Пятница, 21 сентября 2018

Районный День охраны труда: с начала года зарегистрировано 9 случаев травматизма

1 549

Якія ўмовы павінны быць на рабочым месцы, каб пазбегнуць траўматызму і гібелі чалавека? Якім чынам праверыць у работніка веды па тэхніцы бяспекі? Як своечасова, пакуль не здарылася бяда, выявіць выпадкі грэбавання правіламі бяспекі? Гэтыя і шэраг іншых пытанняў абмяркоўвалі ўдзельнікі раённага Дня аховы працы. Праблемы аховы працы, безумоўна, патрабуюць увагі: за імі стаіць захаванне здароўя работнікаў, а іншы раз і, наогул, жыцця людзей. І такія пытанні не павінны заставацца без кантролю не толькі на месцах, але і ў кампетэнтных дзяржаўных органах. Варта адзначыць, не ўсё на належным узроўні арганізавана ў галіне аховы працы і на Пружаншчыне: толькі сёлета ў раёне здарылася 9 выпадкаў траўматызму на рабочым месцы (за ўвесь мінулы год іх было зарэгістравана столькі ж), два з іх — з цяжкімі наступствамі, адзін — са смяротным зыходам. У выніку чаго лідзіруючую пазіцыю ў Брэсцкай вобласці ў гэтай несуцяшальнай статыстыцы заняў менавіта наш раён.

Невыпадкова спецыялісты па ахове працы — усяго ў раёне ў арганізацыях і на прадпрыемствах іх 74 — сабраліся на тэрыторыі філіяла ААТ «Брэстаблаўтатранс» «Аўтапарк №11»:                 удзельнікі раённага Дня аховы працы змаглі ўвачавідкі ўпэўніцца ў тым, што тут ёсць чаму павучыцца і можна пераймаць станоўчы вопыт. Шмат сродкаў на прадпрыемстве ўкладваецца не толькі ў спецадзенне, стварэнне спрыяльных умоў для працы работнікаў, але і ў правядзенне навучання і праверку ведаў па пытаннях аховы працы. У 2009 годзе на гэтыя мэты аўтапаркам было выдаткавана больш за 220 мільёнаў рублёў, у 2010 — амаль удвая больш, сёлета — пакуль каля 30 мільёнаў рублёў.

Штомесяц на прадпрыемстве праходзяць дні аховы працы: правяраюцца веды ў камп’ютарным класе, праводзяцца інструктажы, для якіх спецыяльна была набыта мультымедыйная ўстаноўка. «Галоўнае — кантроль над гэтай справай, — зазначыў дырэктар філіяла «Аўтапарк №11» А.П.Вакульчык. — Тым не менш, і ў нас застаюцца пытанні, якія патрабуюць вырашэння, паколькі сцвярджаць, што ў плане аховы працы справы абстаяць на ўсе 100%,— няправільна: усё-такі без недахопаў нідзе не бывае».

Пахваліцца такімі ж дасягненнямі ў ПМК-22, якое наведалі спецыялісты па ахове працы, пакуль не могуць. Але працуюць над удасканаленнем бяспечных умоў, стварэннем здавальняючага санітарна-бытавога забеспячэння работнікаў. Нізкая адзнака была пастаўлена ТАА «Нятканы свет» пасля агляду вытворчых цэхаў прадпрыемства: спецыялісты заўважылі, што таварыству трэба шмат папрацаваць, каб навесці парадак на працоўных месцах.

Апошнім аб’ектам стала КУВП «Камунальнік». Пасля азнаямлення з сістэмай адміністрацыйнага і грамадскага кантролю за выкананнем правілаў і нормаў аховы працы адказным за гэтую работу на прадпрыемстве была пастаўлена высокая адзнака. Як паведаміў галоўны інжынер С.В.Бабрук, у «Камунальніку» створана служба «Ахова працы», якая складаецца з чатырох чалавек, рэгулярна праводзяцца навучанні і праверка ведаў грамадскіх інспектараў, у камп’ютарным класе з дапамогай спецыяльных праграм для работнікаў розных відаў дзейнасці адбываецца іх навучанне, у тым ліку і выязное — для тых, хто працуе на ўчастках прадпрыемства ў Шарашове і Ружанах. Акрамя таго, распрацавана і спецыяльнае палажэнне, згодна з якім грамадскі інспектар на працягу працоўнага тыдня пяць гадзін выкарыстоўвае для кантролю выканання работнікамі правілаў бяспекі, за што стымулюецца матэрыяльна… Наогул, на ахову працы ў камунальнай службе выдзяляюцца сродкі ў памеры 3,3% ад фонду заработнай платы.

Дарэчы, у сістэме ЖКГ пружанскі «Камунальнік» быў адзначаны і на ўзроўні вобласці. А Д.У.Маргуноў заняў трэцяе месца як лепшы грамадскі інспектар. Дзяніс Уладзіміравіч быў адзначаны і на гэты раз: за актыўную работу пры ажыццяўленні грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ён атрымаў падзяку ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Свае ўражанні ад убачанага і меркаванні аб праблеме траўматызму людзей на вытворчасці выказвалі падчас пленарнага пасяджэння. «Закладам захавання жыцця работнікаў з’яўляецца, у першую чаргу, выкананне патрабаванняў аховы працы, — выказаў сваю думку на гэты конт падчас выступлення начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.У.Юк. — І вельмі важна не прымяншаць функцыю кантролю». Асабліва строга заклікалі ставіцца да тых, хто не праміне магчымасці выпіць чарку-другую на рабочым месцы. Старшы інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Д.В.Ліпко звярнуў увагу на асноўныя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі на прадпрыемствах. Пра ўмовы працы і санітарна-бытавое забеспячэнне работнікаў — якія ёсць і якімі яны павінны быць — расказала ўрач-гігіеніст К.А.Жуковіч. «Акрамя таго, пэўная роля ў паляпшэнні умоў працы рабочых адводзіцца і прафсаюзным органам», — упэўнены старшыня раённага аб’яднання прафсаюза работнікаў АПК С.С.Лаўрыновіч. Са справаздачамі выступілі і прадстаўнікі ААТ «Пружанскі льнозавод» і ПУП «Ружанская мэблевая фабрыка», дзе дапушчаны рост вытворчага траўматызму, у тым ліку з цяжкімі наступствамі.

Першы намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення дэпартаменту дзяржінспекцыі працы М.М.Гуга прааналізаваў, як выконваюцца наймальнікам правілы і нормы аховы працы і на тых аб’ектах, якія ён убачыў у гэты дзень, і на прадпрыемствах, дзе справы ў гэтым плане абстаяць не лепшым чынам. Не раз падчас наведвання аб’ектаў гучала, у тым ліку і з вуснаў Мікалая Мікалаевіча, што найбольшы эфект мае прэміраванне грамадскіх інспектараў: менавіта фінансавае заахвочванне можа станоўча паўплываць на адказныя адносіны да ўскладзеных абавязкаў. «Грамадскі інспектар — правая рука кіраўніка. І калі яны будуць працаваць на грамадскіх пачатках, без грашовага стымулявання, чакаць ад кантралюючай работы належнага ўзроўню не варта», — лічыць М.М.Гуга. Дарэчы, Мікалай Мікалаевіч звярнуў увагу прысутных спецыялістаў па ахове працы і на вядзенне дакументацыі. А яшчэ параіў: «Спецыяліст павінен быць на сваім месцы. Калі адукацыя чалавека, які займаецца аховай працы, не адпавядае займаемай пасадзе, арганізацыя можа накіраваць яго на вучобу. Сёння, напрыклад, у Брэсцкім тэхнічным універсітэце можна атрымаць другую вышэйшую адукацыю: там вядзецца двухгадовае завочнае навучанне інжынераў па ахове працы».

Але разам з тым і самі работнікі не павінны забываць пра захаванне тэхнікі бяспекі на рабочым месцы. І памятаць, што іх чакаюць дома.

Марына Вакульская.

На здымках: удзельнікі семінара ў аўтапарку №11 і КУВП «Камунальнік».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *