Четверг, 4 июня 2020

Более 300 человек перечислили деньги на благоустройство кладбища в Шенях. Наводили порядок всем агрогородком

523

У работу ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі ўключаюцца не толькі калектывы арганізацый, у чые абавязкі і без таго ўваходзіць уборка тэрыторый, ліквідацыя стыхійных звалак. Удзельнікамі месячніка становяцца і моладзь, і працоўныя калектывы, і жыхары прыватнага сектара. Работнікі шэрагу арганізацый аграгарадка Шані, напрыклад, вырашылі навесці парадак на мясцовых могілках.

— Мы ўзяліся за гэтую справу задоўга да месячніка, — расказвае старшыня Шаняўскога сельвыканкама С.І.Лапука. — Ініцыятыва не проста навесці парадак, але добраўпарадкаваць могілкі належала ўраджэнцы вёскі Галіне Міхайлаўне Якімавец.

Пра збор грошай на навядзенне парадку на Шаняўскіх могілках аб’явілі жыхарам і ўраджэнцам вёскі, «кінулі» заклік у сацыяльных сетках. У выніку «народную» акцыю падтрымалі больш за 300 чалавек — тыя, у каго тут пахаваны родныя. Кожны ахвяраваў, колькі мог: пяць, дзесяць, дваццаць рублёў…

— У выніку агульная сума склала 6221 рубель. Вельмі важна, каб людзі ведалі, на што пайшлі сабраныя сродкі да кожнай капеечкі, — лічыць Сяргей Іванавіч. — Пераважная частка грошай зрасходавана на ўладкаванне цэнтральнай дарожкі: укладзены 321 квадратны метр дробнай пліткі і ўстаноўлена 246 штук бардзюрнага каменя, на што выдаткавалі 5626 рублёў. Астатнюю суму ў 595 рублёў плюс ахвяраванні, якія працягваюць яшчэ паступаць, вырашана пусціць на выдаленне аварыйных дрэў на могілках.

Варта адзначыць, што ўкладкай пліткі займаліся работнікі Пружанскага КУВП «Камунальнік», прычым гэтая работа была выканана імі бясплатна. Навядзенне парадку вялося таксама сіламі работнікаў мясцовых сельвыканкама, дзіцячага садка, школы, клуба, ФАПа…

Да слова, на тэрыторыі сельсавета, акрамя Шаняўскіх, знаходзяцца яшчэ двое могілак — у вёсцы Гарадзечна. Там таксама агульнымі намаганнямі жыхароў гэтай вёскі і бліжэйляжачых былі сабраны ахвяраванні — 2430 рублёў, якімі было аплачана выдаленне больш як шасці дзясяткаў аварыйных дрэў.

Сяргей Іванавіч не перастае падкрэсліваць, наколькі важны быў уклад кожнага.

— Хочацца падзякаваць і старастам, якія знайшлі час для збору сродкаў: Л.В.Шырма, В.П.Парфенюку, С.В.Жук, П.П.Гусаку, Л.А.Чарнак, Л.М.Грамажора, С.К.Цынгель, — і тым, хто не пашкадаваў грошай на добрую справу.

Марына Вакульская. Фота аўтара.