Четверг, 22 октября 2020

Гісторыя аднаго экспаната: кіназдымачны апарат “Кіеў 16С-3”

377

Нядаўна ў фонды музея-сядзібы “Пружанскі палацык” паступіў вельмі цікавы экспанат – кіназдымачны апарат “Кіеў 16С-3” у поўнай камплектацыі: акрамя камеры, ёсць яшчэ дзве касеты з 16-міліметровай чорна-белай плёнкай, спецыяльная ручка з курковым механізмам і нават пашпарт. Адметна, што падобную тэхніку ў савецкія часы выпускала невялікая колькасць прадпрыемстваў, а такія кінакамеры дык наогул можна сёння па пальцах пералічыць. Таму дазвольце зрабіць невялічкі экскурс.

Першы савецкі кіназдымачны апарат для кінааматараў быў выпушчаны ў 1941 годзе пад назвай “Піянер”, яго камера была разлічана на 17,5-міліметровую кінаплёнку. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, і вытворчасць гэтай тэхнікі па зразумелых прычынах была прыпынена. Аднавілася толькі ў 1948 годзе. Новы апарат “16С-1” для 16-міліметровай кінаплёнкі сышоў з канвеера завода «Ленкінап». Ён вылучаўся высокім коштам, а таксама вялікай масай і габарытамі, таму не карыстаўся асаблівым попытам у пакупнікоў.
З 1957 года ў СССР нарэшце пачалася масавая вытворчасць аматарскай кінаапаратуры. Кінакамеры выпускаліся Казанскім оптыка-механічным заводам (“Кама” і “Экран”), Ленінградскім оптыка-механічным аб’яднаннем (“ЛОМА”), Краснагорскім механічным заводам (“Кварц” і “Краснагорск”), Маскоўскім патэфонным заводам (“Турыст”) і Кіеўскім заводам аўтаматыкі імя Р.І.Пятроўскага. Дарэчы, апошні, пачынаючы з другой паловы 1950-х да канца 1980-х гадоў, выпускаў кіназдымачныя камеры, якія ўжываліся пераважна ў прафесійных мэтах. Тым не менш, кінакамеры «Кіеў» і «Альфа» паступалі ў рознічную гандлёвую сетку і былі даступны кінааматарам.
Наш экспанат быў выпушчаны ў 1966 годзе. Каштаваў 150 тагачасных рублёў, а гэта было нямала — дзве сярэднія зарплаты! Прызнацца, большае здзіўленне ў мяне выклікае сам працэс работы: камера вельмі цяжкая і доўга адной рукой яе не ўтрымаеш. Да таго ж, у маленькае вочка амаль нічога не відаць. Як тыя аператары разлічвалі перспектыву і магчымасці кадра — невядома.
Акрамя таго, для рэгулярнай здымкі механізм неабходна пастаянна заводзіць з дапамогай спецыяльнай паваротнай ручкі. Аднаго заводу хапае на 15-20 секунд здымкі. Пастаянна заводзіць прыбор — тая яшчэ задача! Праўда, сама плёнка размяшчаецца ў досыць зручнай касеце, якая лёгка ўстаўляецца ў апарат. Увогуле дарагая прылада, але, магчыма, на той момант гэта быў адзін з самых даступных спосабаў стварыць уласную кінахроніку. Толькі ў пачатку 1990-х гадоў кіназдымачны апарат “Кіеў 16С-3” страціў папулярнасць у спажыўцоў і быў выцеснены бытавой відэатэхнікай…
Звяртаюся да чытачоў “раёнкі”: калі ў вас ёсць іншыя мадэлі кінакамер, будзем рады атрымаць іх у дар.

Марына Каўтунюк,
галоўная захавальніца фондаў музея-сядзібы
«Пружанскі палацык»