Понедельник, 13 июля 2020

Начался ремонт дороги между Муравой и Чепелями

411

«Даўнавата мы не атрымлівалі такога падарунка!»— менавіта так адрэагавалі жыхары аграгарадка Мурава на з’яўленне паблізу дарожнай тэхнікі. Гэта работнікі ДРБУ-140 прыступілі да бягучага рамонту дарогі на ўчастку паміж Муравай і Чапялямі.


Як расказаў начальнік дарожнай арганізацыі А.В. Субота, работы пачаліся ў першай палове мая і, згодна з планамі, поўнасцю закончацца напрыканцы лета. Нягледзячы на параўнальна невялікую працягласць дарогі — крыху больш за два кіламетры — выканаць патрэбна даволі сур’ёзны аб’ём.


— Неабходна зрабіць так, каб гэты ўчастак з цвёрдым пакрыццём без рамонту праслужыў вызначаны тэрмін,— зазначае Аляксандр Васільевіч. — А значыць, трэба зрабіць трывалую аснову са шчэбнева-пясчанай-жвіровай сумесі, старанна ўмацаваць яе, і толькі потым прыступім да ўкладкі асфальту.


На гэтым участку дарогі ніколі не было асфальтавага пакрыцця, што стварала нязручнасці як для легкавых, так і грузавых аўтамабіляў. Таму гэтыя работы па праве можна лічыць сапраўдным дарожным будаўніцтвам, а не рэканструкцыяй.


Менавіта першаснай прафіліроўкай і займалася брыгада ДРБУ-140 падчас нашага прыезду. Дарожнікі за мінулы з пачатку работы час прайшлі даволі працяглы ўчастак, штодня ён павялічваецца на дзве сотні метраў. Такімі тэмпамі ўжо на пачатку лета сюды пойдуць грузавыя аўтамабілі з асфальтам.


Па тэхналогіі будзе ўкладвацца «халодны асфальтабетон», які выдатна зарэкамендаваў сябе на іншых участках, дзе ўжо папрацавалі дарожнікі ДРБУ-140: такое пакрыццё і выконваецца прасцей, з меншымі эканамічнымі выдаткамі, і служыць працяглы тэрмін.


Гэты ўчастак аўтадарогі Чапялі-Мурава-Сухопаль абыдзецца прыкладна ў 700 тысяч рублёў. Аднак выдаткі апраўданыя, бо дарога неабходна і для гаспадарчых патрэб мясцовага таварыства «Мурава», і для саміх вяскоўцаў, якія з большымі зручнасцямі змогуць дабрацца да навакольных населеных пунктаў.


«Попыт» відавочны і зараз: дарожнікам даводзіцца працаваць з аглядкай, каб не перашкаджаць руху транспарту, які раз-пораз мінае спецыяльную тэхніку.
На здымках: выкананне планаў удакладняюць галоўны інжынер А.А.Трус і дарожныя рабочыя К.С.Касцюк і В.П.Федзюковіч; за якасцю работ сочыць майстар С.М.Касцюк; цэлы дзень на ўчастку Чапялі-Мурава не сціхае гул дарожнай тэхнікі.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.