Понедельник, 13 июля 2020

Молодые пружанки рассказали о работе и учебе онлайн

1 021

У сувязі з каранавіруснай інфекцыяй усё часцей даводзіцца чуць не толькі ўжо звыклыя для ўсіх словы: антысептык, меры асабістай гігіены, бяспечная дыстанцыя, але і яшчэ адно – “аддалёнка”. Сапраўды, вірус “перавёў” многіх супрацоўнікаў арганізацый, студэнтаў навучальных устаноў на працу і вучобу дома. Мы знайшлі тых, каго “аддалёнка” закранула непасрэдна.


Пандэмія ўнесла карэктывы ў працэс работы многіх арганізацый.
Пружанка Анастасія Пракопчык – спецыяліст адной з міжнародных тэлекамунікацыйных кампаній. У абавязкі дзяўчыны ўваходзіць узаемадзеянне з замежнымі партнёрамі. І Анастасія адзначае: «аддалёнка» ў гэтым плане – толькі «плюс». Менавіта праз інтэрнэт без праблем можна звязацца з чалавекам амаль у любой кропцы планеты. Зразумела, гэта немалаважна ў дадзены момант, калі межы закрыты. Але дыстанцыйная камунікацыя з партнёрамі абыходзіцца і больш танна, чым арганізацыя камандзіровак.
Увогуле супрацоўнікі кампаніі, паводле слоў Анастасіі, яшчэ да пандэміі маглі выбраць зручны спосаб работы: у офісе або аддалена. Па сямейных абставінах наша гераіня ў снежні мінулага года перайшла на другі варыянт. Цяпер, ва ўмовах распаўсюджання каранавіруса, лічыць яго самым аптымальным:
— Калі б я працавала ў офісе, які знаходзіцца ў Мінску, штодзень па дарозе на работу сутыкалася б з дзясяткамі людзей. Многія проста грэбуюць элементарнымі правіламі гігіены і адмаўляюцца ад масак, таму рызыка захварэць была б куды вышэйшая. Да таго ж, аддалены спосаб работы дазваляе захаваць працоўнае месца ў такі няпросты перыяд, — кажа Анастасія.
На дадзены момант усе супрацоўнікі кампаніі перабраліся з офісных кабінетаў да ўласных камп’ютараў ці ноўтбукаў і працуюць у рэжыме анлайн. Такім чынам засцерагаюць адзін аднаго ад вірусных інфекцый. Анастасія расказвае, што нават рабочыя «пяцімінуткі» праходзяць з дапамогай відэасувязі. Яшчэ дзеліцца, што сярод калег ужо нават гуляе жарт пра тое, што пандэмія скончыцца, а ў офіс, мабыць, ужо ніхто не вернецца – настолькі ўсе прызвычаіліся да працы з дома.


А якія пачуцці ў сувязі з “аддалёнкай” ў студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, будучага юрыста Ганны Клімовіч? Дарэчы, вучэбная дарога студэнткі магла скласціся зусім па-іншаму, спецыяльнасць “Правазнаўства” не была марай выпускніцы СШ №5, тым не менш, паспрабаваць сябе у гэтай сферы хацелася.
Цяпер ужо трэцякурсніца факультэта права расказвае, што ў анлайн-рэжым навучальны працэс у яе ВНУ быў пераведзены яшчэ ў красавіку. І зараз студэнты знаходзяцца на кіруемай самастойнай працы. Ганна тлумачыць, што некаторыя лекцыі і семінары праводзіліся аддалена яшчэ да абвастрэння эпідэміялагічнай сітуацыі і пераходу на анлайн-навучанне.
На дадзены момант вучоба, па словах дзяўчыны, выглядае так: на электронны адрас, замацаваны за групай, выкладчыкі скідваюць тэарэтычныя і практычныя матэрыялы для самастойнага вывучэння. У той жа час устанаўліваецца дэдлайн – апошні тэрмін, калі трэба вярнуць заданні на праверку. Некаторыя з выкладчыкаў выкарыстоўваюць сэрвіс Google Classroom, што значна спрашчае і працу студэнтаў.
— Дык ці ёсць плюсы ў навучанні ў рэжыме анлайн? – пытаюся ў Ганны.
— Шэраг плюсаў, безумоўна, ёсць, і я вылучыла іх для сябе. Па-першае, можна больш паспаць, таму што не трэба падхоплівацца раніцай і збірацца на заняткі. Па-другое, калі ты дома, а не сутыкаешся тварам у твар з выкладчыкам, то хвалюешся менш. Трэцяе – пэўная свабода: я сама фармірую свой расклад і вырашаю, калі зрабіць тое ці іншае заданне. Зразумела, не выходзячы за межы дэдлайна.
Але, лічу, ёсць і мінусы. Свабода расслабляе, і часам складана настроіць сябе на прадуктыўную працу, асабліва калі побач з табой мабільны тэлефон. Таксама калі навучанне вялося ва ўніверсітэце, мы ўдакладнялі ў выкладчыкаў незразумелыя моманты. Цяпер такая магчымасць ёсць не заўсёды, таму і ўзнікаюць пэўныя цяжкасці.
Ганна расказвае, што ўжо паспела засумаваць па сябрах, ды і ўвогуле па атмасферы ўніверсітэта. Калі навучанне вернецца ў звыклы рэжым – пакуль невядома. Пад пытаннем пакуль і форма здачы сесіі. Але студэнтка ўпэўнена: усё можна пераадолець. Галоўнае – захаваць здароўе.


Яшчэ падчас вучобы ў гімназіі г. Пружаны Ганна Ярашук вырашыла, што хоча атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. Краінай навучання выбрала Польшчу. Таму пасля атрымання атэстата паступіла ва ўніверсітэт Марыі Кюры-Складоўскай, што ў Любліне. З вялікай колькасці факультэтаў выбрала эканамічны, спецыяльнасць “Кіраванне і менеджмент”, а больш вузкі накірунак – кіраванне прадпрыемствам. Сёлета ўжо трэці год як Ганна вучыцца ў Польшчы і неўзабаве атрымае запаветны дыплом (у гэтай краіне навучанне ў бакалаўрыяце працягваецца менавіта тры гады). Але вось з дыстанцыйным навучаннем сутыкнулася ўпершыню.
Сістэма навучання ў Польшчы крыху адрозніваецца ад беларускай. У вышэйшыя навучальныя ўстановы палякі паступаюць прыкладна ў 20 гадоў, таму на Ганну, якая прыйшла на першы курс у 17, глядзелі з вялікім здзіўленнем. Аднак гэта не спыніла дзяўчыну. Спачатку, прызнаецца, ведання мовы хапала толькі на тое, каб спытаць час і маршрут, а вось зараз пры вымаўленні польскіх слоў у яе нават не адчуваецца акцэнту.
Што тычыцца заняткаў ва ўніверсітэце, то расклад пабудаваны такім чынам, каб прой-дзены лекцыйны матэрыял адразу ж быў замацаваны на практычных занятках. Але самі заняткі раскіданы на працягу дня, таму даволі часта ўзнікаюць «форткі». Таксама адбываецца і пры дыстанцыйным навучанні. Якім чынам яно пабудавана?
Паводле слоў студэнткі, універсітэты былі гатовыя перайсці на “аддалёнку”. У кожнага з іх створана ўласная платформа, на якой і праводзяцца заняткі. Але выкладчыкі могуць зрабіць так, як зручней ім: хтосьці проста скідвае студэнтам увесь неабходны матэрыял, а ёсць і тыя, каму прасцей прачытаць лекцыю ў рэжыме анлайн. Нягле-дзячы на гэта, на выканне заданняў адводзіцца пэўны час: студэнтам строга вызначаецца, калі яны павінны здаць работу.
Што да практычных заняткаў, то яны праходзяць з выкарыстаннем месенджараў, дзе могуць падтрымліваць зносіны некалькі студэнтаў адначасова.
Не за гарамі ў Ганны абарона дыплома, і нават яе ўніверсітэт гатовы прымаць у дыстанцыйным рэжыме праз праграму відэасувязі.
Безумоўна, дзяўчыну радуе, што яе навучальная ўстанова знайшла магчымасць працягваць навучальны працэс і што нават знаходзячыся па-за межамі Польшчы, яна асвойвае будучую прафесію. Але ж…
— Заняткі дома вельмі прыгнятаюць, ды і на выкананне заданняў даводзіцца траціць намнога больш часу, чым гэта было раней. Таксама сумую па аднагрупніках і сябрах. Многіх вельмі не хапае. Але здароўе – гэта не менш важна, таму варта берагчы сябе, – дзеліцца Ганна.
Так, «аддалёнка» ці «дыстанцыйка» – гэта тое, што ў некаторай ступені дапамагае спыніць вірус. Аднак усе тры нашы гераіні ўпэўнены: важным фактарам застаецца і чалавечая адказнасць. Адказнасць за ўласнае здароўе і за здароўе тых, хто побач. Таму ўсім чытачам газеты зычаць аптымізму, спакою, разважлівасці, стойкасці, мудрасці і, канечне ж, надзеі на лепшае – на перамогу над вірусам і на далейшую спакойную і шчаслівую будучыню.
Цікавіўся меркаваннямі Уладзіслаў Шпарла.