Вторник, 24 ноября 2020

Семья Бриштен: ничто так не объединяет, как общее дело

1 694

Сям’я, у якой муж і жонка — людзі адной прафесіі, гэта добра ці дрэнна? Існуе два супрацьлеглыя погляды на жыццяздольнасць такой сям’і: хтосьці сцвярджае, што нішто так не аб’ядноўвае, як агульная справа; іншыя мяркуюць, што няма нічога горшага, як абмяркоўваць вострыя рабочыя пытанні яшчэ і дома, асабліва калі пункт гледжання не супадае. Маладая сям’я Брышцен, напрыклад, прытрымліваецца першага меркавання.

Марына і Максім — медыцынскія работнікі. Работа іх якраз і аб’яднала ў сям’ю. Максім родам з Кобрынскага раёна. Калі надышла пара выбіраць прафесію, вырашыў быць як многія з яго вялікай радні — урачом. Пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта першым працоўным месцам маладога хірурга стала Пружанская ЦРБ. Сюды ж летась накіравалі і Марыну, ураджэнку Століншчыны. Тады без пяці мінут урач агульнай практыкі прыехала ў Пружаны праходзіць інтэрнатуру.
— Ініцыятыўнасці мне не займаць. Але не трэба скідваць з рахункаў і лёс… Я, — гаворыць гаваркая дзяўчына, — удзячна загадчыку траўматалагічнага аддзялення ЦРБ Андрэю Іванавічу Пачынчыку: менавіта ён параіў мне звярнуць увагу на Максіма — маладога, талковага, халастога. Сватаўством заняліся медсёстры хірургічнага кабінета. З тых пор мы больш і не расстаёмся ні на дзень.
У выпадку з Брышценамі спрацаваў закон супрацьлегласцей. Марына — актыўная, ініцыятыўная весялушка. Максім, у супрацьвагу сваёй другой палавінцы, больш разважлівы, маўклівы, сур’ёзны. Адным словам, абодва дапаўняюць адзін аднаго.
Браць шлюб Марыне з Максімам давялося ўжо ў перыяд пандэміі. Гэта абумовіла сціплы характар іх урачыстасці: падчас распісвання ў ЗАГСе было не больш за дзесяць чалавек, а стварэнне сваёй сям’і адзначылі ў вузкім сямейным коле.
— Нас гэта ніколькі не засмуціла, — апярэджвае маё пытанне Максім. — Урачыстасць — гэта не галоўнае (тым больш, нам ніколі і не хацелася пампезнасці і банкетаў на сто чалавек). Куды больш важна, на маю думку, каб у сям’і былі мір ды згода.
Сёння маладая пара будуе планы на далейшае, ужо сямейнае жыццё. Ёсць у іх месца і прафесійнаму станаўленню.
— Дзякуючы Пружанам, мы сталі адным цэлым. З гэтым горадам звязаны ўсе самыя лепшыя моманты нашай сям’і. Таму разглядаем яго як месца нашага пастаяннага жыхарства. Тым больш, што калектыў тут цудоўны: усе добрыя, спагадныя, ніколі не адмаўляюць у дапамозе, даюць слушныя парады. Больш за тое, многія сталі не проста калегамі — сябрамі. У тым ліку і гэта дапамагло не расчаравацца ў абранай прафесіі.
Марына ўдакладняе, што ішла ў прафесію, каб дапамагаць пажылым людзям. І дадае:
— Хочаце — верце, хочаце — не, але бабулькі і дзядулькі для мяне — самыя любімыя пацыенты. Ад іх столькі шчырай, непадробнай удзячнасці! Гэта самыя адкрытыя субяседнікі, што для мяне вельмі важна. Акрамя таго, сваіх бабуль і дзядуляў я амаль не застала і мне заўсёды не хапала гэтых зносін. Цяпер вось, відаць, кампенсую.
Тым часам, Брышцены закладаюць падмурак сваёй сям’і: выпрацоўваюць аднолькавыя звычкі, уводзяць традыцыі. Пасля работы, напрыклад, катаюцца на веласіпедах. І не проста прапагандуюць здаровы лад жыцця сярод сваіх пацыентаў — паказваюць яго на ўласным прыкладзе. Па выхадных ездзяць дапамагаць бацькам…
— Доўгатэрміновых планаў не будуем, — у адзін голас гавораць муж і жонка. — А ў бліжэйшым — павялічыць сям’ю. І хацелася б адразу ў два разы: згодна з законамі генетыкі, у нас верагодна нараджэнне двайнятак.

Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча