Воскресенье, 25 октября 2020

Пеллетный завод в Слобудке выпустил первую продукцию

1 134

Спіс прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць на Пружаншчыне, папоўніўся яшчэ адным: быў уведзены ў эксплуатацыю пелетны завод каля в.Слабудка.

Трэба сказаць, што ўсе будаўнічыя і мантажныя работы, як і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, былі праведзены ў рэкордныя тэрміны. З моманту закладкі «першага каменя» і да дня, калі ўрачыста была перарэзана чырвоная стужка, мінула крыху больш за паўгода. Як адзначае дырэктар ДЛГУ «Пружанскі лясгас» У.У.Жалнерчык, даволі высокі тэмп выканання работ паказалі будаўнікі ПМК-22. Не падвялі і літоўскія пастаўшчыкі з фірмы «Agregatas», якія адгрузілі вытворчае абсталяванне ў вызначаны тэрмін і ў поўным аб’ёме.


У цырымонііі запуска ў эксплуатацыю новага прадпрыемства прыняў удзел старшыня аблвыканкама А.В.Ліс і старшыня Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісун.


— Усяго на будаўніцтва і запуск завода было выдаткавана крыху больш за 9 мільёнаў рублёў,— патлумачыў гасцям дырэктар лясгаса.— У асноўным гэта крэдытныя сродкі, фінансаванне таксама паступіла па лініі Міністэрства лясной гаспадаркі і расходаваліся ўласныя грошы.


Увогуле чакаецца, што рэнтабельнасць пелетнай вытворчасці будзе трымацца не ніжэй за 20%, што за год дасць магчымасць выручыць на пастаўках прадукцыі каля двух мільёнаў еўра. Як адзначыў губернатар вобласці, пры сённяшнім попыце выдаткі на будаўніцтва завода павінны акупіцца за 5-6 гадоў, хаця пры гэтым і не выключаецца, што попыт можа ўзрасці.


— На сённяшні дзень зацікаўленасць у падобным экалагічна чыстым паліве праявіла Румынія, адпаведныя пытанні паступілі і з іншых краін Еўрасаюза, — зазначыў Анатоль Ліс.


Акрамя фінансавых пераваг пелетная вытворчасць прынясе нямала карысці і іншага характару. Напрыклад, вырашыцца пытанне з утылізацыяй адходаў дрэваапрацоўкі, якое актыўна развіваецца на Брэстчыне. Гэта галіна павінна стаць адной з крыніц сыравіны для выпуску каштоўнага прадукту. Другой крыніцай стане санітарная ачыстка лясоў вобласці, вынікі правядзення якой раней проста знішчаліся з-за складанасцей перапрацоўкі.


А яшчэ запуск пелетнага завода ператварыў Пружанскі лясгас у своеасаблівую арганізацыю поўнага цыкла, дзе прыродныя багацці нашага рэгіёна літаральна да дробязей паслужаць на карысць людзям і айчыннай эканоміцы. Пры гэтым у экспартным спісе Пружаншчыне хутка з’явіцца яшчэ адна пазіцыя, да 90% якой будзе пастаўляцца на знешнія рынкі.


Пасля ўрачыстага старту вытворчасці старшыні аблвыканкама і старшыні райвыканкама была арганізавана азнаямляльная экскурсія па прадпрыемстве. А.В.Ліс і Ю.Ю.Бісун цікавіліся ўмовамі працы, узроўнем заработнай платы персаналу, які абслугоўвае аўтаматызаваныя лініі, а таксама бяспекай выкарыстанага абсталявання, у тым ліку і экалагічнай.

Напрыканцы свайго візіту губернатар вобласці выказаў задаволенасць убачаным, а таксама спадзяванне, што першы вопыт дзейнасці такой вытворчасці будзе станоўчым для распаўсюджання яго на іншыя рэгіёны Брэстчыны. Напрыклад, ёсць намер узвесці аналагічныя заводы ў Івацэвіцкім і Кобрынскім лясгасах.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.