Среда, 3 июня 2020

Помним. Гордимся. В Пружанском районе почтили память героев Победы и поздравили ветеранов

782

Свята са слязьмі на вачах
Гэтыя словы ніколі не былі пустой метафарай. Я памятаю з дзяцінства, як плакалі ўдзельнікі святочнага парада, гледзячы на яшчэ бравых ветэранаў. Тады іх было шмат. Вельмі шмат. Я памятаю з юнацтва, як плакалі ветэраны, абдымаючы адзін аднаго і разумеючы, што хтосьці з сяброў больш не пройдзе ў страі…

Сёлета, напэўна, плакала сама гісторыя: 75-годдзе Вялікай Перамогі адбылося ў цішыні. Ветэранаў засталося вельмі мала, але і яны па пэўных прычынах не змаглі прыняць удзел у памятнай акцыі “Памятаем. Ганарымся”, якая прайшла адначасова каля ўсiх памятных месцаў раёна.


На вайсковых могiлках каля брацкай магілы сабраліся прадстаўнікі ўлады, ваеннага камісарыята і грамадскіх арганізацый, супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і проста неабыякавыя людзі. Яны аддалі даніну памяці ўсім, хто цаной свайго жыцця выканаў святы абавязак, вызваляючы пружанскую зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Як зазначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, чым далей адыходзіць ад нас 1945 год, тым выразней бачыцца ўся праўда вайны і тая вялікая цана, якую аддалі за мір савецкія салдаты.
— Чатыры гады нягод. Вайна закранула амаль кожную беларускую сям‘ю. Кожны трэці беларус загінуў. На тэрыторыі Пружанскага раёна было спалена 58 вёсак, шэсць з іх так і не аднавіліся. Цяпер наш агульны абавязак — акружыць асаблівай увагай кожнага ветэрана і ўдзельніка вайны. Яны для нас, асабліва для моладзі, — лепшы прыклад для пераймання, яркі ўзор патрыятызму, мужнасці і цвёрдасці духу, – падкрэсліў Юрый Юр’евіч і шчыра падзякаваў усім прысутным за пашану і памяць.

Памяць людзей, апошнім прытулкам для якіх стала брацкая магіла, удзельнікі акцыі ўшанавалі мінутай маўчання, усклалі вянкі і кветкі.

Увогуле 9 Мая ніводзін мемарыял вайсковай славы не застаўся па-за ўвагай: каля ўсiх помнiкаў i памятных знакаў на тэрыторыi Пружанскага раёна сабраліся людзі, каб ушанаваць 75-годдзе Вялiкай Перамогi з ускладаннем вянкоў і кветак ад працоўных калектываў.
А ў Спаса-Праабражэнскай царкве, кіруючыся традыцыяй, праваслаўныя вернікі шчыра маліліся за спачын загінулых салдат, якія выконвалі свой свяшчэнны абавязак перад Айчынай і народам.

Так здарылася, што сёлета ў памятны дзень заканчэння бязмежнага праліцця чалавечай крыві ля помнікаў і абеліскаў амаль што не было ветэранаў. Але ўсіх іх віншавалі дома: прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, моладзь. Упэўнена, што амаль у кожнай сям’і ўшанавалі старэйшых родзічаў, пагарталі старыя фотаальбомы, узгадалі імёны тых, хто загінуў. Хтосьці, напэўна, увечары паглядзеў кінастужку “У бой ідуць адны “старыя” ці “Ляцяць жураўлі”…


На жаль, уласна для мяне адкрыццём пераможнага юбілею сталі не толькі памяць і ўдзячнасць, але і яснае ўсведамленне таго, што вайна ніколі і не сыходзіла з нашага жыцця. Перапісваць гісторыю нельга, як і выкрэсліваць з пераможнага спісу імёны герояў і цэлыя народы. Упэўнена, што ні адзін з тых людзей, хто чуў сапраўдныя аповеды відавочцаў вайны, ніколі не захоча ўбачыць яе паўтарэнне.

У рамках святкавання 75-годдзя Перамогі праводзіліся індывідуальныя віншаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх на сённяшні дзень у раёне налічваецца 32 чалавекі. Падобныя віншавальныя акцыі з уручэннем ветэранам падарун

каў адбыліся ва ўсіх сельсаветах Пружаншчыны і, зразумела, у самім райцэнтры.
На здымках: віншаванні ад старшыні раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўца, намесніка старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіча, прадстаўнікоў райваенкамата і грамадскіх арганізацый, а таксама музычныя падарункі атрымаў Іван Міхайлавіч Алякумаў.
Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.