Вторник, 20 октября 2020

Работник детского сада №3 Юрий Евтухович издал шесть пособий по физкультуре для дошкольников. Написаны еще два!

726

16 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Юрый Уладзіміравіч Еўтуховіч у гэтай сферы працуе 37 гадоў, апошнія трыццаць з якіх — у ДУА “Яслі-сад №3 г.Пружаны”.

За такі значны перыяд працы выкладчык быў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі і раённага аддзела па адукацыі, і аблвыканкама, і нават Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. А сёлета яго прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару.


Спачатку Юрый Уладзіміравіч вучыў дзетак плаваць, пасля стаў кіраўніком па фізічным выхаванні, а сёння ён не проста займаецца з дашкольнікамі, а яшчэ і выдае кнігі, дзе дзеліцца ўласным вопытам у гэтай справе.


Выхавацелі фізкультуры ўстаноў дашкольнай адукацыі краіны карыстаюцца шасцю дапаможнікамі, якія склаў Юрый Еўтуховіч.
— Ніколі не думаў, што стану “пісьменнікам”, — смяецца Юрый Уладзіміравіч. – Некалькі гадоў таму я і двух радкоў не змог бы зрыфмаваць, а зараз – пішу, не магу спыніцца.


Пачалося ўсё з вялікага агульнага сшытка, куды настаўнік запісваў свае думкі і назіранні.
— Уявіце, штогод я даваў дзецям адны і тыя ж заданні, яны выконвалі практыкаванні пад адны і тыя ж вершыкі. І так на працягу ўсяго майго працоўнага стажу. Я звяртаўся да літаратуры ў пошуках нечага новага, але… усё хутка надакучвала. Асабліва не хапала сцэнарыяў спартакіяд, святаў, мерапрыемстваў. Магчыма, мае напрацоўкі так бы і засталіся ў сшытку, каб не тагачасны метадыст Вольга Усік, якая ў 2013 годзе і прапанавала напісаць кнігу.


Першы літаратурны вопыт кіраўніка па фізічным выхаванні быў прысвечаны самым маленькім выхаванцам – дзеткам ясельных груп. Кніга выйшла ўжо ў 2014 годзе. У тым жа годзе выйшла яшчэ два дапаможнікі — для заняткаў са старэйшымі дзеткамі.


— Я ехаў на веласіпедзе і “пісаў кнігу”, хаваўся ад калег у дальні куток садка і “пісаў кнігу”, а ў нейкі момант нават узяў двухтыднёвы адпачынак і поўнасцю прысвяціў яго рабоце над выданнем. Так мяне захапіла гэтая справа!


Перад выданнем сёмай кнігі вялікія змены адбыліся ў выдавецтве “Белы вецер”, кніга пакуль так і засталася “ў стале”. Тым не менш, Юрый Уладзіміравіч ужо назбіраў матэрыялу і на восьмы дапаможнік. Ён верыць, што рана ці позна і яны ўбачаць свет.


Аднойчы на курсах павышэння кваліфікацыі калегі з розных гарадоў са здзіўленнем даведаліся, што разам з імі вучыцца аўтар шматлікіх дапаможнікаў, якімі ўсе яны з задавальненнем карыстаюцца! Іх эмацыйныя водгукі ўпэўнілі Юрыя Уладзіміравіча, што ён ідзе ў правільным накірунку.


— За час сваёй работы я прыдумаў ці перайначыў на свой лад каля 170 рухомых гульняў для дзяцей дашкольнага ўзросту. Гульня – гэта і ёсць асноўны від заняткаў з маленькімі дзеткамі. Чым цікавей гэты працэс, тым больш ад яго карысці. А мне вельмі прыемна, што мае напрацоўкі аказаліся запатрабаванымі і не пыляцца на паліцах. Таму ў бліжэйшы час спыняць сваю пісьменніцкую дзейнасць я не планую.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).