Шаркота.

Першая выстава «Другое жыццё непатрэбных рэчаў» разам з майстар-­класам па вырабе пераробак «Пластык — у дапамогу» на пляцоўцы па вул.Інтэрнацыянальнай наладзілі ўдзельнікі студыі «Творчы мікс», якія разам з кіраўніком Наталляй Іванцовай паказвалі гледачам, як з таго, што многія з нас лічаць смеццем, можна зрабіць прыгожыя сувеніры, розныя бытавыя прылады і хатнія ўпрыгожванні.

У руках дзяцей і Наталлі Пятроўны за лічаныя мінуты нараджаліся з пустых малочных бутэлек вазоны і арганайзеры, з буклетаў і пластыкавай пліткі для столі — домікі і кошыкі для ласункаў. Усё вельмі проста і залежыць толькі ад фантазіі. Калі ж яна заканчваецца, то можна скарыстацца і падказкамі з інтэрнэту.
— Тут галоўнае — жаданне, — зазначае кіраўнік студыі. — А вопыт прыйдзе, як і здзіўленне родных і сяброў, якіх можна парадаваць незвычайнымі падарункамі, зробленымі сваімі рукамі.
Словы Н. П. Іванцовай пацвярджаюць і стваральнікі выставы-­продажу «Эка-торба» разам з майстар-­класам па вырабе пераробак «Папера — у дапамогу».

У яе правядзенні прымалі ўдзел выхаванцы студыі «Шклінка-­маляванка» (кіраўнік народны майстар М. М. Кулецкая) і гуртка ГПК «Мая творчасць» (кіраўнік А. А. Радчук). Яны прадэманстравалі льняныя торбы, дэкор па дрэве і шкле, вырабы з паперы і многае іншае.

А яшчэ гэта выстава працавала і як магазін, бо жадаючыя маглі набыць сувеніры для сябе або сваіх гасцей.

Забаўляльныя праграмы з пазнавальнымі канцэртнымі нумарамі прайшлі  Мураўскім («Абараняй! Беражы! Памнажай!») Доме культуры.

А таксама ў Навазасімавіцкім (#снамиярче) ДК.

Арганізаваныя мерапрыемствы ўключалі віктарыны, гульнёвыя нумары, фізкультмінуткі, конкурсы пытанняў па энергазберажэнні і шмат музыкі. Вядучыя Ірына Кузьміч (Мураўскі СДК) і Алеся Савушкіна (Навазасімавіцкі СДК) таксама прапанавалі дзятве з гэтых населеных пунктаў цікавыя заданні па адгадванні загадак і конкурс тэматычных малюнкаў на асфальце.

Зрэшты, не толькі работнікі культуры і адукацыі праявілі сябе на працягу Дзён энергіі ў Пружанах, да ўдзелу ў акцыі далучыліся і розныя прадпрыемствы раёна. Да прыкладу, камунальная служба арганізавала для жыхароў Пружаншчыны акцыю па зборы электроннага і электрычнага абсталявання. А Пружанскі аўтапарк прызначыў 10 чэрвеня «Выхадным для аўто», у рамках якога на працягу ўсяго дня давалася магчымасць бясплатна скарыстацца паслугамі гарадскога грамадскага транспарту пры прад’яўленні вадзіцельскага пасведчання.

Для маладога пакалення

Падрастаючая змена таксама не засталася па-за ўвагай арганізатараў Дзён энергіі ў Пружанах. Былі праведзены конкурсы дзіцячага малюнка, Тыдні «Берагошы» і «Энергазберажэння» сярод навучэнцаў школ, выхаванцаў дашкольных устаноў, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама наведвальнікаў прышкольных летніх пляцовак.

Чысціня=эканомія

У рамках #дниэнергии_Пружаны была праведзена экалагічная акцыя «Чысты бераг», падчас якой прадстаўнікі грамадскіх арганізацый прымалі ўдзел у навядзенні парадку на берагах вадаёмаў.

Так, напрыклад, удзельнікі ўзорнага маладзёжнага клуба «Teens-фармат» Палаца культуры разам з работнікамі гэтай установы правялі акцыю «Антыпластык» пад дэвізам «Зрабі сёння чыстае заўтра»: сумеснымі намаганнямі яны ачысцілі ад смецця тэрыторыю гарадскога парка, басейна і стадыёна. А піянеры і акцябраты СШ № 3 займаліся прыбіраннем берагоў канала Баба: сабранае смецце дзеці адсартавалі і ўтылізавалі ў адпаведныя кантэйнеры.

Алег Сідарэнка