Понедельник, 13 июля 2020

Олег Евтухович. Узник неоконченной войны (Новые сведения о нашем земляке, который пропал без вести в Афганистане)

511

32 гады таму — 15 мая 1988 года — Савецкі Саюз пачаў выводзіць з Афганістана свой ваенны кантынгент. Роўна праз дзевяць месяцаў мяжу перасякло камандаванне 40-й арміяй. І бязлітасны вецер пустыні поўнасцю замёў сляды ад танкаў, бронетранспарцёраў і салдацкіх ботаў… “Вайна скончылася, у Афганістане не засталося ніводнага савецкага салдата”, — 15 лютага 1989 года адрапартаваў генерал Громаў. Але гэта была больш фармальнасць, чым ісціна: там, за ракой Амудар’я, застаўся цэлы батальён зніклых без звестак байцоў, для якіх вайна не скончылася.


Жывыя яны ці мёртвыя — павінны вярнуцца дадому, дзе іх працягваюць чакаць блізкія. Сярод тых, хто прапаў, і два ўраджэнцы Пружаншчыны: лейтэнант Алег Еўтуховіч і радавы Анатоль Талашкевіч. Імя апошняга ўвекавечана на памятнай дошцы ў скверы па вуліцы Тармасава, а Еўтуховіч, здаецца, быў проста забыты сваімі землякамі. Давайце аднаўляць справядлівасць.

Ва ўсерасійскай і беларускай кнігах памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама ў іншых аналагічных памятных выданнях пад прозвішчам Еўтуховіча дагэтуль ёсць толькі скупы запіс “нарадзіўся-вучыўся-ваяваў-прапаў”. Пры тым, што апошнім часам яго ўдалося істотна дапоўніць.


Што на сённяшні дзень вядома? Нарадзіўся Алег Аляксандравіч Еўтуховіч 15 кастрычніка 1958 года ў вёсцы Падкраічы Малецкага сельсавета, які на той момант уваходзіў у склад Пружанскага раёна. У першы клас Алег пайшоў у 1965 годзе ў г. Жмерынка Вінніцкай вобласці, куды бацьку перавялі служыць. З першага класа вывучаў англійскую мову, а ў 5-м перайшоў у школу з матэматычным ухілам.


У 1974 сям’я Еўтуховічаў пераязджае ў горад Ленкарань Азербайджанскай ССР, там Алег скончыў школу і адразу паступіў у Бакінскае вышэйшае агульнакаманднае вучылішча імя Вярхоўнага Савета Азербайджанскай ССР (з 1992 года — Азербайджанскае вышэйшае ваеннае вучылішча імя Гейдара Аліева), вучыўся па спецыяльнасці “Камандная тактычная мотастралковых войскаў”.
Летам 1979 года адбыўся апошні “мірны” 46-ы выпуск БВАВ (да гэтага часу на савецка-афганскай мяжы ўжо было праведзена ўзмацненне савецкіх войскаў).

Лейтэнант Еўтуховіч атрымаў размеркаванне ў Туркестанскую ваенную акругу, у горад Тэрмез Узбекскай ССР, праз некалькі месяцаў перавёўся ў Чырчык, у 351-ы гвардзейскі парашутна-дэсантны полк 105-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі.

Успамінаюць пра Алега Еўтуховіча яго камандзір
і аднакурснікі:
Уладзімір Анашкін: «З 1-га па 4-ы курс я камандаваў узводам, у якім вучыўся Алег. Да гэтага быў знаёмы з яго бацькам, з якім разам служылі ў адным батальёне ў Ахалкалаках (Грузія): Аляксандр Сяргеевіч Еўтуховіч быў начальнікам штаба батальёна, а я камандзірам мотастралковага ўзвода. Адно скажу: пачуццё абавязку ў яго сына Алега было выхавана з дзяцінства…»
Арыф Садых: «Алег быў простым хлопцам. З ім было лёгка служыць і вучыцца. Спагадны, прыязны. Любіў жартаваць… Я быў узрушаны, калі даведаўся пра тое, што ён прапаў без звестак. Адзін з першых з нашага ўзвода… З Алегам можна было смела ісці ў разведку».
Уладзімір Мітрошкін: «Памятаю яго спакойным, фізічна развітым хлопцам. Вясёлы, камунікатыўны, заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу людзям».


Менавіта на базе гэтага палка да снежня 1979 года была сфарміравана легендарная 56-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада (в/ч 44585), якая ў складзе 40-й арміі была ўведзена ў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан. Асноўны пункт дыслакацыі — г.Кундуз.

У ліку першых прыбыў у Афганістан і гвардыі лейтэнант Алег Еўтуховіч. Ён праслужыў у Афгане крыху больш за тры месяцы. 10 красавіка 1980 года камандзір узвода пайшоў на баявое заданне, з якога не вярнуўся…


Пазней была адноўлена прыкладная храналогія і ход тых падзей. Прыкладная, таму што сведкі даюць некалькі разрозненыя паказанні, нават у афіцыйных крыніцах ёсць супярэчнасці.

У той дзень, 10 красавіка, дэсантна-штурмавы батальён 56-й брыгады сумесна з 50-ю афганскімі вайскоўцамі вёў баявыя дзеянні ў раёне кішлака Саракі-Мамаі (правінцыя Тахар).

Каля 15.00 камандзір прымае рашэнне прачасаць кішлак Саракі-Мамаі і вызваліць яго ад бандытаў. Для гэтага была адабрана група з 18 савецкіх і 50 афганскіх вайскоўцаў пад камандаваннем лейтэнанта Глускера.

На подступах да кішлака група трапіла пад моцны абстрэл маджахедаў. Лейтэнант разгубіўся — сярод вайскоўцаў, як савецкіх, так і афганскіх, наступіла поўнае замяшанне, кожны вырашыў дзейнічаць самастойна.

Усе афганскія вайскоўцы і 11 савецкіх салдат каля 17.00 вярнуліся на зыходны рубеж. Сямёра ваеннаслужачых — лейтэнанты Глускер і Еўтуховіч, сяржанты Васільеў і Сенчанка, радавыя Сакалоў, Абдурахманаў і Рахімкулаў — не вярнуліся. Аб тым, што здарылася, далажылі кіраўніцтву аперацыяй, аднак ніякіх эфектыўных мер па пошуку зніклых у светлы час 10 красавіка прынята не было.

У гэты ж час байцы, што засталіся на пазіцыі, увайшлі ў кішлак і вялі там бой з маджахедамі. З надыходам цемры Глускер разам з Сенчанкам, Сакаловым і Абдурахманавым пачаў адыход з кішлака. Пры гэтым ён з-за адсутнасці сувязі не змог даць адпаведнай каманды на адыход лейтэнанту Еўтуховічу і двум яго байцам…

Пошукавая аперацыя пачалася толькі на досвітку 11 красавіка. У 8.00 ужо апусцелы кішлак Саракі-Мамаі быў агледжаны. У адной з пабудоў былі выяўлены сляды бою (стрэляныя гільзы, кроў). У ходзе апытання мясцовага насельніцтва было ўстаноўлена, што душманы захапілі лейтэнанта Еўтуховіча, сяржанта Васільева і радавога Рахімкулава ў палон і адвялі ў горы ў напрамку кішлака Калаі-Мамаі.

Да кішлака пошукавая група ў колькасці васьмі чалавек пад камандаваннем капітана В.І.Фралова вымушана была ісці пешшу: з аднаго боку — горы, з другога — глыбокая прорва, унізе — рака Кокча. 13 красавіка падышлі да пункта прызначэння і трапілі ў засаду.

Фралоў быў цяжка паранены. Група пачала адыход: у цемры толькі чатыры чалавекі выйшлі да сваіх. Фралова і яго сяржанта падабралі ў гарах мясцовыя жыхары і на конях даставілі да верталётаў. Двое салдат зніклі без звестак (пазней цела аднаго з іх было знойдзена ў рацэ).

У ходзе далейшых аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў было схоплена тры маджахеды (адзін па імені Субханкуль), якія на допыце пацвердзілі словы жыхароў Саракі-Мамаі. Больш за тое, паведамілі, што падчас бою 10 красавіка тры “шураві” былі акружаны і, калі ў іх скончыліся боепрыпасы (у кожнага было толькі па два магазіны патронаў, гранат не было зусім), пайшлі ў рукапашную… Былі звязаны і адведзены ў горы, двойчы спрабавалі бегчы…

Каб пошукі пачаліся тады своечасова, то, магчыма… Апусцім здагадкі, скажам толькі, што аператыўныя пошукі зніклых працягваліся каля месяца (пра гэта, дарэчы, сведчыць у сваім познім пісьме да бацькоў Васільева воін-інтэрнацыяналіст Мікалай Слесараў, які служыў ва ўзводзе Еўтуховіча і прымаў асабісты ўдзел у пошукавых мерапрыемствах; пісьмо было апублікавана ў 2005 г. у дакументальных нарысах журналіста Дзмітрыя Белябенцава «Героі бітваў мірнага часу»).

28 красавіка 1980 г. Ленкаранскі гарваенкамат атрымаў паведамленне, што камандзір узвода Алег Еўтуховіч прапаў без звестак 12 красавіка (заўв. аўтара — у афіцыйных спісах страт 56-й брыгады насупраць яго прозвішча, а таксама прозвішчаў Васільева і Рахімкулава стаіць дата “10 красавіка”) пры выкананні задання, з просьбай паведаміць аб тым, што здарылася, яго бацьку Аляксандру Сяргеевічу Еўтуховічу. Пазней адпаведныя паведамленні атрымалі сем’і Васільевых і Рахімкулавых.


Праз чатыры месяцы на імя маці Алега Лідзіі Уладзіміраўны прыйшоў ліст ад камандзіра часці Аляксандра Пятровіча Плахіх, дзе той у эмацыйнай форме паведамляе аб тым, што здарылася, і абяцае працягнуць пошукі: «Паважаная Лідзія Уладзіміраўна! Паверце, нам вельмі цяжка ўсведамляць, што мы страцілі аднаго з лепшых нашых таварышаў. За тыя паўгода, што мы яго ведалі, у памяці нашай ён застаўся валявым, ініцыятыўным, граматным афіцэрам, які ўмеў знайсці асаблівы падыход да падначаленых… Алег прапаў без звестак… Мы разумеем, што для Вас гэта незаменная страта… Увесь гэты час мы не спыняем пошукі, спадзяючыся на лепшае… Рэчы Вашага сына знаходзяцца ў г.Чырчык, пры першай жа магчымасці мы іх Вам вышлем. З павагай да Вас, камандзір Плахіх».

Сярод атрыманых бацькамі рэчаў былі і рэшткі камсамольскага білета Алега, знойдзеныя падчас пошукавай аперацыі на месцы бою ў кішлаку Саракі-Мамаі. Бацькі іх беражліва захоўвалі. І калі пераехалі ў Мінск, аддалі ў першы на постсавецкай прасторы музей баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў, які быў створаны на базе СШ
№ 119 Кастрычніцкага раёна сталіцы
.


27 кастрычніка 1990 года на тэрыторыі школы была закладзена «Алея памяці» загінуўшых воінаў. На ўрачыстасці прысутнічалі бацькі Еўтуховіча, у гонар якога была высаджана бяроза і ўсталявана імянная памятная пліта. Як паведаміў нам старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» Уладзімір Ільіч Шокаў, Лідзія Уладзіміраўна Еўтуховіч, якая перажыла і сына, і мужа, памерла некалькі гадоў таму.


З часам дадзеныя пра зніклага без вестак гвардыі лейтэнанта Еўтуховіча былі ўнесены ў «Кнігу памяці» Бакінскага вышэйшага агульнакаманднага вучылішча, прычым у ёй ёсць запіс аб узнагароджанні афіцэра ордэнам Чырвонай зоркі (калі менавіта ён быў узнагароджаны, пакуль высветліць не ўдалося, удакладнення “пасмяротна” ў кнізе няма). Самае цікавае, што ў беларускай «Кнізе памяці» пра ордэн няма ні слова.

Даведка «РБ»
Паўстанне ў Бадаберы апісана ў рамане беларускага пісьменніка Мікалая Чаргінца «Сыны», а таксама ў кнізе Андрэя Канстанцінава і Барыса Падапрыгары
«Калі хто мяне чуе. Легенда крэпасці Бадабер».
Падзеі ў Бадаберы ляглі ў аснову мастацкага фільма Ц. Бекмамбетава «Пешаварскі вальс» (1994г.) — аднаго з самых вострых і праўдзівых фільмаў пра тую страшную вайну, а таксама кінастужкі “Зорка салдата” (Францыя, 2006 г.).

Праходзіў час. Пра лёс нашага земляка і яго саслужыўцаў Васільева і Рахімкулава па-ранейшаму не было ніякіх новых звестак. Пакуль у канцы красавіка 1985 года свет не абляцела навіна, што ў пакістанскім лагеры Бадабер (паблізу Пешавара) нейкія савецкія ваеннапалонныя наладзілі паўстанне, патрабуючы сустрэчы з прадстаўнікамі савецкіх або афганскіх амбасадораў у Пакістане, і паабяцалі падарваць захоплены арсенал, калі іх патрабаванні не будуць выкананы. Патрабаванні былі адхіленыя…

Серыя бадаберскіх выбухаў была зафіксавана амерыканскім цэнтрам аэракасмічнай службы. На іх месцы ўтварылася гіганцкая варонка дыяметрам 80 метраў. Загадкавая падзея ў Пакістане стала абмяркоўвацца ў амерыканскіх СМІ.


Кіраўніцтва 40-й арміі ніяк не пракаментавала гэтыя дадзеныя. Напэўна, не хацелі прызнаваць недапрацоўку савецкай ваеннай разведкі, пад носам якой, каля самай мяжы з Афганістанам, існаваў лагер для палонных «шураві». Маўчаў і ўрад Пакістана, які пастараўся максімальна засакрэціць інфармацыю, каб пазбегнуць прамой канфрантацыі з Савецкім Саюзам. Пазней савецкае кіраўніцтва абмежавалася выказваннем афіцыйнага пратэсту.


У выніку выбуху ў лагеры, акрамя амаль усіх савецкіх ваеннапалонных (некалькім удалося выжыць, адзін, ураджэнец Узбекістана, вярнуўся дамоў у 1992 г.), загінулі дзясяткі былых ваеннаслужачых афганскай арміі і афіцэраў пакістанскіх рэгулярных войскаў, больш за сотню мяцежнікаў, некалькі замежных саветнікаў і нават прадстаўнікоў пакістанскіх уладаў.


Вязні Бадабера загінулі са зброяй у руках і не дапусцілі прымянення назапашанага арсенала супраць сваіх таварышаў па службе. Вядома, што пасля гэтага паўстання адзін з палявых камандзіраў маджахедаў выдаў загад, у адпаведнасці з якім «шураві» ў палон больш не бралі, знішчалі на месцы захопу.

Дакладна невядомы колькасць і прозвішчы палонных савецкіх вайскоўцаў, якія паднялі бунт і загінулі пры паўстанні ў Бадаберы. Але, дзякуючы пошукавай дзейнасці спецыялістаў Камітэта па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў пры Савеце кіраўнікоў урадаў краін СНД, дыпламатаў, разведчыкаў, атрымалася некалькі абагульніць супярэчлівыя дадзеныя аб савецкіх байцах, якія знаходзіліся ў лагеры. Паралельна быў праведзены аналіз спісу вайскоўцаў, якія зніклі без звестак у Афганістане. У выніку атрымалася даведацца прозвішчы некаторых ваеннапалонных. Спачатку шасці, дванаццаці…

На сёння вядомы імёны больш за дваццаць савецкіх салдат, якія прайшлі праз Бадабер, сярод іх — Валодзя Васільеў і Радзік Рахімкулаў. Так «Вікіпедыя» (праўда, тая яшчэ крыніца інфармацыі!) сцвярджае, што байцы Еўтуховіча пахаваны разам з іншымі савецкімі салдатамі і афіцэрамі ў безыменнай брацкай магіле пад Пешаварам. Але сказаць дакладна, што яны знаходзіліся сярод паўстанцаў, усё ж немагчыма.


Узрост, час і месца ўзяцця ў палон далі падставу некаторым даследчыкам, у прыватнасці, члену ўрадавай дэлегацыі па вызваленні ваеннапалонных у 1995-1998 гадах Віктару Пятровічу Аляскіну, меркаваць, што сярод бадаберскіх герояў быў і Алег Еўтуховіч. Тым больш, што ад выжыўшага ў паўстанні савецкага ваеннапалоннага стала вядома, што ў Бадабер звозілі вязняў з іншых лагераў: нібыта іх планавалі на пэўных умовах перадаць Міжнароднаму Чырвонаму Крыжу.


Але, паколькі адвольнае жангляванне імёнамі ў сферы зніклых без звестак недапушчальна, Камітэт па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў грыф «мяркуецца» да апошняга здымаць не збіраецца. І мае рацыю.


Няхай Рахімкулаў 10 лютага 2007 года ва Уфе быў нават ушанаваны як герой Бадабера медалём Расійскага саюза ветэранаў Афганістана (РСВА) «За заслугі» пасмяротна. Няхай медалём «Ад удзячнага афганскага народа» і Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна быў узнагароджаны і Уладзімір Васільеў. Няхай адразу згадваецца ордэн Чырвонай зоркі Алега Еўтуховіча: праз гады зніклых без звестак падобнымі ордэнамі проста так не ўзнагароджвалі…

З пісьма ў Камітэт
па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў маці лейтэнанта
Алега Еўтуховіча
Лідзіі Уладзіміраўны:
“Дарагія хлопцы, мілыя дзеці нашыя!
Дзякуй вам вялікі за навагодні падарунак, а галоўнае — за клопат і ўвагу, за тое, што вы не забываеце нас, няшчасных маці, якія не дачакаліся сваіх сыноў са страшнага пекла афганскай вайны. Шмат гадоў прайшло, як страціла я свайго сыночка, але боль страты ніколі не пакіне душу маю.
Дзякуй вам, што сэрцы вашы не счарсцвелі”.

Будзем чакаць. Камітэт па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў без малога ўжо трыццаць гадоў вядзе напружаную пошукавую працу. За гэтыя гады выключна за добраахвотныя ахвяраванні неабыякавых людзей Камітэтам праведзены дзясяткі экспедыцый у Афганістан. Пошукавікі апыталі сотні людзей, перакапалі тоны афганскай зямлі. Знойдзеныя астанкі былі дастаўлены дадому і апазнаны. У выніку спіс з 417 чалавек, якія раней лічыліся як зніклыя без звестак, скараціўся на трэць. Акрамя таго, 29 чалавек былі знойдзены жывымі, 22 з іх вярнуліся дадому.


Ветэраны Камітэта сцвярджаюць, што будуць шукаць усіх і да таго часу, пакуль гэты спіс існуе.

Сёння ў Цэнтральнай ваеннай лабараторыі судова-медыцынскай экспертызы Міністэрства абароны РФ створана адзіная база дадзеных генетычных матэрыялаў, у якой сабрана каля 220 проб крыві сваякоў зніклых без звестак. Ёсць надзея, што з часам спецыялісты змогуць ідэнтыфікаваць астанкі, скінутыя маджахедамі ў варонку ад бадаберскага выбуху і засыпаныя пешаварскай зямлёй.

Калі знойдуць усіх і пахаваюць на радзіме апошняга байца, толькі тады, таварыш генерал Громаў, і можна будзе казаць, што афганская вайна скончылася.
Алена Зялевіч.

Асаблівую падзяку за дапамогу ў зборы матэрыялаў аўтар выказвае:
старшыні Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» Уладзіміру Ільічу Шокаву,
кіраўніку музея баявой славы СШ № 119 г.Мінска, настаўніку гісторыі і грамадазнаўства Наталлі Міхайлаўне Смаглей,
гвардыі падпалкоўніку ў адстаўцы Аляксандру Андрэевічу Ільчанку, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане ў складзе 56-й брыгады, стварыў групу «Савет саюза выпускаў Бакінскага вышэйшага агульнакаманднага вучылішча» ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” і дапамог знайсці аднакурснікаў і таварышаў па службе Алега Еўтуховіча, а таксама завочна пазнаёміў з Дзмітрыем Белябенцавым, аўтарам кнігі «Героі бітваў мірнага часу», прысвечанай славутым ураджэнцам Чувашыі, у тым ліку Уладзіміру Васільеву.