Среда, 2 декабря 2020

Воспоминания одного из организаторов и руководителей подполья и партизанского движения Мирона Криштафовича. Публикуются впервые

490

Сёння мы друкуем успаміны аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Брэсцкай вобласці Мірона Крыштафовіча, напісаныя ім у 1973-м годзе па просьбе тагачаснага другога сакратара Пружанскага райкама партыі Васіля Іванавіча Борыса.

Маленькі, але рарытэтны школьны сшытак, спісаны прыгожым каліграфічным почыркам, перадаў у рэдакцыю былы старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Мікалай Якаўлевіч Дулько. У свой час ён удзельнічаў у стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Пружанскі раён”.

«Паважаны Васіль Іванавіч!
Дасылаю Вам свае кароткія ўспаміны. Вельмі добра, што Пружанскі райкам партыі пачаў займацца вывучэннем дзейнасці раённай антыфашысцкай арганізацыі.


Антыфашысцкі рух на Пружаншчыне пачаў развівацца пасля прыбыцця летам 1941 года з-за лініі фронту ў Ружанскі раён Іосіфа Паўлавіча Урбановіча і Івана Іосіфавіча Жышко, якіх я добра ведаў па падпольнай рабоце ў КПЗБ «за польскім часам». Мы сустрэліся з імі ў вёсцы Бярэзніца і дамовіліся аб разгортванні антыфашысцкай дзейнасці. Пачалі са стварэння ў кожным раёне падпольных антыфашысцкіх камітэтаў з 3-5 чалавек для каардынацыі работы. У Пружанскі камітэт акрамя мяне ўвайшлі Аляксандр Астапчук, Аляксей Саханевіч, Нестар Сцепанюк і Аляксандр Дзенісевіч. У Ружанскім сакратаром быў абраны Іосіф Урбановіч, у Бярозаўскім — Лявон Здановіч, у Косаўскім — Мікалай Трында, у Шарашоўскім — Іван Лабуда, у Поразаўскім — Вікенцій Янушка, у Камянецкім — Мікалай Несцярук. Усе гэтыя людзі мелі вялікі вопыт вядзення падпольнай канспіратыўнай работы.


Заўважу, у той час у Гута-Міхалінскім і іншых лясах хаваліся разрозненыя групы воінаў Чырвонай арміі, якія трапілі ў акружэнне. Спачатку менавіта сярод іх мы пачалі праводзіць адпаведную тлумачальную работу, а потым сталі наладжваць сувязі з мясцовымі жыхарамі. Звычайна выходзілі да іх падчас сенакосу і палявых работ. І ў хуткім часе сталі атрымліваць ад сялян важную інфармацыю.

У другой палове жніўня 1941 года ў Ружанскай пушчы была склікана нарада кіраўнікоў грамадзянскіх і ваенных груп, на якой я выступіў з дакладам аб задачах, пастаўленых перад намі вышэйшым кіраўніцтвам краіны. На нарадзе было прынята рашэнне аб неабходнасці падпарадкавання ўсіх груп антыфашыстаў адзінаму камандаванню на чале са старшым лейтэнантам Аляксандрам Журбой. Былі пастаўлены задачы збіраць зброю і боепрыпасы, а таксама ўсяляк прадухіляць выпадкі марадзёрства сярод мясцовага насельніцтва.


Акрамя таго, камітэты вялі работу па выкрыцці гітлераўскай прапаганды аб “маланкавай” вайне, а таксама па актывізацыі мабілізацыі насельніцтва.


У верасні 1941 года пачаліся баявыя выступленні партызан. У прыватнасці, група Шарашоўскага раёна разграміла карны атрад фашыстаў, які ехаў знішчаць в.Залессе. Партызанамі была падбіта і спалена легкавая аўтамашына, у якой знаходзілася тры нямецкія афіцэры. Таксама было знішчана тры грузавыя машыны з карнікамі. Шмат гітлераўцаў, паліцаяў і іншых здраднікаў Радзімы было забіта паасобку.

Калі раённыя антыфашысцкія арганізацыі разрасліся, па нашай з Урбановічам, Афанасьевым і Жышкі ініцыятыве 12 мая 1942 года быў створаны абласны антыфашысцкі камітэт. На першым жа яго пасяджэнні было вырашана здабыць друкарню, каб друкаваць агіткі для насельніцтва і партызан. Антыфашысцкая маладзёжная арганізацыя в.Заполле Ружанскага раёна на чале з Яўгенам Гардзеем выявіла ў лесе раскіданыя друкарскія дэталі з шрыфтам на рускай мове, як мяркуецца, згубленыя адступаючымі войскамі Чырвонай арміі. Такім чынам, было сабрана больш за пяць кілаграмаў дэталяў, што дазволіла прыступіць да выдання лістовак.

Трэба ў цэлым адзначыць, што антыфашысцкія арганізацыі Заполля і Бярэзніцы (кіраўнік — Аляксей Дурэйка) праявілі найбольшую актыўнасць у зборы зброі: кулямётаў, аўтаматаў, вінтовак, пісталетаў, снарадаў і іншых боепрыпасаў. Уначы яны ездзілі за дзясяткі кіламетраў у лясы і балоты, каб збіраць кінутую зброю. Пасля гэтыя групы далучыліся да партызанскага атраду імя Кірава брыгады Панамарэнкі, склалі 4-ю роту і адважна ваявалі пад камандаваннем Мікалая Макарэвіча.


Пазней камітэтам было набыта пяць пішучых машынак, тры з якіх — на рускай, астатнія на польскай і на нямецкай мовах.


Першапачаткова члены камітэта друкавалі патрэбную інфармацыю самастойна. Потым запрасілі машыністак з навакольных вёсак: на рускай мове друкавалі Антаніна Лапіна (Сінькова), Любоў Сялюк-Дурэйка і Ніна Жышко-Лапіна. Польскія апавяшчэнні набірала Рута Радкевіч, жонка Станіслава Радкевіча (будучага міністра Дзяржбяспекі ПНР), а нямецкія друкаваў узяты ў палон нямецкі афіцэр па імені Якуб. Машыністы рэгулярна забяспечваліся паперай, капіравальнай стужкай і іншымі прыладамі, дзякуючы чаму наш камітэт выпускаў тысячы зводак і лістовак. А ў канцы 1943 года двойчы ў тыдзень стала выходзіць газета “За Радзіму”.

Акруговыя антыфашысцкія камітэты карысталіся велізарным аўтарытэтам у мясцовага насельніцтва. У прыватнасці, пра гэта сведчыць той факт, што ўсю зіму 1942-43 гг. друкарня размяшчалася ў в.Байкі, у Лявона і Максіма Бараноў у спецыяльна выкапанай на падворку зямлянцы. Адсюль усе выданні распаўсюджваліся ў амаль усе населеныя пункты і партызанскія групы вобласці. Пазней друкарня працавала ў в.Заполле ў лазні Мікалая Гардзея і ў зямлянцы ў бліжэйшым лесе, а таксама ў в. Апялянавічы ў грамадзяніна Аўдзейчыка (у доме, на гарышчы). Акрамя таго, у нашым распараджэнні быў яшчэ радыёпрыёмнік, які абслугоўваў інжынер з падпольным імем Мацвей.

Жыхары в.Козі Брод і партызаны атрада імя Кірава. Лета 1944 г.
Фота з фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

Паступова партызанскія групы ўзбуйняліся за кошт мясцовага насельніцтва і чырвонаармейцаў, якія ўцяклі з палону, і аб’ядноўваліся ў атрады. Так з‘явіліся атрады імя Дзімітрава, Ста-ліна, Варашылава, Шчорса. Яны падпарадкоўваліся абласному антыфашысцкаму камітэту. Імі было здзейснена мноства дыверсійных дзеянняў. У прыватнасці, атрад імя Сталіна ў канцы мая 1942 г. разграміў тры нямецкія гарнізоны — у Рудніках, Магілёўцах і вёсцы Войтаў Мост.


У чэрвені таго ж года мы атрымалі звесткі аб падрыхтоўцы фашыстамі аблавы на атрад імя Сталіна ў Ружанскай пушчы. Партызаны зрабілі засаду на шашы Пружаны-Ружаны. Пры сутыкненні з ворагам партызанамі было падпалена сем машын, забіта каля паўсотні немцаў. Пазней быў разгромлены гарнізон у Косава.

У чэрвені 1943 г. у Брэсцкую вобласць прыбылі некаторыя таварышы, члены абкама КПБ, якія сталі заяўляць, што нібыта да іх ніякіх актыўных антыфашысцкіх дзеянняў у вобласці не вялося, паколькі наш камітэт працаваў без сувязі з Вялікай зямлёй. Гэта пры тым, што нашы арганізацыі былі ва ўсіх 126 населеных пунктах Ружанскага і ў 87 з 108 населеных пунктах Пружанскага раёнаў. Акрамя таго, нашы камітэты здолелі стварыць антыфашысцкія арганізацыі ў бліжэйшых Слонімскім, Зельвенскім, Ваўкавыскім, Гайнаўскім і Свіслацкім раёнах. Пазней яны перайшлі ў ведамства Баранавіцкага і Беластоцкага падпольных абкамаў КПБ.


Пасля прыбыцця ў вобласць абкама КПБ, антыфашысцкі камітэт вырашыў згарнуць сваю дзейнасць. Як толькі пра гэта стала вядома цэнтральнаму камітэту КПБ, таварыш Панамарэнка адправіў радыёграму кіраўніку абкама Сікорскаму, а таксама Урбановічу аб неадкладным аднаўленні дзейнасці антыфашысцкага камітэта ў яго ранейшым складзе.


Але ў абласным антыфашысцкім камітэце да таго часу засталіся толькі Іосіф Урбановіч (падпольнае імя Максім) і я, Мірон Крыштафовіч (Кузьма). Неабходна было тэрмінова папаўняць састаў. Акрамя таго, немцамі былі забіты практычна ўсе члены Пружанскага раённага антыфашысцкага камітэта, за выключэннем Аляксея Саханевіча. Да яго далучыліся Дзмітрый Пацяруха і Данііл Шурын. У Ружанскі камітэт у гэты час уваходзілі Васіль Руды, Васіль Пракапеня і Ціхан Капля, у Косаўскі — Уладзімір Трында, Віктар Радзюк і Уладзімір Паляшчук, у Бярозаўскі — Міхаіл Завадзіч, Сцяпан Барушка і Цімафей Чэпка, у Шарашоўскі — Іван Лабуда, Васіль Хоміч і Мікалай Гурын, у Камянецкі — Мікалай Несцярук, Павел Мурашка і Фёдар Гурын, у Поразаўскі — Вікенцій Янушка і Андрэй Саўко.

На працягу ўсёй вайны абласны антыфашысцкі камітэт, камандаванне партызанскай брыгады імя Панамарэнкі і яе атрадаў былі ў курсе ўсіх планаў нямецкіх акупантаў, паколькі нашы антыфашысты праз сувязных аператыўна збіралі разведдадзеныя аб колькасці і ўзбраенні нямецкіх гарнізонаў, пра месцы засад, а таксама выступалі ў якасці праваднікоў партызанскіх дыверсійных груп. Акрамя таго, антыфашысты праводзілі ў вёсках сходы, на якіх распаўсюджвалі лістоўкі Савецкага інфармбюро і іншую важную інфармацыю.


Вялікую работу камітэты праводзілі па выратаванні насельніцтва ад знішчэння і вывазу ў Германію: хавалі людзей у лесе, у прыватнасці, пад абаронай адной толькі брыгады Панамарэнкі знаходзілася каля пяці тысяч грамадзянскага насельніцтва.


У 1944 годзе, у перыяд наступлення Чырвонай Арміі, нашы антыфашысты аказвалі вялікую дапамогу воінам, выступаючы ў ролі разведчыкаў і правадыроў, і тым самым унеслі вялікі ўклад у агульную справу разгрому акупантаў.


Пасля вызвалення Брэсцкай вобласці члены раённых антыфашысцкіх камітэтаў былі накіраваны на адказныя пасады ў райцэнтры альбо прызначаны старшынямі сельскіх Саветаў, каб працягнуць сваю барацьбу ўжо на мірным «фронце». Большасць удзельнікаў антыфашысцкага руху ўлілася ў рады Чырвонай арміі і рушыла вызваляць Еўропу ад фашысцкіх захопнікаў.
Мірон Крыштафовіч, г.Брэст, 12 лютага 1973 года»
Даведка «Рб»
Мірон Емяльянавіч Крыштафовіч (1899-10.05.1985 г.) нарадзіўся ў в.Піняны на Пружаншчыне.
За сваю рэвалюцыйную дзейнасць у 1925-29 гг. польскімі ўладамі быў зняволены ў турму. З 1929 – сакратар райкама КПЗБ. У 1931-35 гадах слухач Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве. У 1935-38 гг. сакратар розных акруговых камітэтаў.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў у райспажыўсаюзе, потым старшынёй Красненскага сельсавета. У Вялікую Айчынную вайну з 1941 г. – у партызанах. Сакратар Пружанскага, пазней намеснік сакратара Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта, а з лістапада 1943 года — адначасова камісар партызанскай брыгады імя Панамарэнкі.
З ліпеня 1944 г. старшыня Пружанскага райвыканкама, у 1947-1961 гадах — старшыня і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Член ЦК КПБ. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Ганаровы грамадзянін г.Брэста.