Четверг, 1 октября 2020

Сельхозпредприятия приступили к заготовке травянистых кормов. Репортаж из ОАО «Экспериментальная база «Белоусовщина»

448

У сельгаспрадпрыемствах раёна пачалася нарыхтоўка травяністых кармоў, вынік якой у многім вызначыць прадукцыйнасць дойнага статка і яго здароўе. На долю кармоў у сабекошце малака прыходзіцца каля 60%. Адпаведна, ад іх якасці і цаны залежыць фінансавы поспех жывёлагадоўлі. Для нашых гаспадарак гэта вельмі актуальна: малако з’яўляецца асновай эканомікі практычна кожнай з іх.

У ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына» травы першым укосам неабходна ўбраць на плошчы 1240 гектараў. Плануецца нарыхтаваць з іх 300 тон сена і 5000 тон сенажу.  На першы дзень лета травы ў гаспадарцы скошаны на плошчы 209 гектараў, што складае 17% да плана. Пачата нарыхтоўка сенажу.

У сёлетнім сезоне для грамадскага пагалоўя Пружанскага раёна плануецца нарыхтаваць 211,1 тысячы тон кармавых адзінак травяністых кармоў. Штогод аб’ёмы іх нарыхтовак павялічваюцца. Звязана гэта з пастаянным ростам узроўню вытворчасці: каб павысіліся надоі і прывагі, трэба павялічыць і расход кармавых адзінак.

Сухі красавік і начныя майскія замаразкі не садзейнічалі фарміраванню высокага ўраджаю шматгадовых траў. Яны развіваліся менш інтэнсіўна, чым павінны. Але ў апошнія гады пра кармы думаюць яшчэ з восені. Згодна з рэкамендацыямі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у гаспадарках раёна былі пасеяны на кармавыя мэты азімыя збожжавыя і свірэпіца.

Як паказвае практыка, важна рыхтаваць каларыйныя пажыўныя, збалансаваныя танныя кармы. На якасць і энергетычную каштоўнасць кармоў уплываюць тэрміны  і фазы ўборкі траў, тэрміны закладкі траншэй. Напрыклад, аптымальныя тэрміны ўборкі шматгадовых бабовых траў — фаза бутанізацыі, але не пазней пачатку цвіцення, а злакавых — канец фазы выхаду ў трубку да пачатку калашэння.

Ад таго, як будзе праходзіць падкормка траў, залежаць і далейшыя ўкосы. Калі ўсё правільна арганізаваць, то можна атрымаць два-тры, а то чатыры ўкосы, напрыклад, люцэрны.

У гаспадарках раёна працягваецца работа па эфектыўнасці выкарыстання шматгадовых траў за кошт павелічэння долі бабовых і бабова-злакавых травасумесей у структуры траў. У сярэднім па раёне ўдзельная вага бабовых і бабова-злакавых траў у структуры траў складае 61%. У ААТ «Шані-аграпрадукт», ААТ «Велікасельскае Агра», ААТ «Радзіма», ААТ «Айчына», ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына» гэта лічба перавышае 80%.

На здымку: старанна працуюць на нарыхтоўцы кармоў у ААТ «Э/база «Белавусаўшчына» машыніст кормаўборачнага камбайна «Ягуар-890» С.І.Ахрэм і механізатар В.Г.Стажынскі, які заняты на адвозцы сянажнай масы.

Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.