Среда, 30 сентября 2020

Изменения в школьной оздоровительной кампании: «Добро пожаловать, или вирусам вход воспрещен»

388

Галоўнай задачай арганізацыі летняга адпачынку школьнікаў заўсёды было правядзенне аздараўленчай кампаніі. Ці застанецца яна прыярытэтнай у цяперашнім сезоне? Гэтае і іншыя пытанні мы задалі напярэдадні пачатку сезона начальніку аддзела па адукацыі райвыканкама І.А.Казарэз.

—Сістэма школьнай адукацыі павінна сфарміраваць у юнага пакалення гатоўнасць да паўнавартаснага жыцця і рэалізацыі сябе ў соцыуме. І летнія канікулы — не падстава перапыняць працэс, — зазначае Ірына Анатольеўна. — Адначасова вырашаюцца пытанні аздараўлення, часовай працоўнай занятасці і арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў. У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама «Аб арганізацыі аздараўлення дзяцей у летні перыяд 2020 года» зацверджаны асноўныя мерапрыемствы, накіраваныя на арганізацыю аздараўлення і карыснай занятасці непаўналетніх.
Цяперашняя эпідэміялагічная сітуацыя, вядома, патрабуе асаблівага падыходу да арганізацыі аздараўленчай кампаніі. З мэтай мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання вірусных і іншых інфекцый ва ўстановах падрыхтаваны і зацверджаны планы дадатковых мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі і здароўя выхаванцаў, супрацоўнікаў выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі.
— Якія праграмы летняга адпачынку, вольнага часу і занятасці дзяцей будуць рэалізоўвацца ў раёне?
— Для рэалізацыі пастаўленых задач сёлетняга аздараўленчага перыяду ў лагерах будуць арганізаваны змены грамадзянска-патрыятычнага і турыстычнага накірункаў, па фарміраванні здаровага ладу жыцця, адказных і бяспечных паводзін, а таксама развіцці і самаразвіцці асобы, падтрымцы дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, культуры вольнага часу. У планы выхаваўчай работы ўстаноў уключаны разнастайныя мерапрыемствы. Асаблівая ўвага надаецца прафілактыцы супрацьпраўных паводзін непаўналетніх, фарміраванню ў школьнікаў адказнага стаўлення да фізічнага і псіхічнага здароўя.
Трэба адзначыць, што на працягу летніх канікулаў запланавана работа не толькі летнікаў, але і школьных стадыёнаў, спартыўных залаў ва ўсіх установах адукацыі з улікам магчымасці забеспячэння бяспекі знаходжання дзяцей, у тым ліку з абавязковай прысутнасцю педагагічнага работніка, які мае адпаведную кваліфікацыю.
Не зачыняюцца дзверы і ўстаноў дадатковай адукацыі. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ў г.Пружаны і Ружанскі шматпрофільны цэнтр па рабоце з дзецьмі і моладдзю распрацавалі асабістыя расклады і планы сваёй работы на гэты перыяд (інфармацыя размешчана на сайтах устаноў). Там дзецям і падлеткам прапанавана работа гульнявых пляцовак, майстар-класаў, творчых майстэрняў. У ЦТДМ запланавана і правядзенне мерапрыемстваў для падлеткаў, якія наведваюць клуб «Знайдзі сябе».
— Як ідзе падрыхтоўка летніх школьных лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей і колькі дзяцей плануецца ахапіць такой формай адпачынку?
— Усяго плануецца аздаравіць у летні перыяд 1675 навучэнцаў, з іх 710 адпачнуць у 18 лагерах з дзённым знаходжаннем. Некаторыя прышкольныя аздараўленчыя пляцоўкі ўжо пачалі сваю работу з 3 чэрвеня, іншыя, дзе арганізавана дзейнасць лагера працы і адпачынку, адкрыюцца напачатку наступнага тыдня.
Ці не засталіся па-за ўвагай юныя аматары турызму?
— Штогод на базе аздараўленчага лагера «Юны турыст» другая змена з’яўляецца турыстычнай, дзе асноўная колькасць дзяцей — члены аб’яднанняў па інтарэсах турыстычнай накіраванасці. Дзецям будзе дадзена магчымасць максімальна адпрацаваць набытыя на працягу вучэбнага года ўменні і навыкі. Традыцыйна юныя турысты адправяцца ў трохдзённы паход. Таксама ў выхавальнікаў змены ёсць практыка арганізацыі велапаходаў для навучэнцаў старэйшых за 14 гадоў. Вядома ж, гэтым летам паходы будуць арга-нізаваны пры ўмове спрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі.
Некаторыя падлеткі жадаюць сумяшчаць канікулы з працай, часова працаўладкоўваючыся праз службу занятасці насельніцтва. Ці будзе ў дзяцей такая магчымасць сёлета?
— Для школьнікаў, якія дасягнулі ўстаноўленага заканадаўствам узросту, арганізавана шэсць лагераў працы і адпачынку, у якіх магчымасць падзарабіць мае 60 дзяцей. Іх мяркуецца задзейнічаць на добраўпарадкаванні тэрыторый, мыцці і афарбоўцы спартыўнага абсталявання, агароджаў, школьнай мэблі, рамонце бібліятэчнага фонду. Работы будуць выконвацца ў Шарашоўскай, Хараўской, Кляпацкай школах, а таксама ў СШ №1 імя ЧБВА, №3 і №5 г. Пружаны, у шасці працоўных брыгадах гімназіі, СШ №4, Ліноўскай СШ, Навасёлкаўскага ВПК дзіцячы сад-СШ, Ружанскай і Слабадской СШ.
Акрамя таго, каля 280 навучэнцаў з 15 устаноў адукацыі выказалі жаданне працаўладкавацца ў складзе студэнцкіх атрадаў і індывідуальна ў перыяд летніх канікулаў. Да ўстаноў адукацыі даведзена інфармацыя аб пераліку прадпрыемстваў і арганізацый раёна, якія падалі заяўкі для арганізацыі часовай працоўнай занятасці за кошт уласных сродкаў.
Падлеткам ва ўзросце ад 14 гадоў пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў неабходна звяртацца ў аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на адрас: г.Пружаны, вул.Чырвонаармейская, д.78.
На сайце ўстаноў адукацыі, раённага камітэта ГА «БРСМ» на працягу летніх канікулаў будзе размяшчацца актуальная інфармацыя аб магчымасці працаўладкавання непаўналетніх.

— Ірына Анатольеўна, сёлетняя аздараўленчая кампанія праходзіць пад асаблівай увагай у плане эпідэміялагічнай бяспекі летняга адпачынку. Якія прафілактычныя меры прыняты ў гэтым накірунку?
— Пры арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення, у прыватнасці, першай і другой змен, мы кіруемся рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Напрыклад, першая змена летнікаў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей для дадатковай падрыхтоўкі пачынаецца з 15 чэрвеня замест раней запланаваных 4 і 5 чэрвеня. Па-другое, працягласць змен зменшыцца і будзе складаць 15-18 дзён. Па-трэцяе, прыём дзяцей як у дзённыя, так і ў кругласутачныя лагеры праводзіцца пры наяўнасці медыцынскіх даведак з інфармацыяй аб стане здароўя, а таксама пасля правядзення тэрмаметрыі. Прымаюцца меры па недапушчэнні да работы спецыялістаў з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, а таксама, зразумела, тых, хто захварэў на каранавірус, і кантактных першага ўзроўню.
Агульная колькасць дзяцей у атрадзе складзе не больш за 15 чалавек. Будзе забяспечана максімальнае дыстанцыраванне дзяцей пры пражыванні, харчаванні, арганізацыі атрадных і іншых мерапрыемстваў. Культурна-масавыя і спартыўна-аздараўленчыя мерапрыемствы пры спрыяльных умовах надвор’я будуць праводзіцца на адкрытым паветры.
Штодня, у тым ліку ў лагерах з дзённым знаходжаннем, пры ранішнім прыёме медыцынскім работнікам, педагогамі або выхавальнікамі ажыццяўляецца кантроль за станам здароўя дзяцей. У абавязковым парадку ў работу з дзецьмі ўключаюцца мерапрыемствы па мерах прафілактыкі вірусных інфекцый, у тым ліку захаванні правілаў гігіены рук, рэспіраторнага этыкету і г.д.
А ў перапынках паміж зменамі, працягласць якіх складзе не менш за трое сутак, у загарадных лагерах будзе праводзіцца дэзынфекцыя памяшканняў і абсталявання.
Дадам, што Міністэрствам аховы здароўя рэкамендавана выключыць правядзенне бацькоўскіх дзён у кругласутачных летніках.

Гутарыў Алег Сідарэнка

Устаноўлены наступныя змены аздараўленчай кампаніі ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем:
Летнік «Дубок»:
1 змена — з 15 чэрвеня па 2 ліпеня;
2 змена — з 6 па 20 ліпеня;
3 змена — з 24 ліпеня па 7 жніўня;
4 змена — з 11 па 25 жніўня;
Летнік «Юны турыст»:
1 змена — з 15 па 29 чэрвеня;
2 змена — з 3 па 17 ліпеня;
3 змена — з 21 ліпеня па 4 жніўня;
4 змена — з 8 па 22 жніўня.