Четверг, 26 ноября 2020

В райисполкоме подвели итоги трудовой деятельности за прошлый год

1 103

Сёлета традыцыйнае мерапрыемства па падвядзенні вынікаў працоўнай дзейнасці арганізацый і прадпрыемстваў раёна за мінулы год і ўшанаванні пераможцаў прайшло дастаткова сціпла. Але гэта, як зазначыў старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун, ніяк не прыніжае той уклад, што зрабілі прамысловасць, гандаль, сацкультбыт у агульную скарбонку.


-Усе ў 2019 годзе шчыра працавалі і дасягнулі даволі высокіх вынікаў,— падкрэсліў падчас узнагароджання Юрый Юр’евіч.— Нягледзячы на сітуацыю, мы не змаглі абысці ўвагай адданую працу і ўшаноўваем нашых герояў года.


У кожнай галіне былі вызначаны ўзорныя арганізацыі, прадстаўнікам якіх Ю.Ю.Бісун уручыў дыпломы І ступені. А пераходзячыя сцягі атрымалі дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» А.Э.Лось, дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» А.І.Пішч і намеснік дырэктара ДУБП «Пружанская ПМК-21» Я.Д.Шамяцюк. Гэтыя прадпрыемствы, кожнае ў сваёй сферы, паказалі найбольш высокія вынікі ў развіцці экспартнага патэнцыялу Пружанскага раёна, у падтрыманні харчовай бяспекі на высокім узроўні і ва ўкараненні інавацыйных будаўнічых тэхналогій. Толькі крыху па паказчыках ім саступілі: сярод прамысловых прадпрыемстваў — ААТ «Пружанскі льнозавод» і «Пружанскі завод радыёдэталяў»; сярод прадпрыемстваў АПК — ААТ «Велікасельскае Агра» і «Ружаны-Агра», якія таксама атрымалі ўзнагароды.


Але Ю.Ю.Бісун выказаў спадзяванні, што ў бягучым годзе гэтыя арганізацыі здолеюць у большай ступені раскрыць свой патэнцыял, каб пры падвядзенні вынікаў за 2020 год узняцца на першую прыступку.


Таксама пераходзячымі вымпеламі і дыпломамі І ступені былі адзначаны калектывы Ружанскага сельвыканкама ў асобе старшыні А.У.Юркоўскай — за дасягненне высокіх паказчыкаў за 2019 г. сярод сельвыканкамаў, ААТ «Пружанскі малочны камбінат» — за развіццё рознічнага гандлю. Сярод устаноў сярэдняй адукацыі паказальным прызнаны вопыт ДУ «Шаняўская сярэдняя школа імя М.Засіма» (дырэктар А.М. Ярмашэвіч), а сярод дашкольных устаноў — «Ліноўскія яслі-сад №21» (загадчыца С.М.Гардзіеўская). У галіне культурнага жыцця Пружаншчыны былі адзначаны Мураўскі СДК (дырэктар І.І.Кузьміч), Ліноўская сельская бібліятэка (загадчыца А.М.Антончык) і народны арт-гурт «Родники» (кіраўнік А.А.Лосева). Узорнай установай аховы здароўя была прызнана Хараўская амбулаторыя агульнай практыкі (заг. А.М. Пяшко).


Падчас урачыстасці адбылося і ўзнагароджанне пераможцаў штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2019 годзе з прысваеннем звання «Узорная арганізацыя Пружанскага раёна па ахове працы». Трэба сказаць, што дасягненні ўдзельнікаў раённага спаборніцтва ацэньваліся па многіх накірунках. Сур’ёзная увага журы надавалася прафілактычным мерапрыемствам і забеспячэнню працоўнай бяспекі на належным узроўні, што не дапускае няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У выніку перадавікамі ў гэтай рабоце былі прызнаны:
— сярод арганізацый вытворчай сферы з колькасцю работнікаў звыш 100 чалавек — ДЛГУ «Пружанскі лясгас»;
— сярод арганізацый вытворчай сферы з колькасцю работнікаў да 100 чалавек — ТАА «Група Кампаній Нятканы Свет»;
— сярод арганізацый невытворчай сферы — УАЗ «Пружанская ЦРБ».
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.