Понедельник, 21 сентября 2020

Сенатор с рабочей поездкой посетил Пружанский район

854

З рабочай паездкай у аўторак на Пружаншчыне пабываў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч.
Першай на парадку дня сенатара была сустрэча са старшынёй Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісуном. Галоўнай тэмай дзелавой размовы стаў стан спраў у сельскагаспадарчай галіне раёна і правядзенне ў рэгіёне пасяўной кампаніі. «Аграрыі працуюць у штатным рэжыме: кармы ёсць, зімоўка завяршаецца нармальна, — даў адзнаку рабоце пружанскіх аграрыяў Юрый Іосіфавіч. — Што да пасяўной, яна арганізавана на належным узроўні, і калі надвор’е не ўнясе карэктывы, можна разлічваць на добры ўраджай».

Увогуле, у полі зроку сенатараў розныя пытанні, але асноўная ўвага — найбольш актуальным. Сёння, бадай, самай абмяркоўваемай тэмай з’яўляецца пандэмія каранавіруснай інфекцыі COVID-19. Наколькі гатовы рэгіён даць адпор вірусу, як тут вырашаюцца праблемы з дэфіцытам масак, Юрый Іосіфавіч ацаніў, наведаўшы шэраг адпаведных аб’ектаў. Адзін з іх — швейны цэх райспажыўтаварыства.


Як расказаў старшыня праўлення Пружанскага райспажыўтаварыства Д.П.Карпей, першым чынам сродкамі індывідуальнай абароны былі забяспечаны работнікі спажыўкааперацыі: з-за спецыфікі работы ім штодзень даводзіцца кантактаваць з вялікай колькасцю людзей. У прыватнасці, для ўласных патрэб было пашыта каля 2800 масак. Тавар, які стаў раптам дэфіцытным, на днях пачаў пастаўляцца і ў магазіны райспажыўкааперацыі. Па стане на раніцу 15 красавіка ў рознічны продаж іх паступіла 2400 штук. «Трэба разумець, што адзін пакупнік возьме дзве-тры маскі. А калі закупку робіць арганізацыя, зразумела, тады маскі могуць умомант закончыцца», — забягаючы наперад тлумачыць Дзмітрый Пятровіч, што ў нейкім магазіне гэтага тавару можа і не быць на прылаўку.
Да слова, на пашыў масак у Пружанскім раёне перапрафіліраваліся некалькі арганізацый. Паводле даных на раніцу 15 красавіка, калектывам швачак КУП «ЛВПМ «Магілёўцы», напрыклад, было пашыта каля 3400 масак, райспажыўтаварыства — каля 5200. Найбольш гэтага тавару выпусціла ТАА «Уніформа» — каля 34 тысяч штук.

А крамя таго, падчас гаворкі быў абмеркаваны і стан спраў сістэмы райспажыўтаварыства на Пружаншчыне. Нягледзячы на тое, што ў раёне шырока прадстаўлены розныя гандлёвыя сеткі, якія ствараюць адзін аднаму здаровую канкурэнцыю, удзельная вага райспажыўтаварыства ў тавараабароце складае каля 30%. Па выніках фінансавай дзейнасці пружанцы ў сістэме абласной спажыўкааперацыі займаюць лідзіруючыя пазіцыі, па аб’ёмах вытворчасці — увогуле першыя ў «Белспажыўсаюзе».

Каб ацаніць даступнасць антысептычных сродкаў і медыцынскіх масак для жыхароў раёна, Юрыйі Іосіфавіч таксама наведаў аптэкі сеткі «Фармацыя». Асобны акцэнт быў зроблены на тое, што сродкамі індывідуальнай абароны павінны быць забяспечаны ў першую чаргу работнікі медыцынскай галіны. Як расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, сёння для іх пакупкі аказваецца актыўная спонсарская дапамога. Увогуле, сіламі шэрагу сельгаспрадпрыемстваў раёна (ААТ «Велікасельскае Агра», «Агра-Калядзічы», «Ружаны-Агра», «Жураўлінае», «Шані-аграпрадукт», «Мурава»), ААТ «Пружанскі малочны камбінат», «Пружанскі льнозавод», фермерскай гаспадаркі «Бардо», прыватнага прадпрыемства «Чорны рубін», індывідуальнага прадпрымальніка Ю.М.Мацкевіча, ГА «Беларускі фонд міру» і «Белая Русь», а таксама прафсаюзным арганізацыям удалося сабраць больш за 200 тысяч рублёў, якія часткова ўжо выдаткаваны на згаданыя патрэбы.

«Як сенатар, я павінен ведаць, чым жывуць людзі, з якім праблемамі сутыкаюцца. Для гэтага стараюся часцей выязджаць у рэгіёны, праводзіць прыёмы, разбірацца з пытаннямі, якія перада мной уздымаюць. Самае актуальнае на сённяшні дзень пытанне тычыцца барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. Тут многае залежыць ад кожнага з нас: у сённяшніх умовах грамадзяне павінны праяўляць самадысцыпліну, адказна ставіцца да здароўя як свайго, так і іншых. Дарослыя павінны ў сваёй сям’і растлумачыць дзецям і пажылым правілы гігіенічнай бяспекі, а кіраўнікі — данесці іх да работнікаў, патрабаваць іх выканання, а пры неабходнасці даваць магчымасць аддаленай работы, калі дазваляе спецыфіка працы», — падкрэсліў Ю.І.Наркевіч.
На здымку: у швейным цэху Пружанскага райспажыўтаварыства.
Марына Вакульская. Фота аўтара.