Пятница, 5 июня 2020

В Вощиничах не просто отреставрировали памятник, но и добавили фамилию еще одного героя

387

«Памяць», «память» або «пам’ять»— на роднасных між сабой беларускай, рускай і ўкраінскай мовах гэтае слова не патрабуе якога-небудзь перакладу. Як і яго сінонім — «помнік», «памятник» ці «пам’ятник». Менавіта з запаветам: памятаць усім наступным пакаленням — амаль у кожнай беларускай вёсцы ў свой час узводзіліся помнікі падзеям і героям Вялікай Айчыннай вайны. Тыя вогненныя 1941-1945 гады пакінулі на нашай зямлі і ў сэрцах беларусаў страшэнныя шрамы.

Сведчаннем таму з’яўляецца і помнік воінам Вялікай Айчыннай вайны і загінулым вяскоўцам, які размешчаны акурат пасярод вёскі Вашчынічы, пад дзвюма вялікімі елкамі. Больш за 40 гадоў таму яго ўзвялі студэнты-будатрадаўцы падчас працоўнай практыкі.


Адметна тое, што абеліск быў спраектаваны 20-гадовымі хлопцамі самастойна. Як успамінае В.С.Лук’янчук, які тады з’яўляўся камандзірам таго студэнцкага будаўнічага атрада «Факел», ініцыятыву маладых людзей падтрымала кіраўніцтва мясцовага сельвыканкама, ваенны камісарыят, старшыня калгаса «Рассвет» Я.І.Кудзінаў і другі сакратар райкама партыі У.М.Граб.


— Пры гэтым мы спецыяльна вырашылі працаваць у выхадныя дні, а заробленыя грошы пералічвалі на будаўніцтва абеліска,— расказвае Васіль Сцяпанавіч, цяпер ужо начальнік ПМК-21.— А потым узводзілі яго сваімі сіламі, прымяняючы самыя сучасныя на той час тэхналогіі. Напрыклад, папулярную тады тынкоўку «футра» маглі зрабіць толькі адзінкавыя майстры. Сярод нас якраз быў такі — Мікалай Жукавец. Хлопец высокага росту дацягваўся да самай верхняй кропкі помніка.

Над узвядзеннем абеліска студэнты шчыравалі паўтара месяца, каб потым пры вялікім зборы людзей здаць яго «ў эксплуатацыю». На ўрачыстасць сабраліся жыхары не толькі Вашчыніч, але і многіх суседніх вёсак. Для людзей 70-х гадоў гэта была значная падзея, бо многія памяталі гады акупацыі, некаторыя прайшлі праз горан франтоў.


Па словах В.С.Лук’янчука, спачатку на памятнай пліце былі выбіты прозвішчы 22 чалавек. Такі спіс быў перададзены студатрадаўцам мясцовымі ўладамі. Але падчас мітынгу да герояў падзеі падышла жанчына, якая паведаміла, што забыліся пра яе сваяка. Некаторы час аўтары помніка праз ваенныя архівы шукалі пацвярджэнне словам вяскоўкі, і пасля яго атрымання на пліце з’явілася 23-е прозвішча.
— Мы выраслі на прыкладзе нашых бацькоў і дзядоў, якія змаглі адстаяць свабоду сваёй зямлі, літаральна выратаваць народ Белай Русі ад знішчэння,— гаворыць Васіль Сцяпанавіч.— Таму не дзіўна, што кожны з нас быў сапраўдным патрыётам сваёй краіны і не цураўся гэтага.


Такое стаўленне да памяці В.С.Лук’янчук пранёс праз усю сваю прафесійную дзейнасць: узначальваемая ім механізаваная калона прыняла ўдзел ва ўзвядзенні помніка ў в.Аранчыцы, а ў новым тысячагоддзі калектыў ПМК-21 удзельнічаў у фінансаванні, а потым у будаўніцтве помніка «Спаленым вёскам» у райцэнтры.

Аднак мы нездарма ўзгадалі пра помнік у в.Вашчынічы. Зразумела, што заробленых студэнтамі грошай наўрад ці хапіла на «вечныя» будматэрыялы. І праз чатыры дзесяцігоддзі абеліск страціў свой першапачатковы выгляд. З пастамента знікла салдацкая каска, а літары, высечаныя на бетоннай пліце, амаль поўнасцю сцерліся.
Кіраўніцтва ПМК-21 выказала ініцыятыву правесці рэканструкцыю абеліска і яго тэрыторыі, якую актыўна падтрымаў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, кіраўніцтва ААТ «Агра-Калядзічы» і Хараўскога сельвыканкама. У адзін дзень напрыканцы сакавіка ў вёсцы стала шматлюдна, пачала працаваць тэхніка пад кіраўніцтвам намесніка начальніка ПМК-21 Я.Д.Шамецюка.

Падчас рэканструкцыі поўнасцю знялі старую тынкоўку, а абноўленае пакрыццё пафарбавалі, каб яно пратрымалася даўжэй. Мемарыяльную пліту заказалі з граніту, каб літары не сцерліся, а салдацкую каску добра прымацавалі.

Добраўпарадкаванне было праведзена і на пліце для вянкоў, выкладзена новая дэкаратыўная дарожка, зроблена новая металічная агароджа. Сіламі мясцовых аграрыяў быў высечаны хмызняк, які амаль поўнасцю закрываў помнік. Засталіся толькі дзве вялікія елкі, адну з якіх, як успамінае Васіль Сцяпанавіч, ён пасадзіў сам больш за 40 год таму.

Абноўлены абеліск, які дагэтуль захоўваў памяць пра Вялікую Айчынную вайну і пра тых людзей, рукамі каго ён быў узведзены, цяпер сведчыць, што сучаснае пакаленне таксама памятае.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).