Четверг, 4 июня 2020

34 деревянные ложки, или Как «Муравушка» вышла на сцену

383

Днямі Мураўскі сельскі Дом культуры быў прызнаны пераможцам штогадовага спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і занесены на раённую Дошку гонару. Але ці ведаеце вы, што не апошнюю ролю ў гэтым сыгралі… дзеці?


Так, так, 15 таленавітых вучняў пачатковых класаў Мураўскай сярэдняй школы і два выхаванцы мясцовага дзіцячага садка аб’ядналіся ў гурт “Муравушка” і літаральна за паўгода заваявалі прызнанне публікі сваімі цудоўнымі нумарамі.


— Сёння без выступленняў “Муравушкі” не абыходзіцца ні адзін з нашых канцэртаў! – кажа дырэктар СДК Ірына Іванаўна Кузьміч. Сумесна з настаўніцай пачатковых класаў Ірынай Сяргееўнай Карус яна кіруе гуртом. Яна ж — і аўтар ідэі стварыць такое арт-аб’яднанне, дзе маленькія дзеці маглі ў інтэрактыўнай форме знаёміцца з традыцыйнай беларускай творчай спадчынай – песнямі, гульнямі і абрадамі.


Бацькі дзяцей падтрымалі Ірыну Іванаўну і дапамаглі яе мару ажыццявіць: усе разам укамплектавалі сцэнічныя касцюмы і рэквізіт. Спаднічкі для дзяўчынак пашыла сама дырэктар СДК, сарочкі-“вышыванкі” закупілі ў розных беларускіх і ўкраінскіх фірмах. Саламяныя галаўныя ўборы: вяночкі і капялюшыкі – спляла для артыстаў народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Мікалаеўна Кулецкая.


— А арыгінальныя “музычныя інструменты” мы запазычылі ў этнаграфічным кутку Дома культуры. Усялякія свістулькі, ляскоткі, а яшчэ качалкі, пральныя дошкі і іншыя прылады, якія беларусы выкарыстоўвалі раней у гаспадарчых мэтах, у руках нашых музыкаў атрымалі новае гучанне. І як толькі бацькоўскі камітэт дапамог набыць 34 драўляныя лыжкі, наш “аркестр” выйшаў на вялікую сцэну, — расказвае Ірына Кузьміч.


Дэбют “Муравушкі” адбыўся ў студзені ў мясцовым СДК, падтрымаць гурт тады прыехалі славутыя танцавальныя калектывы з Пружан – “Спадчына” і “Круцёлачкі”. Потым з удзелам дзіцячага аматарскага аб‘яднання адбыліся вечар сустрэчы з выпускнікамі, акцыя МНС “Бяспека — у кожны дом!” , святкаванне Масленіцы і іншыя важныя вясковыя імпрэзы. Паўсюль дзяцей сустракалі гучнымі апладысментамі.


— Увогуле ў нас досыць заліхвацкая праграма, — сведчыць Ірына Іванаўна. — Песні “Добры дзень, людзі!”, “Прывітальная”, “Ехаў пан капітан”, “Жартоўная кадрыль”, лічылкі, вершы, гульні і іншыя нумары здольны ўмомант узняць настрой нават самаму запатрабавальнаму гледачу. Наша “Муравушка” стараецца! Спытаеце, а які нам бонус? Адкажу: нашы дзеці ўжо даўно зразумелі, што такое актыўнае далучэнне да беларускіх каранёў, старажытных традыцый і абрадаў, да роднай мовы. Усё гэта надае сілу і спатольвае духоўную смагу. Наша беларуская культура — гэта вельмі радасна і вельмі сучасна.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.