Воскресенье, 27 сентября 2020

В Пружанском районе произведен забор земли с 53 братских могил в рамках акции «Во славу общей Победы»

392

На Пружаншчыне міжнародная акцыя памяці «Дзеля славы агульнай Перамогі» выйшла на фінішную прамую: у сераду была ўзята зямля з апошняга, 53-га брацкага пахавання.


У заключным мітынгу, які адбыўся каля брацкай магілы на гарадскіх могілках, прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш і спецыялісты аддзела Н.С.Пракаповіч і Ю.С. Дзямідаў, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Т.К.Кашкан, а таксама дырэктар СШ №1 імя ЧБВА С.М.Станкевіч.
Паступова ў раёне вёўся збор зямлі з месцаў воінскіх пахаванняў і гібелі мірных жыхароў часоў Вялікай Айчыннай вайны. На Пружаншчыне такіх 53.
«Трэба аддаць належнае тым, хто прымаў непасрэдны ўдзел у рэалізацыі акцыі памяці: імі зроблены вялікі аб’ём работы. Вёўся не проста збор зямлі, але і інфармацыя пра падзеі, звязаныя з перыядам ваеннага ліхалецця, што адбываліся на Пружаншчыне. А з цягам часу з’яўляюцца новыя факты, імёны мясцовых герояў і ахвяр фашызму. Таму нямала намаганняў патрэбна было і на ўдакладненне спісаў тых, хто спачывае ў месцах вайсковых пахаванняў», — зазначыла спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Пракаповіч.


Зямлю з усіх пахаванняў Пружаншчыны змясцілі ў адну капсулу. Разам з сабранай інфармацыяй яна будзе адпраўлена ў Брэсцкую крэпасць, адкуль затым трапіць у Мінск. У сталічным храме-помніку ў гонар Усіх Святых гэтая свяшчэнная зямля з розных куткоў Беларусі будзе захоўвацца ў спецыяльнай крыпце.
Акцыя «Дзеля славы агульнай Перамогі» служыць захаванню гістарычнай памяці пра загінулых і выхаванню павагі да герояў Вялікай Айчыннай вайны.
На здымку: Т.К.Кашкан і Н.С.Пракаповіч збіраюць зямлю ў капсулу.
Фота аўтара.