Воскресенье, 27 сентября 2020

В Заречье продолжаются работы по созданию мемориального сквера

607

Старажытная прымаўка сцвярджае: “Колькі ні паўтарай слова “халва”, у роце салодка не стане”. Колькі ні разважай прыгожа аб неабходнасці захавання гістарычнай памяці, самі па сабе не знойдуцца архіўныя матэрыялы, не ўзнікнуць музейныя экспазіцыі, не пабудуюцца мемарыяльныя комплексы.


Ураджэнцы вёскі Зарэчча Георгій Швед, Аляксандр Субота і Міхаіл Куц таксама лічаць, што каштоўныя не словы, а справы. У гонар сваіх аднавяскоўцаў яны вырашылі зрабіць у “неперспектыўнай” вёсачцы мемарыяльны сквер.


Дарэчы, ідэя належала Георгію Яраслававічу, які ў свой час захаваў фотаархіў партрэтаў мясцовых ветэранаў, займаўся рэстаўрацыяй старых здымкаў. Спачатку нават меркаваў размясціць фота ў каплічцы на зарэчанскіх могілках. Але настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы ў Шарашэве айцец Мікалай з прапановай не зга-дзіўся: маўляў, побач з абліччамі святых не варта змяшчаць выявы нават самых годных людзей. І тады аказалася, што Міхаіл Куц гатовы прафінансаваць праект…


У верасні 2018 года адбылося ўрачыстае адкрыццё “Алеі памяці”. Нібы ў страі ў дзве шарэнгі ля паклоннага крыжа размясціліся партрэты вяскоўцаў, якія загінулі ці прапалі без звестак на франтах Вялікай Айчыннай.
—28 зарэчанскіх мужчын не вярнуліся з вайны. Пра іх захацелася ўзгадаць у першую чаргу. Але яшчэ тры дзясяткі былых воінаў уздымалі разбураную гаспадарку, шчыра працавалі ў пасляваенныя гады. Памяць пра іх таксама нельга не ўвекавечыць, — расказвае Георгій Яраслававіч. — Зразумела, зрабіць усё ўмомант аказалася немагчыма. Але адразу пасля адкрыцця “Алеі памяці” ўзяліся за працяг нашага праекта. Ужо ў мінулым годзе быў завершаны стылізаваны помнік-званіца, пабудавана каплічка.

Калі мы першага мая заехалі ў Зарэчча, тут поўным ходам адзначалася свята працы: рыхтаваліся бетонныя пастаменты пад устаноўку новых партрэтаў.
—Да 9 Мая хацелася б гэтую частку работ завяршыць, — адказалі на наша пытанне рабочыя, што залівалі раствор у апалубку. – Але ж не варта загадваць: бетон схапіцца павінен. Ды і партрэты не ўсе гатовы. Працы яшчэ шмат.


Сапраўды, мы налічылі толькі 25 мармуровых шыльдачак з партрэтамі ветэранаў, акуратна расстаўленых унутры каплічкі. Над імі, уздымаючыся над сонцам, спяваў жаўрук на стылізаваным падсвечніку. Нібы ўзносіў малітву ў высокае неба. Нібы апяваў ратныя і працоўныя подзвігі зарэчанцаў.


—Зараз шукаем мастака, хочам намаляваць выяву Архангела Міхаіла, — кажа Г.Я. Швед. – Мяркуем, што да ліпеня работы працягнуцца. А там, калі ўсё добра будзе, можна і свята вёскі наладзіць, асвяціць капліцу падчас яго. Чаму, пытаецеся, у гонар менавіта гэтага святога? Ды асноўны фундатар усіх работ Міхаіл Міхайлавіч Куц. Так што гэта правільна будзе. Хаця вяскоўцы таксама сваю лепту ўнеслі: выраб шыльдачак фінансавалі родныя ветэранаў. Ды і добраўпарадкаваннем сквера нямала займаліся. Шмат дапамагалі А.У.Кабрынец, А.С.Тарасюк, Л.І. Кабрынец.

Сам брэсцкі прадпрымальнік, які вырашыў укласці грошы ў захаванне памяці, лічыць, што праект будзе незавершаным, калі не ўвекавечыць на асобнай стэле імёны ўсіх жыхароў Зарэчча, якія тут нарадзіліся, жылі, працавалі. Каб памяталі нашчадкі, адкуль іх карані. Але гэта – пакуль у перспектыве.
Ірына Сядова. Фота аўтара.