Среда, 23 сентября 2020

Как научить детей трудиться?

644

Некаторыя разважанні наконт аховы працы падлеткаў.

У нашай краіне гэтаму пытанню надаецца сур’ёзная ўвага, аб чым сведчыць шэраг нарматыўных актаў, пачынаючы ад Кодэкса аб працы і заканчваючы Дырэктывамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Асобна нацыянальнае заканадаўства агаворвае працу непаўналетніх.

Даведка «Рб»:
У Беларусі ўвогуле забаронена прыцягваць да работ падлеткаў ва ўзросце да 14 гадоў, у перыяд з 14-ці да 16-ці — дазваляецца з пэўнымі абмежаваннямі (напрыклад, працоўны дагавор заключаецца толькі пасля ўзгаднення з бацькамі непаўналетняга). І толькі з 16 гадоў грамадзяніну нашай краіны даюцца правы для самастойнага працоўнага вызначэння. Аднак і тут прадугледжана абмежаванне працоўнага часу для падлеткаў:
— з 14 да 16 гадоў — не больш за 23 гадзіны на тыдзень з працягласцю штодзённай работы (змены) 4 гадзіны 36 мінут;
— з 16 да 18 гадоў — не больш за 35 гадзін на тыдзень з дзённым заняткам на працягу 7 гадзін.

Трэба сказаць, што падобныя меры дзейнічаюць не ва ўсіх краінах, дакладней кажучы, апошніх — адзінкі. З аднаго боку, падобны падыход да абароны правоў непаўналетніх выводзіць вопыт нашай дзяржавы на перадавы ўзровень. Але ці дае гэта якую-небудзь карысць? Напрыклад, для хатніх кветак, якія не любяць сонечнага святла, можна выбраць заценены куток або ўвогуле перанесці ў пакой без вокнаў. Дзе ім будзе лепш? Пытанне рытарычнае, толькі здаецца, што адносна падрастаючага пакалення мы выбралі менавіта другі варыянт. І гэтаму ёсць пацвярджэнне.

Летась «Эканамічная газета» апублікавала вынікі даследчай работы цэнтра РАБОТА.TUT.BY сярод 105 буйных наймальнікаў і амаль 800 падлеткаў, якія шукалі магчымасць працаўладкавання. І былі атрыманы вынікі, якія прымушаюць задумацца.

Работнікаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў гатовы ўзяць да сябе 6 з 10 кампаній, але ў рэальнасці працаўладкаванне практыкуюць толькі 3 з 10 наймальнікаў. З гэтай трэці кампаній, у якіх ёсць вопыт супрацоўніцтва з падлеткамі, 58% наймалі іх на праектную, сезонную і часовую работы. Кожная другая кампанія брала на стажыроўку і практыку саіскальнікаў ад 14 да 18 гадоў. Частковую занятасць прапаноўвалі ў 4 з 10 выпадкаў, пастаянную — толькі ў кожным шостым выпадку.


Задавалася пытанне кіраўнікам арганізацый адносна таго, чаму падлеткі не задавальняюць наймальнікаў. Асноўныя прычыны, па якіх кампаніі не гатовы браць на работу супрацоўнікаў ад 14 да 18 гадоў, гэта адсутнасць падыходзячых вакансій (50%), складанасці пры афармленні і юрыдычныя рызыкі (41%), нізкі ўзровень адказнасці ў падлеткаў (41%). Да таго ж, у дзяцей зусім няма або не хапае ведаў і вопыту, што спыняе 32% наймальнікаў, лічаць, што за імі патрэбны пастаянны кантроль (27%), узнікаюць складанасці пры сумяшчэнні работы і вучобы (23%), прыкметная псіхалагічная і фізічная негатоўнасць да выканання заданняў (23%), вялікая цякучка кадраў (14%), нізкая працаздольнасць і выніковасць (9%).


Што «маецца на выхадзе»? Падчас летніх канікулаў пераважная большасць падлеткаў, якая жадае бавіць вольны час з матэрыяльнай карысцю, вымушана самастойна вырашаць пытанне сваёй занятасці ў гэты перыяд. Зразумела, што робіцца гэта неафіцыйна, не афішыруючы перад кантралюючымі органамі. Адпаведна, у такім выпадку клопат аб правах непаўналетніх прыводзіць да таго, што яны свядома ідуць на рызыку і ўвогуле не маюць якіх-небудзь сацыяльных гарантый.


Хутка зноў пачнуцца летнія канікулы, калі адной з найбольш папулярных аб’яў у форумах розных інтэрнэт-пляцовак стане «Падлетак шукае часовую падпрацоўку». Бацькі пачнуць тэлефанаваць у розныя арганізацыі з просьбай узяць сына або дачку на часовую работу. А ў праваахоўнікаў у гэты перыяд узнікае сапраўдны галаўны боль, бо незаняты падлетак — гэта патэнцыяльная пагроза росту правапарушэнняў. Бясспрэчна, немагчыма назваць такую сітуацыю станоўчай, але ж ці можна яе выправіць?

Сваімі думкамі на зададзеную тэму дзеляцца работнікі розных сфер дзейнасці, зыходзячы з уласнага жыццёвага вопыту.

В.С.Лук’янчук, Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна і Ганаровы будаўнік Рэспублікі Беларусь:


— Свой першы рубель я зарабіў у няпоўныя 14 гадоў. Тады ў выхаванні дзяцей існаваў падыход сапраўднага стымулявання: атрымаеш ласунак, абноўку ці нешта іншае толькі пасля таго, як заробіш на гэта права. Ад бацькоў — калі пастаянна дапамагаеш у хатніх справах. А самастойна сябе заахвоціць можна было толькі праз уласнае працаўладкаванне. Вось я і вырашыў дапамагаць у зборы малака ад насельніцтва. Падлетку тады плацілі каля рубля за дзённую змену, значна менш, чым даросламу, але для дзіцяці і такія грошы здаваліся вялікімі.


На маю думку, гэта дысцыплінавала юнакоў, прывучала шанаваць людзей працы і адпаведна ставіцца да заробленых «сваімі мазалямі» грошай. Той вопыт мне спатрэбіўся і падчас вучобы ў ВНУ, і ў студэнцкіх атрадах, і ў далейшым дарослым жыцці.


Што мы маем зараз? Нельга сказаць, што падрастаючае пакаленне ўвогуле пазбаўлена нейкага імкнення сацыялізавацца ў грамадстве, знайсці годнае месца, дасягнуць нейкіх вяршынь. У ПМК-21 зараз праходзіць практыку пяць юнакоў ва ўзросце ад 16 гадоў, і лічу, што ў будучым яны маюць усе шанцы стаць добрымі спецыялістамі. Вось толькі ў прыватных гутарках вызначаюцца некаторыя кур’ёзы.

Напрыклад, адзін зараз вучыцца на мэбельшчыка, але плануе жыць і працаваць у Пружанах. Калі спытаў у яго, на якой мэблевай вытворчасці ў нашым райцэнтры ён бачыць сваё працоўнае месца, паведаміў: вырашала мама, яна сказала туды паступаць…

Сучасныя падлеткі слаба ўяўляюць або ўвогуле не ведаюць асаблівасці той ці іншай прафесіі. Ці выправіць сітуацыю тэарэтычны вопыт? Ні ў якім разе, толькі практыка дасць магчымасць ацаніць свае здольнасці і жаданні. Напрыклад, сын ці дачка маглі б разам з маці ці бацькам правесці ўрок у школе, папрацаваць каля станка або ў палаце медустановы. Толькі ж наша заканадаўства гэтага не дазваляе. Вось і атрымліваецца, што мне, як кіраўніку арганізацыі, для таго, каб на месяц узяць моладзь, трэба папярэдне цэлы месяц змагацца з юрыдычнай казуістыкай. А потым на працягу ўсяго перыяду часовай занятасці сачыць за юнымі работнікамі: даваць для выканання толькі вызначаныя віды работ, своечасова адпускаць іх з працы, хаця змена працягваецца і іншыя работнікі працуюць, і гэтак далей. А ў нас будаўнічая арганізацыя, дзе немагчыма прытрымлівацца прынцыпу «капаць адсюль і да абеду», бо кожны спецыяліст, каб наладзіць зладжаную працу ўсяго калектыву, павінен асвоіць азы іншых прафесій. Уносіць карэктывы ў працоўны графік надвор’е. Таму не дзіўна, што наймальнікі неахвотна прымаюць на работу прадстаўнікоў настолькі сацыяльна абароненай катэгорыі.

Даведка «РБ»:
Згодна з працоўным заканадаўствам савецкага часу, на працу можна было браць падлеткаў з 15 гадоў, пры гэтым ім дазвалялася працаваць скарочаны дзень, калі на тое было іх жаданне. Больш ніякіх абмежаванняў адносна асаблівых умоў працы, санітарнага стану працоўнага месца. Забаранялася выконваць толькі падземныя або шкодныя для здароўя віды работ. У дадатак у мэтах аблягчэння працаўладкавання падлеткаў на ўсіх прадпрыемствах і ў арганізацыях устанаўлівалася адпаведная бронь.

І.А.Казарэз, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:


— Сёння нашы вучні маюць разнастайныя магчымасці атрымаць працоўныя навыкі для забеспячэння будучага камфортнага дарослага жыцця як на ўроках працоўнага навучання, так і ў пазаўрочны час. Праводзіцца прафесійная арыентацыя падрастаючага пакалення і ў час летняй практыкі вучняў 5-8 класаў, і на занятках грамадска-карыснай працай, якія з’яўляюцца часткай вучэбных планаў у 3-11 класах, і ў час часовай занятасці падлеткаў ва ўзросце ад 14 гадоў і старэйшых. Зараз устаноўлены строгія рамкі прыцягнення непаўналетніх да працоўнай дзейнасці, якая забараняе заключаць адпаведныя дагаворы з дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў. Трэба сказаць, што цяпер, аналізуючы апошнія тэндэнцыі развіцця сістэмы адукацыі, усё больш актуальным становіцца намер актыўна прывучаць школьнікаў да працы, даваць ім першасныя навыкі працоўнай дзейнасці. Напрыклад, мяняюцца падыходы да працоўнага навучання, радуе, што вярнулася прафесійная падрыхтоўка для вучняў 10-11 базавых класаў. На базе сваіх устаноў адукацыі і пры супрацоўніцтве з аграрна-тэхнічным каледжам даюцца навыкі прафарыентацыі праз навучанне рабочым прафесіям. Гэта рабочы зялёнага будаўніцтва, сталяр-цясляр, швачка, памочнік выхавальніка, слесар па рамонце сельгасабсталявання і кладаўшчык. Лічу такі падыход вельмі карысным, бо ён дае дзецям хаця б на старэйшай ступені адукацыі займець першасную практыку, што дапаможа ў далейшым прафесійным выбары.

Разам з тым, ёсць пэўныя складанасці з арганізацыяй летняга працаўладкавання непаўналетніх на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна менавіта з-за дзеючых абмежаванняў. Аднак у якасці прыкладу прывяду статыстыку мінулага года. Ёсць станоўчыя прыклады супрацоўніцтва з ААТ «Жураўлінае», «Шані-аграпрадукт», «Ружаны-Агра» і эксперыментальнай базай «Белавусаўшчына» ў плане стварэння школьных студатрадаў. Прызнаюся, што пераадолець давялося нямала праблем, і думаю, што вынікамі задаволены многія, у тым ліку і самі дзеці.


Зараз за кошт сродкаў Фонду садзейнічання занятасці арганізуюцца ўласныя лагеры працы і адпачынку на базе школ раёна. Мы прыцягваем падлеткаў да рамонту абсталявання, добраўпарадкавання тэрыторыі або навядзення парадку ў памяшканнях. Адзначу, што дзеці робяць толькі тое, што дазваляецца заканадаўствам. Трэба сказаць, што і такім відам працоўнага выхавання ахоплены далёка не ўсе жадаючыя, бо ёсць і медыцынскія абмежаванні, з-за якіх адмову ў падобным працаўладкаванні падчас канікулаў атрымлівае кожны другі падлетак.


Безумоўна, сёлета таксама будзем зноў арганізоўваць летнюю працоўную занятасць у тым аб’ёме, што можам у законных рамках. Але ж планы, магчыма, давядзецца карэкціраваць з-за цяперашняй сітуацыі, бо ўжо ў маі неабходна пачынаць медыцынскае тэсціраванне школьнікаў, якія хацелі б папрацаваць у летніх лагерах.

І.А.Мартынюк, бізнесмен з амаль 40-гадовым стажам:


— Ці змагла б сучасная моладзь паўтарыць той шлях, што давялося прайсці прадпрымальнікам (як тады нас называлі, кааператарам першай хвалі)? Мне цяжкавата адказаць на гэта пытанне, але скажу, што ў цяперашняй бізнес-суполцы вельмі мала маладых людзей. Так, зараз зусім іншае канкурэнтнае асяроддзе, неабходна літаральна заваёўваць сваю нішу дзейнасці. Ускладнілася і адпаведнае заканадаўства, хаця і пэўная падтрымка дэкларуецца.


Але ж тады мы ўвогуле не мелі практыкі прыватнага бізнесу, дзейнічалі чыста інтуітыўна, рызыкавалі на кожным кроку, не ведаючы, які заўтра чакае вынік. Пра тых, хто абанкруціўся, адразу забываліся. Нас гэта не стрымлівала, бо мелі зусім іншае выхаванне, не баяліся працы і ведалі каштоўнасць кожнага заробленага рубля.

Сапраўды, зараз створаны выдатныя школы розных — сярэдняга спецыяльнага і вышэйшага — узроўняў, даецца магчымасць вывучыць вопыт многіх папярэднікаў. Але такога чыста тэарэтычнага падмурка недастаткова, неабходна мець уласны стрыжань — мэтанакіраванасць, жаданне росту і нават упартасць у дасягненні пастаўленых мэт. Для чаго моладзі трэба «вылезці» з гаджэтаў, ставіць сабе іншыя задачы — і вырашаць іх. Не думаю, што гэта складана, бо ведаю прыклады тых юнакоў, каму ўдалося здзейсніць падобнае.


І гэтыя імкненні падлеткі сёння павінны выхоўваць у сабе самастойна, без актыўнай падтрымкі з боку дарослых. Хочацца спадзявацца, што ў будучым у нас усё-такі будзе годная моладзь, якая возьме на сябе клопат аб папярэднім пакаленні.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.