Воскресенье, 29 ноября 2020

В д.Харьки была открыта памятная доска

449

Адметная падзея адбылася ў мінулую суботу ў вёсцы Харкі: там была адкрыта памятная дошка ля сквера, які два гады таму быў закладзены да Года малой радзімы.

Добрую задумку — пакінуць памяць для нашчадкаў — увасобіў у жыццё ўраджэнец гэтых мясцін брэсцкі гісторык і краязнаўца Леанід Міхайлавіч Несцярчук.

Спачатку на ўездзе ў вёску сіламі вяскоўцаў, валанцёраў і работнікаў лясніцтва быў закладзены сквер, які яшчэ называюць паркам. Пасля ля яго быў усталяваны валун, на якім некалькі дзён таму і з’явілася памятная дошка, на якой засведчана агульная справа людзей.

Пра гэта, адкрываючы ўрачыстасць і пераразаючы сімвалічную чырвоную стужку, нагадалі ініцыятар Л.М.Несцярчук і старшыня Шаняўскога сельвыканкама С.І.Лапука.

Леанід Міхайлавіч успомніў і іншыя вялікія справы вяскоўцаў па аднаўленні гістарычнай памяці. Сярод іх — рэстаўрацыя Свята-Пакроўскай царквы ў в.Гарадзечна. (Па сутнасці, за народныя сродкі яна была нанова адбудавана ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя і зноў паклікала да сябе вернікаў.) А таксама маштабныя работы па пошуку астанкаў воінаў на месцы баёў Айчыннай вайны 1812 года. У выніку астанкі загінуўшых салдатаў былі з ушанаваннямі перапахаваны, на месцах бітваў з’явіўся велічны крыж і праваслаўная капліца. Гэтыя і іншыя работы былі праведзены таксама па ініцыятыве і непасрэдным удзеле Л.М.Несцерчука.

А нядаўняе адкрыццё памятнай дошкі засведчвае яшчэ і ўнёсак у адраджэнне малой радзімы саміх мясцовых жыхароў. Без іх жадання і асабістага ўдзелу, як зазначыў старшыня Шаняўскога сельвыканкама С.І.Лапука, высакародныя ідэі дзеля далейшага развіцця вёскі і захавання памяці немагчыма было б увасобіць у жыццё.
Адметна, што на мерапрыемстве, на якое сабраліся вяскоўцы і прадстаўнікі культурнай супольнасці з Пружан і Брэста, Леанід Міхайлавіч Несцярчук, які яшчэ актыўна займаецца і літаратурнай дзейнасцю, прэзентаваў сваю новую кнігу “Адам Міцкевіч: геній, паэт, ліцвін”.
—Каб любіць і шанаваць сваю радзіму, — рэзюмаваў аўтар, — патрэбна ведаць не толькі гісторыю сваёй вёсачкі, роднага краю, — краіны наогул.

Цудоўнымі спевамі далучыла прысутных да высокага мастацтва вядомая пружанская спявачка Святлана Машкала. А вярнулі ў гістарычнае мінулае Вялікай Айчыннай вайны Л.М.Несцярчук і С.І.Лапука. Яны не толькі ўспомнілі загінуўшых у гады гэтай вайны мясцовых жыхароў, але і ўсклалі кветкі да помніка, што знаходзіцца ў в.Гарадзечна.

Галіна Каляда