Воскресенье, 27 сентября 2020

Огороды в черте города: не нарушать земельное законодательство

1 047

У рэдакцыю па электроннай пошце прыйшло пісьмо ад жыхара горада Пружаны, які жыве ў доме № 23 па вуліцы Міцкевіча. Яго аўтар паведамляе, што 20 мая жыхары дома атрымалі пісьмы ад аддзела землеўпарадкавання райвыканкама аб парушэнні зямельнага заканадаўства (самавольнае выкарыстанне зямельнага ўчастка для агародніцтва).

Размова ідзе аб участку, які размешчаны ў межах дваровай тэрыторыі дома № 23 і выкарыстоўваецца яго жыхарамі для агародніцтва. Па словах аўтара, зямельны ўчастак быў выдзелены жыхарам для заняткаў агародніцтвам у далёкім 1974 годзе — адразу пасля здачы дома ў эксплуатацыю. Падзелены ён паміж жыхарамі ўсіх 18 кватэр, і большасць яго ўладальнікаў цяпер з’яўляюцца пенсіянерамі.

У гэтым жа пісьме аддзел землеўпарадкавання райвыканкама ўстанавіў для жыхароў дома тэрмін падачы заяў на права карыстання зямлёй пад агародніцтва да 1 чэрвеня. Тыя ж, хто праігнаруе гэта, будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці з накладаннем штрафу ў памеры звыш дзесяці базавых велічынь.

Аўтар пісьма звяртае ўвагу на тое, што ўзнятае пытанне з’яўляецца актуальным для Пружан па той прычыне, што агароды каля шматкватэрных дамоў ёсць не толькі на вуліцы Міцкевіча, а і на вуліцах Урбановіча, Палескай, Свабоды, Кастрычніцкай, Савецкай і г.д.

Аўтар канстатуе, што ў рэспубліцы ўжо даўно ўстаноўлена працэдура выдзялення грамадзянам у часовае карыстанне зямельных участкаў пад агародніцтва. Гэта прапісана ў першай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб зямлі» ад 23.07.2008 г. На жаль, піша аўтар, жыхары нашага горада не валодаюць гэтай інфармацыяй, таму просіць на старонках газеты растлумачыць заканадаўства аб агародніцтве.

Па тлумачэнне і каментарыі мы звярнуліся да начальніка аддзела землеўпарадкавання Пружанскага райвыканкама А.Л.Іванова.

Аляксандр Леанідавіч патлумачыў, што пытанне адабрання зямельных участкаў каля дома № 23 па вуліцы Міцкевіча не стаіць. Іншая справа, што ў свой час яны выдзяляліся жыхарам гэтага дома для заняткаў агародніцтвам без афармлення дакументаў. Цяпер жыхарам прапанавана карыстацца агародамі на законнай аснове. Робіцца гэта па заяўным прынцыпе і бясплатна. Неабходна звярнуцца з адпаведнай заявай у райвыканкам, які прымае адпаведнае рашэнне аб выдзяленні зямельнага ўчастка. Калі ж гэтага не зрабіць, то карыстанне ўчасткам будзе расцэньвацца, як самаўпраўства. А згодна з артыкулам 23.41 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, самавольнае заняцце зямельнага ўчастка цягне накладанне штрафу на грамадзян у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.

Прычым, як растлумачыў начальнік аддзела землеўпарадкавання, зямельны ўчастак можа быць выдзелены не абавязкова таму, хто пражывае ў гэтым доме.

Аляксандр Леанідавіч таксама паведаміў, што да канца сёлетняга сезона будуць ліквідаваны зямельныя ўчасткі, якія цяпер заняты пад агародамі пры ўездзе ў горад Пружаны. Датычыцца гэта ўчасткаў, размешчаных па вуліцы Кобрынскай, Лазо і Пушкіна (у раёне аўтамыйкі). Іх цяперашнія ўладальнікі змогуць атрымаць новыя зямельныя ўчасткі ў садаводчых таварыствах.

У Пружанах ёсць яшчэ месцы, дзе агароды размешчаны літаральна пад вокнамі шмат-кватэрных дамоў. Вядома, што гэта не ўпрыгожвае наш горад. Таму ўладальнікі такіх зямельных участкаў павінны падтрымліваць тут ідэальны парадак.

Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.