Воскресенье, 20 сентября 2020

Секрет красоты во дворе прост — не ленитесь! Журналисты посетили еще один уютный уголок

1 146

Чысціня і прыгажосць на падворку і прылеглай тэрыторыі заўсёды былі ў прыярытэце ў ружанскай сям’і Жыеўскіх.


У сваёй хаце па вуліцы Набярэжнай гаспадары жывуць ужо каля трыццаці гадоў.


— Так прыгожа стала не ў адзін момант, — паказвае тэрыторыю сядзібы гаспадар. — Зразумела, давялося пачакаць. Каб дрэвы і кустоўе выраслі, каб знайшоўся час скласці альтанку… У першую чаргу, усё патрабуе не грошай, як некаторыя лічаць, а догляду, пастаяннай працы.


Каб пераканаць у сваёй думцы, Мікалай Ксавер’евіч дэманструе садовую мэблю, мангал, альтанку — усё зроблена сваімі рукамі. Да таго, як брацца за справу, нічога падобнага не майстраваў і не будаваў: запэўнівае, што галоўнае — наяўнасць жадання.


— Сёння, здаецца, увогуле не павінна быць складанасцей, дзе запазычыць неабходныя веды, — працягвае гаворку мужчына. — Інтэрнэт дае вялізныя магчымасці для вывучэння азоў разнастайных рамёстваў. Я, напрыклад, асвоіў кавальства.


Каваныя крэсла-качалкі і мангалы, зробленыя сваімі рукамі, цяпер дадаюць утульнасці падворку не толькі Жыеўскіх, але і іх знаёмых, якія папрасілі такія ж сабе ў падарунак.


Прымяненне мужчына знайшоў і каменю: з гэтага натуральнага матэрыялу ён самастойна склаў і тую ж альтанку, камін — у лазні, басейн — на двары.


— Нічога звышнатуральнага: сабраў каменне, раскалоў спецыяльным прыстасаваннем, выклаў — усё. Галоўную функцыю выконвае лак: гэта ён надае такі прывабны знешні выгляд, — сціпла прымяншае свае здольнасці гаспадар.


Брабанты, смарагды, данікі… На двары расце амаль дзясятак відаў хваёвых дрэў і кустоў. Вечназялёныя, яны радуюць вока і зімой, і летам. А вось вясной за ўпрыгожванне падворка бярэцца гаспадыня.


— Петуніі і сульфініі толькі-толькі набіраюцца сіл, — гаворыць Святлана. — Крыху пазней, калі падвясныя кашпо і вазончыкі з кветкамі, кусты руж пачнуць цвісці, становіцца яшчэ прыгажэй.

Добрую справу Мікалай Жыеўскі зрабіў, калі ўзяўся за навядзенне парадку на тэрыторыі, якая прылягае да яго сядзібы ззаду. Непрывабны, безгаспадарны пустыр, які праглядаўся з ажыўленай трасы, расквітнеў літаральна на вачах. А старое складское памяшканне побач, што доўгі час не выкарыстоўвалася, знайшло новага гаспадара, які пераабсталяваў яго пад гараж для ўласнай сельгастэхнікі: мужчына займаецца аказаннем паслуг насельніцтву ў галіне раслінаводства.
— Сакрэт прыгожага падворка просты — не ленавацца.

Нагадваем, што вы таксама можаце стаць героямі нашых публікацый па тэме : http://www.budni.by/?p=39155

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).