Воскресенье, 27 сентября 2020

Любоў Брытун: «Буду спяваць, колькі вызначыць лёс»

393

«Я – чалавек-песня», — кажа пра сябе жыхарка аграгарадка Роўбіцк Любоў Андрэеўна Насытка (Брытун). І параўнанне гэта, шчыра кажучы, ёй вельмі пасуе. Гледзячы на гэтую жанчыну, нават не здагадаешся, што яна размяняла ўжо дзявяты дзясятак: гучны голас, выразная дыкцыя і нейкая вытанчанасць у манерах сведчаць, што іх носьбітка мае ці, ва ўсякім разе, мела непасрэднае дачыненне да сцэны.


Першае ўражанне пацвярджаюць шматлікія граматы і ўзнагароды, раскладзеныя на стале, сярод іх — ганаровы знак Міністэрства культуры СССР “За выдатную працу”, пасведчанне да якога падпісана легендарным міністрам Кацярынай Аляксееўнай Фурцавай.

Першыя крокі на сцэну
Такія ўзнагароды, як вы разумееце, за “прыгожыя вочкі” не давалі. На працягу многіх гадоў Любоў Андрэеўна ўзначальвала Роўбіцкі сельскі клуб і дарыла свой талент гледачам. Мэтанакіраваны арганізатар, таленавіты выканаўца, ідэйна натхнёны чалавек — яна ў свой час прыклала максімум намаганняў, каб падначаленая ёй культурная ўстанова стала адной з самых лепшых у вобласці і нават у рэспубліцы.
Пра тое, што сваё жыццё цесна звяжа з культурай, ураджэнка вёскі Калядзічы ведала з дзяцінства: добра спявала, саліравала на ўсіх мерапрыемствах, дэкламавала вершы, з задавальненнем прымала ўдзел у тэатральных пастаноўках і ўжо ў старэйшых класах школы канчаткова вырашыла, што будзе культработнікам.


Пасля вучобы на тэатральным аддзяленні Гродзенскага культасвет вучылішча Любоў Андрэеўна вярнулася ў Пружанскі раён, дзе ў той час культурнай сферай кіраваў знакаміты Сяргей Яўгенавіч Курбанаў.
— Ён прапанаваў мне на выбар: Малеч (тады Пружанскага раёна) ці Роўбіцк, пры гэтым заўважыў, што ў Роўбіцку — новы клуб і вельмі шмат моладзі. Але, калі я прыехала ў Роўбіцк, зведала такі шок, што не перадаць словамі: клуб уяўляў сабой доўгую драўляную пабудову з забітымі цвікамі вокнамі — не адчыніць, не праветрыць, — успамінае мая суразмоўца.

Працоўныя будні
У першы ж працоўны дзень, 1 жніўня 1958 года, Любоў Андрэеўна выпісала завесы, запрасіла майстроў, каб падрамантаваць вокны, і павесіла шыльду “Роўбіцкі сельскі клуб”.
— Адразу пачала афармляць, як таго патрабавала тагачасная савецкая ідэалогія, наглядны агітацыйны матэрыял, каб развесіць камуністычныя лозунгі па ўсёй вёсцы. Зарплата ў мяне была маленькая, а патрабаванні —вельмі высокія: у месяц я абавязана была падрыхтаваць і прачытаць некалькі дакладаў антырэлігійнага зместу, рэгулярна чытаць лекцыі калгаснікам. Я, шчыра кажучы, у такой сям’і выхоўвалася, што душэўнага дысанансу ад гэтага не адчувала.


У студзені 1959-га Любоў Андрэеўна выйшла замуж, праз год нарадзіла дачку Святлану, але працягвала працаваць пад дзявочым прозвішчам Насытка. У 1962 годзе яе накіроўваюць у Мінскі тэатр оперы і балета на дзесяцімесячныя танцавальныя курсы, пасля заканчэння якіх на працягу года яна працуе кіраўніком танцавальнага калектыву ў раённым Доме культуры. Але паколькі кватэрнае пытанне да таго часу не было вырашана, жанчына папрасіла перавесці яе назад у Роўбіцк, да сям’і.

Высокі палёт
— Якраз з курсаў баяністаў вярнуўся мой памочнік Мікалай Аляксандравіч Богдан. І вось тут наша мастацкая самадзейнасць разгарнулася ўжо на поўны моц.
Разнастайныя канцэртныя праграмы, тэматычныя вечары, культурна-спартыўныя эстафеты, чытацкія канферэнцыі, маскарады і народныя гулянні — усе імпрэзы былі працяты запалам і аптымізмам Любові Андрэеўны. У той час пры клубе пачалі працаваць гурткі мастацкай самадзейнасці: харавы, танцавальны, драматычны, фальклорны і вакальна-інструментальны “Мара”. Неаднаразова калектыў СДК прызнаваўся лепшым у раёне.
— Працавалі з задавальненнем! Клуб заўсёды быў запоўнены да адказу. Нядзіўна: адной толькі моладзі ў сяле налічвалася каля паўсотні чалавек. Увогуле мне было лёгка працаваць, таму што ў мяне была вельмі добрая свякроў, якая ва ўсім дапамагала і цалкам мяне падтрымлівала. Мяне ж цэлымі днямі не было ў хаце: трэба было самой знайсці машыну для выездаў, дамовіцца з шафёрам, а потым яшчэ абысці ўсіх удзельнікаў самадзейнасці для вырашэння арганізацыйных пытанняў. А дома дзіця маленькае чакала. Мая Святланка так і казала: у мяне дзве мамы, маладая і старая…
У 1967 годзе ў БССР быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс па мастацкім абслугоўванні насельніцтва, у якім прынялі ўдзел і творчыя работнікі Роўбіцкага СДК. У рамках конкурсу яны наладзілі тры дзясяткі канцэртаў па ўсім раёне. І… занялі першае месца ў вобласці.
— Праўда, даведаліся пра гэта не адразу. Заязджаю неяк у Брэст, заходжу ў дом палітасветы і там на абласной Дошцы гонару бачу наш Роўбіцкі клуб.
Сваю ўзнагароду — ганаровы знак Міністэрства культуры — Любоў Насытка атрымала ў лістападзе 1967 года на раённым семінары работнікаў культуры, на якім выступіла ў якасці вядучай.
— Памятаю як сёння. Курбанаў устае і кажа: «Увага! Упершыню мы будзем уручаць такую ўзнагароду сельскаму работніку культуры. Спадзяюся, што праз год Любоў Андрэеўна атрымае ад Фурцавай ужо ордэн», — усміхаецца жанчына.

Змена дзейнасці
Але наступны год прынёс іншую “ўзнагароду”. Паважаны ўсімі Курбанаў з’ехаў, саступіўшы месца іншаму ва ўсіх сэнсах чалавеку. І Любоў Насытка, расчараваўшыся ва ўсім, напісала заяву аб звальненні.
— Першы сакратар райкама партыі, які неаднаразова мне ўручаў узнагароду як пераможцы раённых спаборніцтваў, на развітанне пачаў мяне абражаць, маўляў, што я ад атрыманай славы ўзнеслася да нябёсаў і наогул ніякай узнагароды не заслугоўваю. Потым выклікаў трэцяга сакратара і загадаў патэлефанаваць у розныя ўстановы, каб нідзе мяне не прымалі на працу. “Хай ідзе даяркай”, — сказаў. Вось такая была падзяка за маю работу… 30 красавіка 1968 года я наладзіла апошні канцэрт, падзякавала ўсім за дапамогу і са слязьмі пайшла дадому…
Любоў Андрэеўну ў вёсцы паважалі, таму адразу дапамаглі ўладкавацца на працу.
— Бухгалтарам на цагельны завод. Можаце сабе ўявіць? Я ж з матэматыкай была “на Вы”!

Адданасць «культурнай» справе
Толькі пачала Любоў Насытка наладжваць кантакт з лічбамі, як яе выклікалі ў райвыканкам і… ўручылі грамату Вярхоўнага Савета БССР за выдатную працу ў сферы культуры. Справядлівасць перамагла: заслугі ўжо былога роўбіцкага культработніка зноў былі прызнаны на вышэйшым узроўні.
— Ведаеце, дзе бы я пасля ні працавала, ніколі не развітвалася з песняй, паколькі ў душы заставалася работнікам культуры. Яшчэ ў першы год пасля звальнення мяне папрасілі правесці ў клубе навагодні вечар. А калі працавала на цагельным заводзе, згуртавала маладых людзей са студэнцкіх атрадаў і хутка наладзіла з імі выязныя канцэрты. Пэўны час на бясплатнай аснове вяла ў школе танцавальны гурток. Нават потым, калі была сакратаром і спецыялістам па кадрах у сельсавеце (дарэчы, дзеля гэтага скончыла Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут), я не развітвалася са сцэнай.
Любоў Андрэеўна дапамагала культработнікам наладжваць святы вёсак і іншыя мерапрыемствы. Акрамя таго, жанчына пасадзейнічала пакупцы ў клуб інструментаў і арганізацыі там цудоўнага ансамбля.


— Я з нашымі культработнікамі ўвесь час падтрымліваю сувязь, наведваю ўсе іх канцэрты і мерапрыемствы. Нават грамату на 60-годдзе клуба атрымала. Нашы дзяўчаты малайцы! Вельмі шмат працуюць. І так крыўдна за іх становіцца, калі падчас цікавейшых імпрэз у зале сядзіць чалавек сорак. А што зробіш! Сёння ж у Роўбіцку амаль у чатыры разы менш жыхароў, чым у мае маладыя гады. Гэта калісьці ў клубе, разлічаным на 120 чалавек, месцаў не хапала, а сёння гледачоў усё менш і менш… Добра, што ў мяне ёсць свае адданыя прыхільнікі: дачка, унук і праўнучак, якім я з задавальненнем спяваю і буду спяваць, колькі вызначыць лёс, свае песні.
Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча і з уласнага архіва Л.А.Брытун.