Вторник, 20 октября 2020

«Купальные» новости лета: стало больше зон отдыха!

1 011

Сёлетні купальны сезон мае шэраг сваіх асаблівасцей, самая адметная з якіх — павелічэнне колькасці зон для адпачынку ля вадаёмаў. Да ўжо вядомых, на якіх было дазволена купацца ў апошнія гады, а гэта гарадское возера, вадаёмы ў аграгарадку Лінова, каля в.Носкі і два месцы на возеры Паперня, у бягучым годзе дабавіліся сажалкі ў г.п.Шарашэва, аграгарадках Клепачы, Кабылаўка, Магілёўцы і так званы басейн у г.Пружаны.

Чаго не заўважаць адпачываючыя?
Адразу варта падкрэсліць істотную розніцу паміж дазволенымі і недазволенымі для купання зонамі адпачынку. Першыя папярэдне прайшлі маштабную падрыхтоўку, пры гэтым некаторыя мерапрыемствы наўрад ці заўважаць адпачываючыя. Напрыклад, за месяц да афіцыйнага адкрыцця купальнага сезона ў абавязковым парадку дазволеныя для купання вадаёмы праверыла спецыяльная група вадалазаў Кобрынскага падраздзялення таварыства выратавання на водах. У абавязкі гэтых работнікаў уваходзіла праверка дна азёр і пры неабходнасці яго ачыстка ад усіх прадметаў, якія могуць траўмаваць купальшчыкаў. Па-другое, санітарная служба зрабіла забор вады на ўсіх водных аб’ектах, каб пацвердзіць бяспеку для адпачываючых.
На астатніх рэчках, сажалках і «копанках» такія работы не праводзіліся, што азначае адсутнасць гарантыі бяспекі. Зразумела, што тыя адпачываючыя, якія вырашаць там купацца, рызыкуюць двойчы: уласным здароўем і кашальком, бо такі ўчынак лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем са штрафнымі санкцыямі.

Сезон купання адкрыты!
А вось падрыхтоўку пляжаў і ўладкаванне належнай інфраструктуры заўважаць практычна ўсе, хто ў спякотны дзень прыйдзе на бераг. Для таго, каб падобныя мерапрыемствы былі выкананы ў патрэбным аб’ёме, за аб’ектамі рашэннем выканкама былі замацаваны адказныя арганізацыі: КУВП «Камунальнік», ДЛГУ «Пружанскі лясгас», ААТ «Ружаны-Агра», «Аранчыцкая птушкафабрыка», «Ліноўскае», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Жураўлінае», «Радзіма», «Айчына», санаторый «Ружанскі» і сельскія выканкамы, на тэрыторыі якіх размешчаны гэтыя вадаёмы. На фоне «навічкоў» тым, хто займаўся падобнымі работамі ў папярэднія гады, было значна прасцей, бо многае даўно ўжо пабудавана і выкарыстоўваецца. Заставалася толькі навесці парадак і выправіць недахопы.

У Шарашэве, Кабылаўцы, Клепачах і іншых населеных пунктах давялося ўзводзіць усё практычна «з нуля». І справіліся з гэтым добра. Што і пацвердзіла камісія райвыканкама, якая напярэдадні адкрыцця купальнага сезона некалькі разоў абследавала ўсе вызначаныя зоны адпачынку ля вады.
Адметна тое, што кожная арганізацыя падышла да рашэння ўскладзенай задачы па-свойму. Некаторыя зрабілі акцэнт на насычэнне вялікай колькасцю архітэктурных формаў. Напрыклад, для жыхароў аграгарадкоў Клепачы і Кабылаўка пабудавана некалькі альтанак у выглядзе казачных «церамкоў».

Альтанкі ў Клепачах.

Хапае лавачак, ёсць раздзявалкі і, абавязкова, кантэйнеры для збору смецця. Іншыя, як гэта можна ўбачыць на возеры ў г.п.Шарашэва, падышлі творча і ўстанавілі малыя архітэктурныя формы ручной работы, каля якіх можна з задавальненнем сфатаграфавацца.

Прыгожыя лавачкі і нават сіні кіт у Шарашэве.

І ўсюды вызначаны бяспечныя акваторыі як для дарослых, так і для дзяцей, устаноўлены збудаванні для ведамасных выратавальных пастоў. Дзяжурыць на іх будуць вызначаныя работнікі як з адказных за парадак на вадаёмах арганізацый, так і спецыяльна прыцягнутыя спецыялісты, напрыклад, з Воднага палаца г.Пружаны.

Ю.М.Амельянчук каля інфармацыйнага стэнда ў Кабылаўцы.

— Напярэдадні адкрыцця купальнага сезона з усімі матросамі-выратавальнікамі, якія павінны дзяжурыць на беразе возера практычна ўвесь светлавы час сутак на працягу ўсяго купальнага сезона, праведзена навучанне,— расказвае старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Юрый Амельянчук.— Работнікі вучыліся, як правільна захоўваць правілы паводзін на вадзе і на берагах азёр, аказваць першую медыцынскую дапамогу ў розных сітуацыях, узгадняць дзеянні пры супрацоўніцтве з іншымі выратавальнымі службамі і гэтак далей. Таксама таварыства аказала метадычную дапамогу ў падрыхтоўцы неабходнага інвентару, перадало прапагандысцкія і пра-філактычныя друкаваныя матэрыялы.

Для апошніх на кожным водным аб’екце на самым бачным месцы ўстаноўлены стэнд, на якім свае папярэджанні і рэкамендацыі таксама пакідаюць праваахоўнікі і работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Як адзначае старшы інспектар РАНС Вольга Ліпко, практычна ўсе дазволеныя для купання вадаёмы знаходзяцца ў зоне аператыўнага рэагавання аварыйных пажарна-выратавальных пастоў у г.Пружаны, г.п.Шарашэва і Ружаны, аграгарадках Кабылаўка і Лыскава. Для аказання паўнацэннай дапамогі падраздзяленні ўкамплектаваны неабходнымі інструментамі і сродкамі выратавання.
— З асабовым саставам дзяжурных змен рэгулярна праводзяцца навучанне і трэніроўкі,— зазначае Вольга Васільеўна.— Карыстаючыся магчымасцю, нагадаю ўсім жыхарам раёна, што тэлефон аператыўнай дапамогі «101» бясплатны нават з мабільнага тэлефона.

Са спадзяваннямі на добрае
Нярэдка ў рэдакцыю тэлефануюць чытачы, якія пытаюць, чаму падобныя зоны адпачынку не стварыць на кожным водным аб’екце раёна? Па-першае, рэкамендую пабываць на тых вадаёмах, дзе сёлета дазволена купанне, а значыць, створана належная інфраструктура. Адразу заўважыце, што ўкладзены даволі сур’ёзныя грошы, каб адпачынак ля вады пакінуў толькі добрыя ўражанні ў вясёлых кампаній, у аматараў сямейнага адпачынку, у прыхільнікаў турызму і іншых людзей, якія вядуць актыўны і здаровы лад жыцця.
Але ж не ўсё ўпіраецца толькі ў грошы. На Пружаншчыне вялікая колькасць вадаёмаў. Каб зрабіць зону адпачынку на кожным з іх, як таго патрабуюць некаторыя чытачы, давядзецца па некалькі водных аб’ектаў замацоўваць за адной адказнай арганізацыяй. Ці не атрымаецца, што калектывы перастануць займацца асноўнай дзейнасцю, каб задаволіць патрабаванні да бяспекі адпачываючых?
Магчыма, у будучым з’явіцца спецыялізаваная, можа, прыватная, кампанія, якая будзе займацца толькі адпаведнай работай па падрыхтоўцы водных аб’ектаў да летняга адпачынку. Толькі ж тады і пляжы стануць платнымі, а не даступнымі для ўсіх жадаючых, як зараз.
І нарэшце, як паказвае практыка, вельмі складана захоўваць парадак нават на невялікай колькасці зон адпачынку. Нярэдка адпачываючыя пакідаюць пасля сябе смецце, псуюць і ламаюць інфраструктурныя збудаванні і архітэктурныя ўпрыгожванні. У такіх «людзей» хочацца спытаць: няўжо вам прыемна прыехаць на бераг, пакрыты смеццем, бавіць час сярод разбураных лавак і грыбкоў? Многія, упэўнены, пацвердзяць наколькі гэта крыўдна: перад пачаткам адпачынку збіраць пустыя бутэлькі і правяраць адсутнасць на беразе шкла. Дык навошта рабіць тое, што не падабаецца ў дачыненні да сябе?
На жаль, такія заклікі чуюць не ўсе, а значыць, да таго ідэалу, калі на любым возеры вас сустрэне чысты пляж, цэлыя кабінкі для пераапранання і пясочніцы для дзяцей, яшчэ далёка. Хаця, як паказвае прыклад добраўпарадкавання возера ў г.п.Шарашэва, гэта магчыма і спадзяванні на добрае ўсё-такі ёсць, бо сярод нас нямала нераўнадушных грамадзян, якія ўласнаручна гатовыя ствараць прыгажосць для навакольных.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)