Суббота, 30 мая 2020

Карл у Клары украл кораллы. Посмотрели, как в Шерешевской школе детки учатся «р» выговаривать

378

— Лаўрэн лавіў рыбу, Лара варыла рыбу з лаўровым лістом.

— Пракоп і Барыска елі барбарыскі.

— А верабей на рынку ў прадавачкі скраў разынку!

Перад самымі канікуламі журналісты завіталі ў клас і паслухалі, як наперабой і з задавальненнем “трашчаць” на публіку падапечныя настаўніка-дэфектолага Шарашоўскай сярэдняй школы Алены Анатольеўны Грынкевіч. У свой час шмат нязручнасцей ім прынесла маленькая літарка “р”, але з дапамогай сапраўднага спецыяліста яны паставілі яе “на месца”.

Гледзячы на кабінет настаўніцы, становіцца відавочным, што жанчына – фанат сваёй справы і перфекцыяніст, які імкнецца да ідэалу ва ўсім, з чым даводзіцца сутыкацца. Плакаты і малюнкі, рэбусы і лабірынты, кніжкі і папкі, мяккія лялькі і розныя канструктары, настольныя развіваючыя гульні і іншы рэквізіт для актыўнай і пазнавальнай дзейнасці — аснашчэнне шарашоўскага пункта карэкцыйнага   навучання зайздроснае. Усё гэта жанчына сабрала ці змайстравала ўласнымі рукамі, укладваючы ў навучальныя дапаможнікі нават свае асабістыя сродкі.

— Хочацца, каб дзецям было ўтульна і зручна, так ім лягчэй працаваць, — адказвае Алена Анатольеўна, якая, да слова, уваходзіць у лік лепшых дэфектолагаў не толькі ў раёне, але і нават вобласці, пра што сведчаць шматлікія граматы і дыпломы, атрыманыя на розных конкурсах прафесійнага майстэрства.

— Больш за тое, — хваліць настаўніцу дырэктар Шарашоўскай школы Аксана Іосіфаўна Пернач, — яна не спыняецца на дасягнутым і імкнецца да самаадукацыі. Пры любой магчымасці едзе на курсы, каб развівацца ў розных накірунках. 

Што цікава, менавіта ў “карэкцыйнай” сферы жанчына працуе параўнальна нядоўга: толькі апошнія шэсць гадоў. Дагэтуль працавала настаўніцай пачатковых класаў Шарашоўскай СШ, куды дваццаць гадоў таму была накіравана пасля заканчэння Баранавіцкага вышэйшага педагагічнага каледжа (сёння — універсітэт). Дарэчы, на выбар прафесіі ў свой час паўплывала дырэктар Велікасельскай школы, у якой вучылася наша гераіня, настаўніца беларускай і рускай мовы Яўгенія Аляксандраўна Шурына. Таму, дадам, у Алены Грынкевіч ёсць яшчэ адна спецыяльнасць – беларуская філалогія.  

— Калі ў 2014 годзе ў нашай школе набіраўся першы інтэграваны клас, я, не маючы адпаведных навыкаў работы з асаблівымі дзецьмі, адразу вырашыла паступаць у акадэмію паслядыпломнай адукацыі, каб атрымаць новую спецыяльнасць, паколькі вельмі хацелася аказаць адэкватную дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — кажа дэфектолаг. 

Спачатку ў школе быў толькі адзін такі вучань, а сёння ў Шарашоўскай СШ адкрыты тры класы інтэграванага навучання і выхавання, карэкцыйныя заняткі Алена Анатольеўна праводзіць і ў мясцовым дзіцячым садку.

— Сёння ў многіх дзяцей  гаворка адстае ад узроставай нормы. І бацькі вельмі хвалююцца: ці змогуць іх будучыя школьнікі паўнавартасна вучыцца, ці  адолеюць школьную праграму? Я іх супакойваю, што ўсё наладзім.

І бацькі вераць кваліфікаванаму спецыялісту, які наладзіў якасную комплексную і сістэматычную спецыяльную падрыхтоўку дашкольнікаў і да кожнага свайго вучня знайшоў асаблівы падыход. А яшчэ Алена Анатольеўна проста любіць усіх дзяцей, асабліва тых, каго прырода чамусьці пакрыўдзіла.  

— Некаторы час я навучала на даму дзяўчынку з сіндромам Даўна, сёння яна займаецца ў пружанскім цэнтры карэкцыі. Я па ёй вельмі сумую, — прызнаецца  педагог, — добрая, адкрытая, шчырая, заўсёды з цёплай усмешкай. Падыдзе, абдыме – і адразу на душы лягчэй становіцца.

Слухаеш яе і разумееш, што гэтая жанчына дзякуючы  свайму вопыту і сіле духу здольна дапамагчы пераадолець не толькі дэфекты гаворкі, але і самыя складаныя дэфекты душы.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).