Воскресенье, 27 мая 2018

6 лет усиленного режима за попытку ограбить банк на Набережной

1 596

Гэтая гісторыя бярэ свой пачатак 4 сакавіка бягучага года. У Дзень міліцыі ў Пружанах па вуліцы Набярэжнай было абрабавана аддзяленне «Беларусбанка». Вестка хутка абляцела ўсю рэспубліку. Па гарачых слядах злачынцу арыштаваць не ўдалося. І толькі роўна праз месяц супрацоўнікі Пружанскага РАУС затрымалі падазраваемага ў грабяжы. Адбылося гэта, дзякуючы пільнасці касіра аддзялення «Беларусбанка» ў Слабудцы, якая сярод наведвальнікаў заўважыла хлопца, які па прыкметах быў вельмі падобны на таго, які ўчыніў дзёрзкі напад у Пружанах. З дапамогай сведкаў было высветлена, на якой машыне паехаў падазраваемы. Па базе да-дзеных высветлілі, што транспарт належыць жыхару горада Кобрына. Падчас следства малады чалавек даў прызнальныя паказаннні.

Кропку ў гэтай сумнай гісторыі паставіў суд Пружанскага раёна. На лаве падсудных апынуўся раней не судзімы малады чалавек 1990 года нараджэння. Што ж прымусіла яго пайсці на такі крок лёгкай здабычы грошай?

Васіль Панкавец разам з сястрой выхоўваўся ў добрай сям’і. Бацька займаўся ўласнай справай, звязанай з аўтасервісам. Маці вяла дамашнюю гаспадарку. З чатырнаццаці гадоў Васіль ужо дапамагаў бацьку на працы. Не было ў хлопца ніякіх праблем і ў школе. Характарыстыка, выдадзеная навучальнай установай, станоўчая.

Пасля заканчэння школы хлопец працягваў працаваць разам з бацькам. У жніўні мінулага года набыў сабе аўтамабіль «Альфа-Рамеа». Неўзабаве «паляцеў» рухавік, які каштаваў нямала грошай. Васіль вырашае купіць новы аўтамабіль праз свайго знаёмага. У гэты перыяд у яго пачаліся непаразуменні з бацькам, і хлопец адкрывае ў Кобрыне ўласны аўтамагазін. На працягу тыдня, каб разлічыцца за аўтамабіль, Васіль павінен быў знайсці 2100 долараў ЗША. Прасіць дапамогі ў бацькі не адважыўся, паколькі адносіны былі нацягнутыя. І тут у галаву прыйшла думка набыцця грошай лёгкім шляхам.

Як прызнаўся падчас судовага пасяджэння падсудны, ідэя гэта ўзнікла пад уплывам фільмаў і інфармацыі ў інтэрнэце.

Пружаны Васіль ведаў, паколькі раней з сябрамі прыязджаў у Лядовы палац. Да таго ж быў ён тут і 3 сакавіка, калі прыязджаў па сваіх аўтама-більных справах. Прычым сустракаўся з чалавекам, які жыве ў доме па вуліцы Набярэжнай.

Дзень 4 сакавіка выдаўся хмарным. Неспакойна на душы было і ў Васіля Панкаўца. Даехаўшы да вёскі Астромічы ў шасці кіламетрах ад Кобрына, вырашыў вярнуцца назад. Але потым усё ж перасіліў сябе і накіраваўся ў бок Пружан. У багажніку аўтамабіля ляжалі пальчаткі і цацачны пісталет.

У аддзяленні «Беларусбанка» па вуліцы Набярэжнай у той дзень працаваў адзін касір. Краем вока жанчына заўважыла, што ў памяшканне зайшоў юнак у куртцы з капюшонам і чорных акулярах. Твар яго быў закрыты шалікам.

— Вы так падобны на грабежніка, — сказала касір.

— А я і ёсць грабежнік, — адказаў Васіль.

У работніцы банка ўзнікла думка, што гэта — вар’ят. У далейшым яна дзейнічала згодна з інструкцыямі наконт такіх выпадкаў. Прапанавала незнаёмцу беларускія грошы. Ад дробных купюр мужчына адмовіўся. Калі ж касір пачала падаваць купюры большай вартасці, Васіль дастаў з-пад курткі пакет і прадмет, падобны на пісталет. Кіўком галавы незнаёмец паказаў на мебельный сейф, дзе знаходзілася замежная валюта. Калі грабежнік павярнуў галаву ўбок, касір націснула на кнопку трывожнага выкліку аховы. Такім чынам, усе наяўныя грошы — замежная валюта і беларускія рублі — аказаліся ў пакеце рабаўніка. Як потым падлічылі, банку быў нанесены ўрон у суме звыш 21 мільёна беларускіх рублёў. Якога-небудзь насілля з боку налётчыка да касіра не было. У памяшканні малады чалавек прабыў не больш 2-3 мінут. Калі прыехалі работнікі аховы і службы бяспекі банка, яго і след прастыў.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачваему было зададзена пытанне:

— А што было б, калі б касір адмовілася аддаваць грошы?

— А нічога не было б, я па-кінуў бы памяшканне банкаўскай установы, — адказаў ён. Вось так усё проста і гладка.

Пасля «ўдалай аперацыі» Васіль разлічыўся з даўгамі са сваім знаёмым. Спаліў вопратку, у якой ездзіў у Пружаны. Здавалася, усё будзе ціха. Але нездарма кажуць, што злачынцу цягне на месца злачынства. Напэўна, так і здарылася ў нашым выпадку. Зусім невыпадкова малады чалавек апынуўся ў Слабудцы. Дарога ў Пружаны яго нібы прыцягвала да сябе. Але колькі вяровачцы не віцца, канец будзе.

А канец  гісторыі аказаўся вельмі сумны. Прыгавор суда суровы: шэсць гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыя маёмасці. Зразумела, што былі слёзы бацькоў і блізкіх лю-дзей. Сёлетняй восенню Васіль планаваў згуляць вяселле са сваёй дзяўчынай. Але яго давядзецца адкласці да лепшых часоў.

У гэтай  нявыдуманай гісторыі шмат людскога гора. Няхутка загояцца раны ў сям’і Панкаўцоў. Але мы заўжды павінны ставіць пытанні: хто вінаваты і што рабіць? Няхай на іх кожны знойдзе свой адказ самастойна. А гісторыя гэта павінна паслужыць добрым урокам для іншых маладых людзей.

P.S. Імя і прозвішча падсуднага зменены па этычных прычынах.

Мікола Архуцік.


4 комментариев

  • ружанец

    А за забойства ў нецвярозым стане, наш самы справядлівы ў свеце суд дае — 3-4 гады, і тое можна дамовіцца на хімію! О, як! а хлопцу нябыло выйсця і на табе — 6!
    Ад вязьні і торбы не заракайся!

    п.с.: а што такі шаблон? назвы артыкулаў па-маскальску, а тэксты па-беларуску!?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Виталий

    ну так это казенные гроши, это святое. а жизнь — копейка…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • БОЦ

    ПОЛНЫЙ БАРДАК !!!!!!!!!!!!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *