Пятница, 25 сентября 2020

Испытание боем: история военного врача

511

Наша зямля багата гістарычнымі традыцыямі і багата людзьмі, якія ў патрэбны час гатовы ахвяраваць сабой. Гэта, у першую чаргу, адносіцца да ўрачоў. Адзін з іх — Халюк Васілій Міхайлавіч, ураджэнец вёскі Крупа.

Яшчэ падчас вучобы ў Магілявецкай школе яго адрознівала прыроджаная высакароднасць. Васілій быў гранічна адкрытым, разважлівым, верным дадзенаму слову. Ён быў загартаваным юнаком. Гэта цяпер у школу дзяцей вязуць у спецыяльных школьных аўтобусах, а некалі даводзілася дабірацца ў школу пешшу, а ў зімовы час — на лыжах з рукзаком за плячыма.
У школе ваенная справа выкладалася Латышам Іванам Сцяпанавічам, і старшакласнік Халюк Васілій меў пэўныя ваенныя веды і навыкі. Ён мэтанакіравана рыхтаваўся да ваеннай прафесіі.
Пасля заканчэння школы ў 1970 годзе Васілій выбірае прафесію ваеннага ўрача і паступае ў Вышэйшую медыцынскую акадэмію імя С. М. Кірава ў Ленінградзе. Гэта адна з самых прэстыжных медыцынскіх вучэбных устаноў з моцным кадравым патэнцыялам. У гэты год жадаючых паступіць у акадэмію было больш, чым калі-небудзь. Але ён быў добра падрыхтаваны і паспяхова здаў экзамены, быў залічаны курсантам.
Пасля заканчэння акадэміі давялося служыць у ваенна-­дэсантных вой­сках горада Тулы. Працаваў урачом-­хірургам у ваенным шпіталі.
А затым была служба ў Афганістане, дзе Васілію Міхайлавічу давялося пабываць двой­чы. На вайне гэты чалавек аддаваў сябе поўнасцю медыцынскай службе.
Час знаходжання капітана-­ўрача медслужбы ў складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх вой­скаў у Афганістане ў якасці хірурга быў перыядам напружанай працы. Выдатная прафесійная і фізічная падрыхтоўка дазвалялі яму пераадольваць цяжкасці на маршы, у баі ўмела арыентавацца ў складаных абставінах, паспяхова выконваць баявыя заданні па медыцынскім забеспячэнні воінаў.
Газета «Ваенны ўрач», орган ваенна-­медыцынскай акадэміі імя С. М. Кірава, 5 лістапада 1987 года ў артыкуле «Выпрабаванне боем» пісала: «У суровыя дні баявых выпрабаванняў Васілій Халюк навучыўся цаніць моцнае воінскае братэрства. Ён яшчэ глыбей усвядоміў, якая цудоўная наша Айчына, як патрэбна беззапаветна яе любіць і надзейна абараняць».
У Афганістане ён бачыў узарваныя школы, бальніцы, закатаваных жанчын і старых — незлічоныя ахвяры жорсткай вайны. Ён аказваў неадкладную дапамогу не толькі воінам, але і мясцоваму насельніцтву, у тым ліку дзецям. Актыўна аперыраваў, праяўляючы мужнасць і самаадданасць пры выкананні ўрачэбнага абавязку.
…У той сакавіцкі дзень безупынна ліў дождж, да ночы перайшоўшы ў лівень. Надвор’е быццам згаварылася з  душманамі, якія скарысталіся ўмовамі вельмі абмежаванай бачнасці. Завязаўся бой. З’явіліся параненыя. Мясцовасць прастрэльвалася. Смяротная рызыка не спыніла В. Халюка. Ён рушыў да параненых, паспяхова дабраўся да пацярпелых і своечасова аказаў ім медыцынскую дапамогу, перамясціў іх ва ўкрыццё. Гэта былі сяржант Сядоў, паранены ў грудзі і правае плячо, і сяржант Пітайкін, які атрымаў раненне ў спіну. Пасля папраўкі абое сяржанты за гэты бой былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай зоркі, а ўрач В. М. Халюк удастоены ордэна «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР»…
Гэта толькі адзін з эпізодаў баявой медыцынскай службы ўрача.
Пасля першай камандзіроўкі ў Афганістан капітан медыцынскай службы В. М. Халюк закончыў навучанне ў клінічнай ардынатуры клінікі агульнай хірургіі. Афіцэр сістэматызаваў свой баявы вопыт, авалодаўшы новымі прафесійнымі навыкамі. Газета пісала, што «ўсё гэта спатрэбілася яму на новым месцы службы». А новым месцам службы стала… другая камандзіроўка ў Афганістан.
Зноў аперацыі, напружанне. Калі ўсё добра прайшло — радасць. Калі рана аказвалася несумяшчальнай з жыццём — жыццё самога ўрача было атручана мукамі страты. З кожным новым раненым пачынаўся новы бег з перашкодамі, аперацыі былі па некалькі разоў на дзень.
Амаль заўсёды ўрач быў удзельнікам баявых дзеянняў. Даводзілася нялёгка. Заклапочанасць выклікалі недахоп медыкаментаў, стан водазабеспячэння і асвятлення. Вялася вялікая прафілактычная работа. Не рэдкасць былі інфекцыйны гепатыт («жаўтуха») і брушны тыф.
Дапамагаючы іншым, Васілій Міхайлавіч заразіўся «жаўтухай» сам, і на гэтым яго камандзіроўка ў Афганістан закончылася. Але памяць часта вяртае ўрача ў тыя гады. Кожны, хто служыў у Афганістане, у дэталях помніць дні, праведзеныя на чужой зямлі.
Зараз палкоўнік запасу Васілій Міхайлавіч Халюк жыве ў Туле і па-ранейшаму запатрабаваны, таму што ён з асяроддзя аперацыйных віртуозаў. Ён падтрымлівае сувязь з сям’ёй сястры Валянціны Міхайлаўны, якая жыве ў Магілёўцах. Яго злучае сяброўства з былым аднакласнікам Кердалем Уладзімірам Сцяпанавічам, які жыве ў Засімавічах і які, як і яго сябар, двой­чы быў у Афганістане.
Хлопцы, а яны для мяне засталіся такімі, прайшлі выпрабаванні агнём, іх маладыя гады былі абпалены вайной, але яны засталіся цудоўнымі людзьмі.
На свеце ёсць дзве катэгорыі людзей: тыя, каму ўсё дадзена, і тыя, хто ўсяго дамагаецца сам. Першыя спакойна кладуцца спаць, другія — не ведаюць спакою. Васілій Міхайлавіч Халюк з апошніх — чулых, неабыякавых, працавітых. Больш бы такіх!
Вера Церахава