Четверг, 26 ноября 2020

«Вітаем вас, шаноўныя сябры!» Па панядзелках у садку №1 размаўляюць па-беларуску

645

— Вітаем вас, шаноўныя сябры! — маленькія выхаванцы дзіцячага садка №1, што па вул.Камсамольскай, як сапраўдныя гаспадары шчыра запрашаюць гасцей у сваю “хату”. І тут, паверце, ёсць на што паглядзець.


Па панядзелках гэты садок змяняецца да непазнавальнасці. У гэты дзень тут усе: і дзеці, і выхавальнікі, і нават бацькі – імкнуцца размаўляць па-беларуску. Дзеці чытаюць і спяваюць выключна на роднай мове, а ў дадатак апранаюць нацыянальныя касцюмы і гуляюць у традыцыйныя беларускія гульні.


І, як самі прызнаюцца, робяць гэта з вялікім задавальненнем.
— Звычайна мы запрашаем «у госці» ляльку Алёнку. Яна нам загадвае загадкі, расказвае казкі, раздае малюнкі, па якіх мы складаем сказы з беларускіх слоў. Асабліва мне падабаюцца словы “матуля”, “татачка”, “вясёлка”. А яшчэ мне падабаюцца беларускія хуткамоўкі і чыстагаворкі. «Джу-джу-джу, на градцы цыбульку пасаджу. Джы-джы-джы, пальюць яе дажджы. Джа-джа-джа, будзе добры ўраджай», — спрытна вымаўляе дзяўчынка Ірынка Красько.

— У нас ёсць нават свой лялечны тэатр, з дапамогай якога робім розныя цікавыя пастаноўкі. Вось, да прыкладу, сёння працавалі па матывах казак “Як курачка пеўніка ратавала” і “Каток – залаты лабок”, — дапаўняе дзяўчынку выхавальніца вышэйшай катэгорыі Наталля Мікалаеўна Янушкевіч і тут жа паказвае разнастайны тэатральны рэквізіт.

У адным куце беларускай “хаткі”, напоўненай цікавымі сельскагаспадарчымі рэчамі і прыладамі, жывуць беларускія лялькі, у другім —хатнія жывёлы, у трэцім дэманструецца разнастайнасць і багацце жывёльнага і расліннага свету Беларусі. На паліцах — шмат кніжак на беларускай мове.

— Усё накіравана на тое, — кажа жанчына, — каб з ранняга дзяцінства фарміраваць у нашых дзяцей нацыянальны светапогляд і любоў да роднай мовы…


Не менш цікава і прыгожа і ў іншых групах дзіцячага сада. У старэйшых дзяцей, у прыватнасці, ёсць выдатная магчымасць на наглядным матэрыяле азнаёміцца з вытворчасцю такіх буйных прамысловых прадпрыемстваў Пружаншчыны, як малочны камбінат і льнозавод. Тут “наладжаны” цэлыя паточныя лініі па вытворчасці сыроў, тварагу і сметанковага масла. Акрамя таго, юныя беларусы вывучаюць працэс апрацоўкі льняной сыравіны, а таксама ткацтва і пашыву абрусаў і рушнікоў. Атрыманыя веды выхаванцы садка замацоўваюць на спецыяльных развіваючых гульнях, распрацаваных, дарэчы, самімі выхавальніцамі.

— Вось сёння гулялі ў беларускія святы і традыцыі! З пластыліну і салёнага цеста рабілі аплікацыі! А зараз наладзім выступленне лялечнага тэатра. Пагля-дзіце, якія ў нас прыгожыя лялькі ў беларускіх нацыянальных касцюмах! Іх пашыла наша Наталля Віктараўна, — наперабой нахвальваюць выхавальніцу-майстрыху Н.В.Кісель задаволеныя дзеці.
— Калі ласка, запрашаем у “глядзельную залу”!
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.