Суббота, 30 мая 2020

24 мая вступают в силу новые Правила пожарной безопасности. Напоминаем важные изменения

398

24 мая ўступаюць у сілу новыя Правілы пажарнай бяспекі для жылых дамоў, будынкаў і збудаванняў, якія размешчаны на прыдамавой тэрыторыі, дач, хлявоў і іншых аб’ектаў на зямельным участку для вядзення калектыўнага садоўніцтва. У новых нормах, што прыйшлі на змену дзеючым з 2014 года, як адзначае намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.С.Пісьман, мноства новаўвядзенняў, якія датычацца непасрэдна грамадзян.


— Некаторыя пункты з’яўляюцца афіцыйным замацаваннем Правілаў супрацьпажарнай бяспекі, якія нашы работнікі даводзілі да насельніцтва падчас прафілактычных гутарак,— тлумачыць Андрэй Сяргеевіч.— Але зараз іх ігнараванне лічыцца правапарушэннем, а значыць, дазваляе прыцягваць да адказнасці. Напрыклад, зараз афіцыйна прапісана, што не дапускаецца пакідаць без нагляду запаленыя свечкі, курыць у ложку або іншым месцы для сну, выкідваць запаленыя цыгарэты і запалкі з аконных праёмаў, з балконаў або лоджый шматкватэрных жылых дамоў, у смеццеправод, кантэйнеры для смецця, бакі, урны на прыдамавой тэрыторыі. Попел і вуглі з цеплагенерыруючых апаратаў, ацяпляльных прыбораў або печак павінны быць залітыя вадой да іх поўнага згасання.
— У нашым раёне частымі прычынамі пажараў становяцца выпальванне сухой травы, непадкантрольныя кастры і нават гульні з запалкамі дзяцей, якія пакінуты без нагляду. Ці агаворваюцца такія сітуацыі ў новых Правілах?
— У патрабаваннях да ўтрымання прыдамавой тэрыторыі і зямельных участкаў для вядзення садоўніцтва або дачнага будаўніцтва ўключаны пункт аб недапушчэнні выпальвання сухой расліннасці на корані. Таксама забараняецца праводзіць работы з выкарыстаннем адкрытага полымя ў шматкватэрных жылых дамах. Не дазваляецца ўладкаванне кастроў, выкарыстанне спецыяльных прыстасаванняў (мангалаў) для прыгатавання ежы ў будынках, збудаваннях, памяшканнях, на балконах і ў лоджыях, на тэрасах, даху, калі іх размяшчэнне не прадугледжана праектнай дакументацыяй.
Акрамя таго, для жыхароў шматпавярховак уведзена забарона на карыстанне ліфтам падчас пажару. А аматарам розных феерверкаў і іншых піратэхнічных гульняў трэба ведаць, што запуск «кітайскіх ліхтарыкаў» ці іншых вырабаў, прынцып пад’ёму якіх на вышыню заснаваны на награванні паветра ўсярэдзіне канструкцый з дапамогай агню, таксама забаронены. Увогуле бяспечнымі для выкарыстання ў будынках, збудаваннях і памяшканнях прызнана толькі тая піратэхніка, якая адпавядае I класу бяспекі па тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза.
— Падчас рэйдаў па ўчастках гаражнай забудовы ў розных населеных пунктах Пружаншчыны выяўлены шэраг парушэнняў пажарнай бяспекі. Але ўсюды выдаваліся рэкамендацыі на іх ухіленне. Ці змогуць пасля 24 мая работнікі РАНС выставіць больш строгія патрабаванні?
— Сапраўды, патрабаванні да пажарнай бяспекі ў гаражах зараз мяняюцца. Цяпер забаронена запраўляць транспартныя сродкі аўтамабільным бензінам, дызельным палівам, газай, гаручымі вадкасцямі, а таксама зараджаць акумулятарныя батарэі непасрэдна на аўтамабілі, за выключэннем тых машын, на якіх прадугледжаная магчымасць зарадкі акумулятарнай батарэі без здымання. Акрамя таго, у гаражах забаронена ўсталяванне і эксплуатацыя нецеплаёмістых печак або так званых «буржуек».
— Чытачы «раёнкі» неаднаразова звярталі ўвагу на некаторыя недарэчнасці былых Правілаў пажарнай бяспекі, напрыклад, некаторыя іх нормы выканаць складана. У прыватнасці, знайсці месца для спальвання расліннага смецця на невялікім участку, дзе шмат пабудоў. Варыянт «вывозіць» могуць рэалізаваць не ўсе.
— Сапраўды, гэта было ўлічана пры складанні новых Правілаў, і знайсці месца для кастра або мангала на сваім участку цяпер прасцей. Зараз вызначана, што працэс гарэння і тлення павінен ажыццяўляцца такім чынам, каб полымя і іскры не траплялі на элементы будынкаў і збудаванняў. Пры гэтым адлегласць да аб’ектаў нерухомасці ад спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы павінна складаць не менш за 2 метры (раней 4 метры), а ад месцаў уладкавання кастроў — не менш за 8 метраў (раней 10 метраў).
— Андрэй Сяргеевіч, ці з’яўляюцца Правілы асноўным дакументам, які прадугледжвае пакаранне за іх невыкананне?
— Гэты дакумент — норма, якая ахоўвае жыццё і здароўе грамадзян, а таксама іх маёмасць. І яе трэба прытрымлівацца ўсім. А вось невыкананне гэтых патрабаванняў — адміністрацыйнае правапарушэнне, а яшчэ падстава абвінаваціць домаўладальніка ў нядбайнасці, што напрамую ўплывае на прызнанне (або непрызнанне) пажару і яго наступстваў страхавым выпадкам.
Нагадаю, што за парушэнне Правілаў пажарнай бяспекі Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу да 30 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да двухсот базавых велічынь. Калі нормы парушыў спецыяліст, які павінен сачыць за супрацьпажарнай бяспекай, у выніку такой безадказнасці ўзнік пажар, то ён можа быць аштрафаваны да пяцідзесяці базавых велічынь.
Яшчэ дадам, што ў выпадку паўторнага на працягу года парушэння, што прывяло да вогненнай трагедыі, а таксама ў выпадку прычынення цялеснага пашкоджання, матэрыяльнага ўрону або смерці чалавека, законам прадугледжана крымінальная адказнасць па арт.304 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Гутарыў Алег Сідарэнка.