Четверг, 4 июня 2020

У войны не женское лицо… Записали воспоминания Марии Бобрук из деревни Шубичи

404

Крывавы след Вялікай Айчынай вайны захаваўся на многія дзесяцігоддзі пасля яе заканчэння. Пра гэта сведчаць і апошнія лічбы чалавечых ахвяраў, якія нядаўна былі агучаны на пасяджэнні Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі. Насельніцтва СССР на працягу 1941-1945 гадоў зменшылася на 52,8 мільёна чалавек. У тым ліку страты ў выніку фактараў вайны склалі каля 19 мільёнаў ваеннаслужачых і каля 23 мільёнаў — грамадзянскага насельніцтва.
У Беларусі ў выніку вайны загінуў кожны трэці яе жыхар. Напэўна, няма і на Пружаншчыне сям‘і, якую страшныя падзеі не кранулі сваім чорным крылом.


Марыя Аляксандраўна Бабрук нарадзілася ў вёсцы Шубічы. У шматдзетнай сям’і Аляксандра Пятровіча і Аляксандры Васільеўны Трафімчукоў выхоўвалася тры дзяўчынкі і два хлопчыкі. Марыя была другой па ліку: з’явілася на свет пасля брата Івана.
Жыццё было не з лёгкіх. На ўласнай зямлі даводзілася працаваць з раніцы да позняга вечара. Сям’ю Трафімчукоў у Шубічах лічылі «сераднякамі». Па ўспамінах Марыі Аляксандраўны, трымалі ў гаспадарцы кароў і коней, мелі кавалак уласнага лесу.
Жыццё сям’і кардынальным чынам змянілася ў 1939 годзе, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі ў адну дзяржаву. А ў чэрвені 1941 года…


Гэта была звычайная сонечная летняя раніца. Пастух выгнаў на пашу вясковы статак, як звычайна спявалі пеўні. І раптам з захаду пачуўся нейкі гул. Ён нарастаў. Спачатку вяскоўцы думалі, што гэта набліжаецца навальніца, але на небе не было ніводнай хмаркі. Дагэтуль выбухі даносіліся і з боку Пружан. Гэта нямецкая авіяцыя бамбіла аэрадром «Купліно». Так пачалася вайна.


Немцы ў вёсцы з’явіліся літаральна на другі дзень і пачалі ўсталёўваць свой парадак.

Жыхарам Шубіч неабходна было прыстасоўвацца і выжываць пры новым парадку. У Германіі не хапала рабочай сілы — і пачалася адпраўка туды маладых хлопцаў і дзяўчат з акупіраваных тэрыторый. У 1943 годзе на прымусовыя работы ў Германію была вывезена і Марыя Аляксандраўна.


— З Шубіч у той дзень у Германію паехала дзве дзяўчыны і тры хлопцы, — успамінае жанчына. — Па дарозе адзін хлопец здолеў збегчы, але яго злавілі. Са мною разам быў вывезены на чужыну і будучы муж Мікалай Бабрук.


Марыя дапамагала нямецкім баўэрам па гаспадарцы: даглядала кароў і свіней, палола агарод. Гаспадары лаяльна адносіліся да дзяўчыны і нават мелі намер адпусціць яе ў адпачынак на радзіму. Мікалай працаваў у іншага гаспадара, дзе былі больш жорсткія ўмовы. Але, нягледзячы на гэта і нават на адлегласць, якая іх раздзяляла, маладыя людзі знаходзілі магчымасць сустракацца.


Вызваленне прыйшло ў лютым 1945 года. Калі з’явіліся савецкія танкі, гаспадары паклалі свае пажыткі на фурманкі і з’ехалі на захад. А Марыя з сяброўкамі трапіла на працу ў ваенны шпіталь у Познані.
— Яшчэ цэлы год даглядала параненых. Горад-крэпасць Познань вызвалялі савецкія танкавыя арміі, так што ў асноўным гэта былі танкісты, якія абгарэлі, — кажа жанчына.


Дзень Перамогі Марыя Аляксандраўна таксама сустрэла ў шпіталі. Гэта была сапраўдная радасць для ўсіх. Шпіталь не спаў цэлую ноч.
У Шубічы Марыя Аляксандраўна вярнулася толькі ў 1946 годзе. Памятае, як ехала цягніком да Аранчыц у цесным вагоне з невялікім багажом. У Пружанах каля Белых лавак сустрэла сваю аднавяскоўку з канём і ўжо разам дабіраліся ў Шубічы.


У гэтым жа годзе Марыя выйшла замуж за Мікалая і пераехала ў яго хату. Праз год у маладой сям’і з’явілася дачка Лідзія, а потым сыны — Лявонцій і Міхаіл.


Марыя Аляксандраўна і Мікалай Сяргеевіч увесь час працавалі ў калгасе «Ленінскі шлях» паляводамі, а таксама даглядалі коней і цялят. Мікалай Сяргеевіч, будучы ўжо на пенсіі, збіраў лішкі малака ў вяскоўцаў, працуючы малаказборшчыкам. У 2007 годзе яго не стала. А нядаўна пайшоў з жыцця і сын Лявонцій.


Тым не менш, Марыя Аляксандраўна адзінокай сябе не адчувае: дапамагаюць адчуць сябе патрэбнай чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў, два прапраўнукі. Не забываюць бабулю Марыю і работнікі сельвыканкама, грамадскіх арганізацый.


На жаль, час бярэ сваё. Марыі Аляксандраўне ўжо цяжка жыць адной. Мінулую зіму яна правяла ў Рудніках у сына Міхаіла, а цяпер з Санкт-Пецярбурга прыехала дапамагаць маці дачка Лідзія. Але і цяпер, нягледзячы на свой салідны ўзрост, Марыя Аляксандраўна любіць працаваць на агародзе.


Шмат прайшло часу, калі адгрымелі залпы Вялікай Айчыннай вайны. Але ветэранам да гэтага часу сняцца трывожныя сны. І як добра, што мы цяпер жывём пад мірным небам. Няхай такое гора, як вайна, больш не прыйдзе да нас ніколі.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.