Вторник, 27 октября 2020

В районном турнире по волейболу памяти А.А. Салтруковича победило «Образование»

867

Дваццаць пяць гадоў жыцця аддаў любімай справе і працы ў ДЮСШ №1 г. Пружаны трэнер А.А. Салтруковіч. Для многіх пакаленняў пружанскіх спартсменаў ён быў не проста настаўнікам, а сапраўдным бацькам. Выхаванцы Аляксандра Аляксандравіча неаднаразова станавіліся лепшымі на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Шмат было сярод іх і кандыдатаў у майстры спорту. У памяць аб вядомым трэнеры на працягу амаль 20-ці гадоў у нашым горадзе праводзяцца раённыя спаборніцтвы па валейболе.


Сёлета на пляцоўцы ДЮСШ №1 турнір сабраў восем каманд аматараў валейбола. Свае зборныя выставілі філіял РУП “Брэстэнерга” “Пружанскія электрасеткі”, “Пружанскі малочны камбінат”, а таксама філіял «Пружанскі раён газазабеспячэння» ВУ «Кобрынгаз». У камандзе пад назвай “Клепачы” гулялі жыхары аграгарадка і супрацоўнікі ААТ “Жураўлінае”. Гонар зборнай “Лінова” таксама абаранялі ўра-джэнцы аграгарадка. У асобную каманду аб’ядналіся навучэнцы і выпускнікі аграрна-тэхнічнага кале-джа. Каманда “Алімп” складалася з гульцоў-аматараў, а вось у склад яшчэ адной зборнай – “Адукацыя” – уваходзілі настаўнікі фізічнай культуры школ раёна.


Спаборніцтвы праводзіліся па кругавой сістэме. Як расказаў галоўны суддзя турніру Уладзімір Кавалевіч, за два з паловай тыдні кожная з каманд сустрэлася з усімі сваімі сапернікамі. Усяго прайшло 28 гульняў. Заключныя адбыліся ў мінулы чацвер (26 сакавіка). Адразу пасля іх былі ўзнагароджаны пераможцы турніру. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.  Кудравец і галоўны спецыяліст райвыканкама А.Л.  Лапыка. Мікалай Пятровіч падкрэсліў: “У нашым раёне робіцца многае для развіцця фізкультуры і спорту. А яшчэ мы памятаем тых людзей, хто пакінуў след на пружанскай зямлі. Таму правядзенне штогадовых турніраў па міні-футболе памяці І.С. Казарэза, а таксама валейболе памяці А.А. Салтруковіча – традыцыя, якая павінна жыць”.
Ганаровай госцяй цырымоніі ўзнагароджання стала

Н.А. Салтруковіч. Менавіта бацька прывіў дачцэ цікавасць да гульні, якая, у рэшце рэшт, стала справай яе жыцця. Сёння яна працуе трэнерам у цэнтры алім-пійскага рэзерву па гульнявых відах спорту ў г.  Брэсце, дзе працягвае справу па падрыхтоўцы валейбалістаў. Наталлю Аляксандраўну радуе тое, што турнір жыве, цікавасць да яго не зніжаецца, а секцыі па валейболе па-ранейшаму працуюць на базе ДЮСШ №1.


Узнагароды з рук гасцей атрымалі лепшыя з лепшых. Па выніках спаборніцтваў з 15-цю ачкамі на трэцім месцы размясцілася каманда “Лінова”. На другой прыступцы п’едэстала – зборная “Клепачы”, у актыве якой 16 ачкоў.

Абсалютнай пераможцай турніру стала каманда “Адукацыя”, якая не саступіла сапернікам ніводнай гульні і завяршыла турнір з 19 ачкамі.


Кіраўніцтва РФСК “Мухавец”, які выступае арганізатарам спаборніцтваў, спадзяецца, што ў наступным годзе ў бітве за мяч возьме ўдзел яшчэ больш каманд, якія парадуюць гледачоў сапраўдным валейболам!
Як ставяцца ўдзельнікі турніру да спорту і здаровага ладу жыцця?
Ці ўбачым мы іх на пляцоўцы падчас наступных спаборніцтваў?

З такімі пытаннямі карэспандэнт звярнуўся да валейбалістаў.
Андрэй Лісіцкі, супрацоўнік “Брэстгазу”:


– Спорт – гэта важны складнік майго жыцця. На аматарскім узроўні займаўся футболам і хакеем. Сяброўства з валейболам пачалося гады два таму.
Пра тое, што ў Пружанах праходзіць турнір памяці А.А. Салтруковіча, даведаўся ад знаёмых. Яны і прапанавалі прыняць удзел. Расказаў калегам пра такую магчымасць. На той момант я працаваў яшчэ ў “Пружанскім раёне газазабеспячэння”. Ахвочыя пагуляць у валейбол знайшліся ў нашай арганізацыі даволі хутка. Але, як кажуць, першы блін камяком. Свой адбітак наклала тое, што ў спаборніцтвах мы ўдзельнічалі ўпершыню, таму, на жаль, ва ўсіх гульнях пацярпелі паражэнне. Нягледзячы на гэта, не здаваліся! Дарэчы, менавіта сярод гульцоў нашай зборнай была адзіная жанчына на турніры – Вольга Шанюк, якая гуляла не горш за іншых. Думаю, што сёлетняя няўдача абавязкова кампенсуецца на наступных спаборніцтвах!
Аляксандр Мікуцік, аператар лініі харчовай прадукцыі ААТ “Пружанскі малочны камбінат”:


– Спорт для мяне – не хобі, а лад жыцця. Займаюся ім з ранніх гадоў. Валейболам захапіўся яшчэ ў школе, гуляў ва ўніверсітэцкай камандзе. Стараюся трымаць сябе ў форме і зараз: у вясенне-летні перыяд некалькі разоў на тыдзень бегаю крос, займаюся на турніках.
У гэтым турніры ўдзельнічаў упершыню. Лічу, што ў Пружанах створаны ўсе ўмовы для вядзення здаровага ладу жыцця. У нас добрая спартыўная інфраструктура. Было б толькі ў жыхароў жаданне займацца спортам. А яшчэ хацелася б, каб падобныя турніры, і не толькі валейбольныя, арганізоўваліся як мага часцей. Менавіта такія мерапрыемствы дапамагаюць умацаваць здароўе і палепшыць настрой.
Раман Гвоздзік, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела філіяла “Пружанскія электрасеткі”:


– У гэтым годзе мой асабісты юбілей – 30 гадоў як займаюся валейболам. Пачыналася ўсё менавіта тут, у сценах ДЮСШ №1. Памятаю, як аднакласнік Яўген Кашчанка прывёў мяне, пяці-класніка, на першую трэніроўку да А.А. Салтруковіча. Імя трэнера, вядома, застаецца ў памяці, а турнір значыць для мяне многае. Гуляю на ім з пачатку заснавання. Зразумела, што за гэты час каманда электрасетак неаднаразова займала прызавыя месцы і нават станавілася пераможцай.
Таксама ўдзельнічаў і працягваю ўдзельнічаць у спаборніцтвах рознага ўзроўню – ад раённага да рэспубліканскага. Даволі паспяхова. Валейбол сапраўды захапіў на ўсё жыццё. У свой час бацька, вядомы на Пружаншчыне баяніст Іван Гвоздзік, спрабаваў захапіць музыкай. Аднак я збягаў на трэніроўкі. Разам з аматарамі валейбола збіраемся на іх і зараз. Лічу, што гэта выдатны спосаб трымаць сябе ў добрай фізічнай форме.
Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фота аўтара і Сяргея Талашкевіча.