Воскресенье, 27 сентября 2020

Медик из Забайкалья много лет назад встретила белорусскую любовь, а теперь лечит жителей Ровбицка

571

— Я заўсёды імкнуся ставіцца да сваіх пацыентаў з вялікім цяплом, як да родных, паколькі спадзяюся, што там, за дзесяць тысяч кіламетраў ад мяне, хто-небудзь у гэтую ж самую гадзіну гэтак жа клапоціцца пра маю старэнькую маму.
Загадчыца Роўбіцкага ФАПа Ала Анатольеўна Жукоўская, вядома, некалькі ўтрыруе сітуацыю: там, у Забайкаллі, дзе яна нарадзілася, засталася вялікая дынастыя ўрачоў: цёткі, дзядзька, стрыечныя сёстры і браты, ды і сама маці мела прамое дачыненне да медыцыны. Таму нядзіўна, што і Ала Анатольеўна вырашыла сваё жыццё звязаць з медыцынскай сферай.


Атрымала спецыяльнасць фельчара-акушэра, пэўны час працавала на розных ФАПах у Забайкальскім краі, потым была запрошана на працу ў радзільны дом Камсамольска-на-Амуры, дзе загадчыцай аднаго з аддзяленняў была родная цётка.

— На працягу дзесяці гадоў я была прамой сведкай штодзённага, але вельмі вялікага цуду, калі на свет з’яўляліся дзеткі, — успамінае гэты час роўбіцкі фельчар.

Менавіта там, на ўсходзе Расіі, шмат гадоў таму жанчына сустрэла сваё “беларускае” каханне: жыхар Роўбіцка Генадзь Жукоўскі, між іншым, цяперашні стараста вёскі, прыехаў па камсамольскай пуцёўцы на “будоўлю стагоддзя” – завод “Амурсталь”.

— Пазнаёміліся, закахаліся, ажаніліся. Там, у Забайкаллі, нарадзіліся нашы дзеткі Алеся і Андрэй. Што цікава, беларускае імя для дачкі выбралі абодва. Як кажуць, муж пачуў покліч крыві, і я яму не пярэчыла. А калі надышоў час Генадзю вяртацца на радзіму, са спакойным сумленнем паехала ўслед за ім у Беларусь і я. І ніколі пра гэты свой крок не пашкадавала. Дзеці мае ўжо сапраўдныя беларусы: уважлівыя, стрыманыя і працавітыя! — зазначае Ала Анатольеўна.
Праўда, яны не паўтарылі прафесійны выбар маці: Алеся атрымала спецыяльнасць інжынера-будаўніка, а Андрэй працуе трэнерам па каратэ ў Брэсцкім спартыўным клубе “Усход”.

— А я вось ужо 20 гадоў дапамагаю вясковым жыхарам клапаціцца пра іх здароўе, — кажа жанчына.


Сёння ў “зоне ўплыву” роўбіцкага фельчара шэсць вёсак (самая аддаленая з іх Хвойнік – за 18 км), 1100 чалавек, з іх больш за 200 – дзеці.


— Працуем як усе ФАПы, у штатным рэжыме: і прышчэпкі робім, і забор крыві, састарэлых і адзінокіх абслугоўваем на даму. Шмат дапамагае мне санітарка Наталля Іванаўна Казарэз. Дзякуй ёй за парадак і чысціню на ФАПе. Дзякуй нашым людзям: з кожным мы знайшлі агульную мову…


Вядома, бывае так цяжка, што хочацца крычаць: “Прыпыніце Зямлю – я сыду” . Але ўзгадаеш, што ты медык, клятву Гіпакрата давала – і працуеш далей.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.