Среда, 23 сентября 2020

Андрей Смоляр: увлечения «с огнем и умом»

692

Зараз вельмі папулярным стаў удзел у розных інтэлектуальных гульнях. У Пружанах таксама нямала іх аматараў. Але ёсць і сапраўдныя прафесіяналы. Знаёмцеся: Андрэй Смоляр — удзельнік каманды-чэмпіёна Рэспублікі Беларусь 2013 года ў гульні «Што? Дзе? Калі?» сярод прадпрыемстваў лака-фарбавальнай прамысловасці, капітан каманды “Лянота цюленя”, чэмпіёна чатырох сезонаў інтэлектуальных гульняў “Гульні розуму” ў Пружанах, удзельнік гульні “Гарадскі бліц”, пастаянны член журы раённага “Што? Дзе? Калі?”, аўтар шматлікіх пытанняў для інтэлектуальных гульняў і арганізатар яскравых фаер-шоу.


Андрэй разумны і амбіцыйны чалавек, з якім мне вельмі цікава было размаўляць.
— Як Вы можаце ахарактарызаваць сябе ў двух словах?
— Пазітыўны і… лянівы.
— Чым любіце займацца ў вольны час? Якое ў Вас хобі?
— Вольнага часу амаль няма, але заўсёды знаходжу хвілінку “для агню” (арганізоўваю фаер-шоу) і інтэлектуальных гульняў. Увогуле ўся мая дзейнасць звязана з гульнямі для розуму. На добраахвотнай аснове трэнірую ў вольны час усіх, хто жадае развіваць свой інтэлект. Калі ласка, звяртайцеся, прыходзьце. Ведаю, што разумных і апантаных людзей у нашым горадзе хапае.
— Цікава, што прывяло Вас у “звышразумную сферу”?
— Пачалося ўсё 20 гадоў таму ў г.Ліда са школьнага гуртка «Эрудыт», потым трэніраваўся ў лідскага трэнера С.Я.Вераціла. Пасталеў, памяняў некалькі каманд, гарадоў. Сёння пакуль асеў тут.
— Назавіце сваё самае вялікае дасягненне і вялікі правал.


— Я прывык працаваць у камандзе. Калі дасягненне — то каманднае, калі правал — таксама агульны. Напрыклад, у 2012 годзе гуляў у складзе Лідскай каманды «Гербер» і мы выйгралі кубак Беларусі сярод прафсаюзных работнікаў. Многія мае пытанні гучаць у Лізе інтэлектуальных каманд.
Дасягненне і тое, што я дажыў да свайго ўзросту, улічваючы маё небяспечнае захапленне — агнём.
А што тычыцца самага вялікага правалу, то ён, напэўна, яшчэ наперадзе. Спадзяюся, яго наогул не будзе.
— Ці бываюць моманты, калі Вас пакідае натхненне?
— Вядома. Але, калі апускаюцца рукі, нельга расслабляцца, трэба знайсці што-небудзь іншае, адцягнуцца. Для мяне гэта — выйсці і пакруціць агнём. Адразу ў галаве ўзнікае яснасць. Таксама ў такія цяжкія хвіліны люблю гуляць пад дажджом…
— Вашы любімыя аўтары, кнігі? Парайце чытачам кнігу, якую, на Ваш погляд, павінен прачытаць кожны?
— Я не магу выбраць нешта канкрэтнае. Занадта шмат твораў, якія пераглядаю для таго, каб узбагаціць агульныя веды і логіку. Увогуле раю ўсім чытаць і перачытваць рускіх класікаў. Праўда, сёння я перачытваю Стывена Кінга…
— Ці ёсць у Вас жыццёвае крэда?
— У жыцці галоўнае не ленавацца: захацеў паспаць — паспі. Я яго заўсёды прытрымліваюся. Менавіта таму наша каманда называецца “Лянота цюленя”.
Чаго б Вы ніколі не зрабілі ў жыцці?
— Вельмі складана адказаць. Калі ідзеш да мэты або хочаш дапамагчы, пераадолееш многае.
— Як навакольныя ўспрымаюць Вашыя гульні “з агнём і розумам”?


— Захапленне фаер-шоу многія не разумеюць. Часта падыходзяць да мяне пасля выступлення і пытаюцца: “А Вы не баіцеся?” Чалавеку, маўляў, уласціва баяцца таго, чаго ён не разумее…
— Тады пералічыце ТОП-5 найбольш эфектыўных тактык (сакрэтаў) у інтэлектуальных гульнях.
— Першае – на любое пытанне можна адказаць, яны для гэтага і пішуцца. Не трэба супер-мега ведаў.
Другое — уся інфармацыя змяшчаецца ў самім пытанні.
Трэцяе – вам спатрэбіцца шакалад.
Чацвёртае – кубачак моцнай кавы.
Ну, а пятае — трымайце галаву ў холадзе, ногі ў цяпле. І будзе вам перамога!
— А зараз, калі ласка, сфармулюйце ў пяці словах Ваша стаўленне да жыцця?
— Вучуся, веру, люблю, спадзяюся і мару…

Гутарыў Уладзімір Волчык, удзельнік аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” (ЦТДМ).

Фота Сяргея Свідзерскага і Сяргея Талашкевіча.