Воскресенье, 20 сентября 2020

Так можно ли выгуливать собак возле мини-ТЭЦ?

441

Да дзяжурнага карэспандэнта патэлефанавала жыхарка горада Таццяна з просьбай дапамагчы вырашыць канфліктную сітуацыю з выгулам хатніх жывёл на ўчастку каля міні-ЦЭЦ.


— Працяглы час там стаіць шыльда «Месца для выгулу жывёл», і ўладальнікі сабак выходзяць сюды кожны ранак са сваімі чатырохлапымі гадаванцамі. Але нядаўна побач з’явілася яшчэ адна шыльда: «Выгул жывёл на прылеглай да ЦЭЦ тэрыторыі строга забаронены». І вартаўнік нас павыганяў, пагражаючы выклікаць міліцыю…


Як патлумачыў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.В.Бушук, месцы для выгулу хатніх жывёл вызначаны рашэннем мясцовага выканаўчага органа, зыходзячы з дзеючага нацыянальнага заканадаўства. І «забарона», што з’явілася на пляцоўцы каля ЦЭЦ — гэта проста прыватная ініцыятыва.


Варта дадаць, што ў дзеючых сёння «Правілах добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў» вызначана, што арганізацыі «на прылеглых тэрыторыях адказваюць за парадак і своечасовую ўборку». Але ніякіх правоў на абмежаванне праходу або выгулу жывёл гэтымі «Правіламі» не даецца, падобныя забароны можна ўводзіць толькі на сваёй (абгароджанай) тэрыторыі.


У той жа час рэдакцыі зразумела пазіцыя работнікаў ЦЭЦ, якія вымушаны прыбіраць «прадукты сабачай жыццядзейнасці» на прылеглай тэрыторыі: далёка не ўсе гаспадары сабак выходзяць на прагулку з пакецікамі. Магчыма, падобных непаразуменняў было б менш, калі б пляцоўка для выгулу сабак была абсталявана належным чынам, мела кантэйнеры для ўтылізацыі «сабачых радасцей», а ўладальнікі жывёл ведалі, што панясуць рэальную адказнасць за парушэнне правілаў іх утрымання.