Пятница, 5 июня 2020

ААТ «Ліноўскае»: будзем з бульбай!

432

Ніхто, напэўна, не будзе аспрэчваць, што бульба з’яўляецца
адной з самых папулярных сельгаскультур у Беларусі. Увогуле ў свеце цяпер вырошчваецца каля 4000 гатункаў гэтай культуры, у Беларусі прыкладна 140, з якіх беларускай селекцыі — 49.
Гатункі бульбы адрозніваюцца па групах (раннія, сярэдняраннія, сярэдняпознія, познія), па колеру лупіны і мякаці (чырвоная, ружовая, жоўтая, крэмавая, белая), па кулінарных якасцях (больш разварыстая або менш).
У нашай краіне першае месца па плошчы займае гатунак «брыз», другое — «скарб». Вельмі распаўсюджаным і папулярным гатункам з’яўляецца «вектар».
У Пружанскім раёне ў апошнія гады ў сельгаспрадпрыемствах бульбяныя плантацыі істотна зменшыліся. На гэта ёсць свае аб’ектыўныя прычыны. І самая галоўная з іх — праблемы з рэалізацыяй вырашчанай прадукцыі.
Сёлетняй вясной у чатырох нашых гаспадарках і доследнай станцыі бульбу плануецца вырошчваць на плошчы 470 гектараў, што прыкладна на ўзроўні мінулага года. Самая значная бульбяная плантацыя ў ААТ «Айчына» — 200 гектараў. У ААТ «Ружаны-Агра» пад бульбу адводзіцца 130 гектараў, ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаў-шчына» — 50.

У ААТ «Ліноўскае», як і ў мінулым годзе, бульбяны палетак зойме 50 гектараў.
— Вырошчваем правераныя гатункі бульбы, такі,я як «брыз», «вектар», «маг», волат», — гаворыць галоўны аграном таварыства А.А.Пясняк. — Сёлета набылі яшчэ і гатунак «скарб».
Клубні пры высадцы пратручваюцца прэпаратамі «максім» і «каёт», што дае магчымасць зменшыць хімапрацоўкі плантацый падчас вегетацыі.
— Каб атрымаць годны ўраджай «другога хлеба», клубні неабходна высаджваць у добра ўгноеную глебу, а потым абараняць расліны ад хвароб, шкоднікаў і пустазелля, — кажа Аляксандр Анатольевіч.
Бульба — культура даволі працаёмкая. Пры яе вырошчванні асноўныя затраты прыходзяцца на набыццё сродкаў аховы раслін. А галоўныя ворагі на шляху да ўраджаю — каларадскі жук і фітафтора.
У мінулым годзе, як расказаў галоўны аграном, праблем са збытам таварных клубняў не ўзнікала. Прадукцыя, атрыманая на палетках гаспадаркі, карысталася попытам ва Украіне. Як будзе сёлета, пакуль сказаць цяжка.
Пакуль жа на бульбяным палетку сельгаспрадпрыемства кіпіць напружаная праца. Даводзіцца працаваць у даволі складаных умовах: глеба перасохлая і за трактарам з саджалкай цягнецца шлейф пылу. Шчыруе на пасадцы бульбы механізатар Д.В.Федзь, які знаходзіцца ў полі з раніцы да самага вечара.
На здымку: механізатар Д.В.Федзь разам з брыгадзірам паляводчай брыгады №1 С.С.Кавалевічам падчас пасадкі бульбы паблізу Лінова.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).