Четверг, 2 июля 2020

Пружанские медики снова благодарят всех, кто оказывает им помощь

1 289

У цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі беларусы даказваюць, што салідарнасць і ўзаемадапамога ім не чужыя. У поўнай меры сёння гэта адчуваюць медыкі: усведамляючы, што ва ўсім свеце на «перадавой» барацьбы з каранавірусам апынуліся людзі ў белых халатах, кожны, як можа, стараецца дапамагчы ўрачам і медсёстрам.


З пачатку барацьбы з пандэміяй шэраг арганізацый Пружаншчыны аказаў спонсарскую дапамогу Пружанскай бальніцы, памер якой склаў больш за 200 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі былі выдаткаваны на набыццё неабходных для барацьбы з хваробай абсталявання, дэзынфектараў, аднаразовых дыхальных фільтраў, рэцыркулятараў паветра, фібрабранхаскопа, медыцынскіх касцюмаў, масак, пальчатак і іншага.


Бязвыплатную дапамогу — закупілі абсталяванне і сродкі індывідуальнай абароны — аказалі ТАА «ЕўраФармІнтэграцыя», ПП «Экалеспрадукт», працоўныя калектывы, індывідуальныя прадпрымальнікі і асобныя грамадзяне. Кошт перададзенага склаў каля 65 тысяч рублёў.


Аднымі з першых сярод грамадскіх арганізацый падставілі плячо медыкам і прафсаюзныя арганізацыі: як толькі ў Беларусі былі зарэгістраваны першыя выпадкі COVID-19, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі аб’явіла аб правядзенні акцыі «Справімся разам». У пярвічках сфарміравалі касы ўзаемадапамогі, пачалася работа па аказанні дапамогі медыкам, у тым ліку матэрыяльнай. Напрыклад, сярод работнікаў філіяла «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» быў аб’яўлены збор сродкаў на аказанне дапамогі Пружанскай ЦРБ. Сіламі членаў прафсаюза было сабрана больш за 900 рублёў, на якія яны набылі перасоўны бактэрыцыдны апрамяняльнік і санітарна-гігіенічныя камбінезоны. Нядаўна гэтыя рэчы былі перададзены медыкам. Акрамя таго, на гэтым тыдні райбальніца атрымала бактэрыцыдны апрамяняльнік, рэспіратары і інфрачырвоны тэрмометр, купленыя работнікамі Пружанскага раёна газазабеспячэння ВУ «Кобрынгаз». А ў пятніцу дапамогу медыкам аказалі прадстаўнікі Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.


Варта адзначыць, прафсаюзы ўжо дапамаглі не толькі медыкам: 300 рублёў з «касы ўзаемадапамогі» Пружанскага раёна было накіравана на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны і дэзынфікуючых сродкаў раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Акрамя таго, па 250 рублёў — абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы» (да слова, гэтай установе аказаў дапамогу яшчэ і прафсаюз работнікаў АПК) і Шарашоўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў.

Сёння медыкі ўдзячны кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна, актывістам грамадскіх аб’яднанняў, якія падтрымліваюць іх. У гэты нялёгкі час усе яны паказваюць згуртаванасць, узаемападтрымку і не спяшаюцца ставіць кропку на дабрачыннасці. Хочацца дадаць, што дапамагчы медыкам, на якіх у цяперашніх абставінах ляглі вялікая нагрузка і адказнасць, можа кожны: засцерагчы сябе ад захворвання. Для гэтага дастаткова памятаць пра элементарныя правілы асабістай гігіены: часцей мыць рукі, пры наведванні месцаў збору людзей карыстацца маскай, а таксама прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі.
Марына Вакульская.