Суббота, 30 мая 2020

ОАО «Отечество» засеет кукурузой 3250 гектаров

346

Сёлетняй вясной у сельгаспрадпрыемствах нашага раёна пад кукурузу адводзіцца 21040 гектараў пасяўных плошчаў, што на 2200 гектараў больш, чым у мінулым годзе. Прычым 1950 гектараў плануецца пасеяць на зерне.


У ААТ «Айчына» да сяўбы кукурузы звычайна прыступаюць у другой палове красавіка. Угадаць з агратэхнічнымі тэрмінамі сяўбы няпроста па той прычыне, што халады могуць вярнуцца нават у маі. У такім выпадку познія пасевы могуць аказацца лепшымі, чым раннія. Але нярэдка моцная спёка здараецца ў чэрвені, і тут у выйгрышы ўжо застаюцца тыя палеткі, якія засяваліся раней. У дадзеным выпадку расліны ўжо паспелі ўзяць вільгаць і пайсці ў рост.


— Сёлета сеем кукурузу на плошчы 3250 гектараў, што на 250 гектараў больш, чым летась, — гаворыць галоўны аграном таварыства Д.І.Цімановіч. — Сотню гектараў плануем убраць на насенныя мэты і адправіць пачаткі на кукурузакалібровачны завод у Івацэвічах.


У гаспадарцы высяваюць правераныя гібрыды кукурузы: «палескі -212», «палтава», «ладага». Калі хапае цяпла і дажджоў, то беларускі гібрыд «палескі-212» на лёгкіх глебах можа даць добры ўраджай зялёнай масы пры вырошчванні на сілас.


Як лічыць Дзмітрый Ігаравіч, прадукцыйнасць кукурузнага палетка залежыць ад многіх фактараў: гэта і якаснае насенне, і адпаведная падрыхтоўка глебы, і сяўба сеялкамі дакладнага высеву, і ўтрыманне глебы ў чысціні ад пустазелля, і ўборка кукурузы з выкарыстаннем сучасных камбайнаў.


У ААТ «Айчына» штодзень на сяўбе кукурузы задзейнічаны тры трактары з пасяўнымі агрэгатамі. Хутка колькасць іх яшчэ павялічыцца, каб паскорыць тэмпы работ.


Сёлетняя сяўба «каралевы палёў» мае свае асаблівасці. Насенне кладзецца ў глебу з адчувальным дэфіцытам вільгаці. Няпроста ў такіх умовах працаваць механізатарам. Ды і для самой тэхніцы такія ўмовы з’яўляюцца сапраўдным выпрабаваннем, паколькі за трактарам з пасяўным агрэгатам цягнецца шлейф пылу. Але будзем спадявацца, што надвор’е ўсё ж паспрыяе сельскім працаўнікам, і дажджы папоўняць запасы вільгаці ў глебе.

На здымках: сяўба кукурузы паблізу вёскі Алішавічы; старанна працуе на сяўбе механізатар Д.А.Пабядзенка.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).