Вторник, 29 сентября 2020

Операция «Мелиорация»: работаем на урожай!

501

Сельскагаспадарчая меліярацыя — гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на карэннае паляпшэнне неспрыяльнага прыроднага асяроддзя з мэтай атрымання высокіх, устойлівых ураджаяў. На Пружаншчыне асушаныя землі цяпер займаюць больш за 50 тысяч гектараў, налічваецца 3263 кіламетры меліярацыйных каналаў. І атрымліваецца, што значная асоба на прадпрыемстве, якое адказвае за меліярацыю, — гэта экскаватаршчык.

У ДУВП «Пружанскае ПМС» працуе 11 экскаватаршчыкаў. У ліку лепшых адміністрацыя называе Вячаслава Леанідавіча Кухарава. Былы механізатар ААТ «Айчына» меліярацыі аддаў 15 гадоў. Дарэчы, побач з ім на экскаватары працуе і брат Алег.
Вядома, што праца экскаватаршчыка не з лёгкіх. Асабліва няпроста бывае зімою, але і летам цяжкасцей хапае. Падчас сваёй работы Вячаслаў Леанідавіч пабываў на ўсіх меліярацыйных аб’ектах раёна. Колькі за гэты час пракладзена каналаў, ён нават не падлічвае: кажа, што колькасць у яго працы — не самае галоўнае.
Як лепшаму экскаватаршчыку В.Л.Кухараву даверана працаваць на новым экскаватары карэйскай фірмы «HYUNDAI».

Аб тым, якія задачы стаяць сёння перад меліяратарамі, карэспандэнту расказвае дырэктар ДУВП «Пружанскае ПМС» А.А.Шахновіч.

— Аляксей Аляксеевіч, на Пружаншчыне асушаны практычна ўсе балотныя масівы. Якія задачы стаяць перад меліяратарамі цяпер?
— На сённяшні дзень наша галоўная задача — эксплуатацыя меліярацыйных сістэм з мэтай падтрымання неабходнага водна-паветранага рэжыму на асушаных землях. Таксама рэканструкцыі падлягае каля 4,5 тысячы гектараў зямель на аб’ектах «Вярхоўе ракі Ясельда» і «Дзікі Нікар». Пры рэканструкцыі ўпор робіцца на падчыстку каналаў, знішчэнне драўнінна-хмызняковай расліннасці, дыскаванне зямель.
У бягучым годзе мы павінны асвоіць 709 тысяч рублёў з рэспубліканскага і 970 тысяч рублёў з абласнога бюджэтаў. Нядаўна завяршылі рэканструкцыю аб’екта «Лясная Левая». ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» і ААТ «Шані-аграпрадукт» перададзена ў карыстанне 324 гектары зямлі. А ўвогуле на дадзеным аб’екце за тры гады намі асвоена 1,9 мільёна рублёў, а гаспадаркі атрымалі 1120 гектараў палепшаных зямель. Завершаны таксама сёлета аналагічныя работы на былой торфапляцоўцы «Блізная», у выніку чаго ААТ «Ружаны-Агра» перададзена 150 гектараў зямель.
Цяпер нашы меліяратары заняты рамонтам рэчышча ракі Ясельда на мяжы Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў. Раней гэтыя работы былі выкананы ў нашым раёне ў вярхоўях гэтай ракі.
Займаемся таксама будаўніцтвам сянажных траншэй у гаспадарках раёна. За два гады сіламі нашай арганізацыі было пабудавана восем траншэй у ААТ «Велікасельскае Агра» і адна ў ААТ «Агра-Калядзічы». Шмат было зроблена ў мінулым годзе на тэрыторыі ААТ «Ружаны-Агра» і ў саміх Ружанах пры падрыхтоўцы да абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019».
У мінулым годзе працавалі і за межамі раёна. Асобныя віды работ выкананы на аўтадарозе Цюхінічы-Высокае-Пясчатка ў Камянецкім раёне. Прымалі таксама ўдзел у будаўніцтве аэрадрома ў горадзе Орша.
— З якімі здабыткамі падышлі да свайго прафесійнага свята пружанскія меліяратары сёлета?
— У мінулым годзе было выканана работ на суму 3,4 мільёна рублёў. Выручка ў разліку на аднаго работніка склала 40,1 тысячы рублёў, што больш, чым у папярэднім годзе. Атрымалі каля 100 тысяч рублёў чыстага прыбытку пры рэнтабельнасці 3,2%.
— Аляксей Аляксеевіч, у апошнія гады сталі больш частымі засухі. Якія меры прымаюць меліяратары па мінімізацыі недахопу вільгаці на палетках гаспадарак раёна?
— У гэтым плане звяртаем увагу на стан гідратэхнічных збудаванняў. Большасць з іх была пабудавана яшчэ ў 60-70 гадах мінулага стагоддзя і перастала выконваць сваю функцыю. Нядаўна завяршылі рамонт шлюза на рацэ Ясельда каля аграгарадка Харава, што дае магчымасць рэгуляваць узровень вады ў вярхоўях воднага аб’екта. «Дапамагаюць» рэгуляваць узровень вады ў каналах бабры, якія будуюць плаціны і тым самым садзейнічаюць падтапленню зямель.
— Прадукцыйнасць асушаных зямель у многім вызначаецца іх правільнай эксплуатацыяй. Наколькі гэтыя правілы выконваюцца нашымі гаспадарнікамі?
— У большасці гаспадарак адносяцца да гэтага пытання з разуменнем. Але ёсць і прыклады іншага роду, калі на тарфяніках размяшчаюць прапашныя культуры. У выніку выветрывання з кожным годам слой торфу змяншаецца, што вядзе да дэградацыі глебы.
Са станоўчага боку ў гэтым плане хочацца адзначыць агранамічныя службы ААТ «Велікасельскае Агра» і ААТ «Шані-аграпрадукт».
— Аляксей Аляксеевіч, у апошнія гады аб меліярацыі адклікаюцца не толькі станоўча. Ёсць як прыхільнікі яе, так і тыя, хто адносіцца негатыўна. А якія Вашы асабістыя адносіны?
— Я ўсё сваё жыццё працаваў у меліярацыі і лічу што яна — вельмі патрэбная. Іншая справа, што ў мінулыя гады не варта было праводзіць асушэнне ў такіх вялізных маштабах. У нашай краіне стану меліяраваных зямель надаецца вялікая ўвага. Кіраўнік дзяржавы А.Р.Лукашэнка падчас паездак па краіне звяртае на гэта пастаянную ўвагу.
Ролю меліярацыі можна прасачыць і на прыкладзе нашага раёна. Дзякуючы ёй, утварыліся новыя гаспадаркі: ААТ «Жураўлінае» і ААТ «Айчына», пабудаваны аграгарадкі Клепачы і Кабылаўка, якія могуць служыць прыкладам для іншых. А колькі за перыяд пасля асушэння балот атрымана малака і мяса, цяпер нават цяжка і падлічыць.
— Напярэдадні прафесійнага свята варта было б назваць прозвішчы лепшых працаўнікоў.
— У першую чаргу, хочацца адзначыць нашых ветэранаў — заслужаных меліяратараў Рэспублікі Беларусь: С.М.Адамчука, М.А.Мішчанчука, А.А.Манцэвіча, І.М.Краўчука. Сярод экскаватаршчыкаў выдатна сябе зарэкамендавалі В.Л.Кухараў, Ю.К.Солад, Д.М.Ліцкевіч. З агеньчыкам працуюць вадзіцель М.В.Цабрук, мантажнікі будаўнічых канструкцый Л.А.Ганько, І.К.Тарасюк, Я.М.Імховік.
Усіх членаў працоўнага калектыву хочацца павіншаваць з прафесійным святам, пажадаць ім і іх сем’ям моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, простага чалавечага шчасця.

Бухгалтэрыя і эканоміка — на жаночых плячах

Калектыў бухгалтэрыі ў складзе А.А.Шырмы, Г.У.Краўчук, Н.У.Лук’яновіч.

Працоўны калектыў ДУВП «Пружанскае ПМС» налічвае 80 чалавек. Зразумела, што большасць яго складаюць мужчыны. Гэта экскаватаршчыкі, механізатары, вадзіцелі, мантажнікі будаўнічых канструкцый. Але свой уклад у агульную справу калектыву ўносяць і жанчыны. Іх толькі 10, але без іх прафесіяналізму і адказнасці немагчыма было б арганізаваць зладжаную работу ўсяго прадпрыемства. Напрыклад, жанчыны працуюць у сталовай і гатуюць смачныя абеды для сваіх работнікаў.

Загадчыца склада ГЗМ В.А. Пракурат, юрысконсульт Н.М.Навумчык, эканаміст Л.С.Калейнік.

«Жаночы твар» мае эканамічна-разліковая служба. Калектыў бухгалтэрыі ўзначальвае А.А.Шырма. Дапамагаюць ёй Н.У.Лук’яновіч і Г.У.Краўчук. Да таго ж, Н.У.Лук’яновіч з’яўляецца старшынёй прафкама арганізацыі. За эканоміку прадпрыемства адказвае эканаміст Л.С.Калейнік. Юрысконсультам працуе Н.М.Навумчык, а загадчыцай склада ГЗМ — В.А.Пракурат.

Касілка для каналаў

Ідзе абкошванне каналаў.

На балансе ДУВП «Пружанскае ПМС» знаходзіцца 1150 кіламетраў каналаў. У цёплы перыяд года яны патрабуюць пастаяннага догляду. Раней іх абкошвалі косамі спецыяльныя работнікі, а цяпер тут усё механізавана.
А ўвогуле абкошванне меліярацыйных каналаў — цікавае відовішча. Усё робіцца паэтапна. Адзін за адным па прыбярэжнай паласе рухаецца тры трактары з касілкамі. Спачатку абкошваецца прыбярэжная паласа, а потым адхоны. На завяршальным этапе выкошваецца само рэчышча канала. Для гэтага прызначаны спецыяльны трактар з адпаведнай касілкай. Даверана працаваць на ім маладому механізатару І.Р.Каралькевічу. І хоць працуе механізатар у калектыве ўсяго толькі чатыры гады, але і за гэты перыяд паспеў зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку.

Малады механізатар І.Р.Каралькевіч

Мікола Архуцік, фота Сяргея Талашкевіча