Четверг, 26 ноября 2020

Ветеран Александр Омельянец: «Сапёр ошибается лишь однажды»

364

Жыхар Смаляніцы Аляксандр Міхайлавіч Амяльянец — адзін з трох ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета.

Нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч яшчэ «за польскім часам» у вёсцы Ялова. У шматдзетнай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей, ён быў самым малодшым. Па ўспамінах ветэрана, бацькі мелі даволі шмат зямлі, і таму даводзілася ім працаваць з раніцы да самага вечара.

Калі хлопчыку быў толькі год — памёр бацька. Праз некалькі гадоў маці выйшла замуж, і ў сям’і зноў з’явіўся гаспадар.


Ветэран добра памятае 1939 год, калі адбылося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Калі ж пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксандру Міхайлавічу было трынаццаць гадоў. Хапіла ліха на акупаванай тэрыторыі. На прымусовыя работы ў Германію быў вывезены старэйшы брат. А ў 1944 годзе, калі ад фашысцкіх захопнікаў быў вызвалены Шарашоўскі раён, у райцэнтры арганізавалі курсы па падрыхтоўцы сапёраў. Сабралі на іх юнакоў дапрызыўнага ўзросту. Амяльянец таксама навучаўся сапёрскай справе.

— Абясшкоджвалі міны і снарады, якія не разарваліся на тэрыторыі раёна, — гаворыць ветэран. — Сапёр памыляецца толькі раз, і любая наша памылка магла быць смяротнай.

Аднойчы не пашанцавала і Аляксандру Міхайлавічу. Пра гэта нагадвае асколак, які застаўся ў назе да цяперашняга часу.
Пасля заканчэння вайны Амяльянца прызвалі ў войска. Але армейскай справе не давялося навучацца: юнак трапіў на шахты Данбаса, краіне патрэбны быў вугаль.

Пасля вяртання ў родныя мясціны малады чалавек працаваў трактарыстам на машынна-трактарнай станцыі, якая размяшчалася ў Янаўшчызне. Узгадвае, што работа была арганізавана ў дзве змены: адзін механізатар працаваў на гусенічным трактары ўдзень, а другі — ноччу.

Аляксандр Міхайлавіч стварыў сям’ю, пабудаваў у Шарашэве дом, разам з жонкай выгадавалі трох дачок. Ды бяда пастукала ў дом ветэрана — заўчасна пайшла з жыцця жонка.

Праз некаторы час Аляксандр Міхайлавіч пазнаёміўся з жанчынай са Смаляніцы і пераехаў да яе. Працаваў у мясцовай гаспадарцы трактарыстам, сціртаваў салому. Але восем гадоў таму не стала і другой жонкі. Так ветэран застаўся адзін у доме, хаця адзінокім сябе не лічыць. Прыязджаюць дзеці і ўнукі, наведваюць прадстаўнікі мясцовай улады. Нягледзячы на свой узрост, гэта яшчэ актыўны чалавек, які цікавіцца навінамі, што адбываюцца не толькі ў раёне, але і ў свеце.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).