Воскресенье, 27 сентября 2020

Врач Вероника Зданович: «Здоровье пациентов — задача №1 моей жизни»

1 308

На момант нашага прыезду ў калідорах Шарашоўскай бальніцы не было ні душы. Заглядваю ў кабінет урача:
— У вас такая зайздросная цішыня ў параўнанні з Пружанскай паліклінікай! Няўжо пасялкоўцы не хварэюць?
— Проста ў нас зараз абедзенны перапынак, — тлумачыць прыгажуня ў белым халаце, якая, нягледзячы на ўзаконеную вольную гадзіну, сядзіць за рабочым сталом і нешта піша ў картцы апошняга пацыента. І такіх картак на стале – некалькі стосаў. Нават няёмка стала за свае папярэднія думкі.


— Не скажу, што сёння вялікі наплыў хворых, але, калі быць дакладнай, у першай палове дня мы з маёй памочніцай Таццянай Рыгораўнай прынялі 23 пацыентаў, — усміхаецца Вераніка Валер’еўна Здановіч, як падказвае бэйдж, урач агульнай практыкі. – Усе запісы трэба выверыць і ўнесці ў адпаведную электронную базу.
На пытанне, ці не пашкадавала аб абранай прафесіі (як-ніяк столькі папяровай пісаніны, што і паесці няма калі), дзяўчына адказвае:
— Добрае здароўе, дарэчы, як фізічнае, так і маральнае, маіх пацыентаў, а таксама маіх родных, сяброў, знаёмых, ну, і мой уласны стан — задача №1 майго жыцця. Я сябе ў іншай сферы ніколі і не ўяўляла!

Лёс быў спагадлівым да яе: адразу пасля заканчэння сярэдняй школы ўраджэнка Кобрына самастойна, без рэпетытараў, падрыхтавалася да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову. І паступіла.
—І з вялікім задавальненнем вучылася на лячэбным факультэце, — расказвае выпускніца Гомельскага ўніверсітэта. Што цікава, у яе сям’і ўрачоў не было, было толькі вялікае жаданне дапамагаць людзям.

Пасля вучобы Вераніка Валер’еўна была накіравана ў Пружанскую ЦРБ, а адтуль – у Шарашоўскую гарбальніцу. 1 красавіка споўніцца роўна восем месяцаў, як малады спецыяліст пераступіла парог установы.
— Мне пашчасціла: я трапіла ў вельмі дружны і добры калектыў, які сустрэў мяне з цяплом і ахутаў увагай і клопатам. Усе разам мы працуем на адзіны вынік: будзе ў людзей здароўе – будзе і поспех! — зазначае дзяўчына.

Заўважу, за параўнальна кароткі тэрмін працы ў пасёлку яна паспела заслужыць прызнанне ў пацыентаў і пэўны аўтарытэт у старэйшых калег.
— Я вельмі рада працаваць з такім адказным, спагадлівым і ўважлівым чалавекам, сапраўдным спецыялістам сваёй справы, як Вераніка Валер’еўна, — тут жа засведчыла медсястра агульнай практыкі Таццяна Рыгораўна Кацко, якая ўвайшла ў кабінет і мімаволі нагадала журналістам, што абедзенны перапынак скончыўся. І што настала пара ўрачу збірацца на абслугоўванне пацыентаў на даму. Акрамя гэтага, Вераніка Валер’еўна ў вызначаны дзень месяца вядзе прыём на чатырох ФАПах, фельчары якіх папярэдне складаюць спісы людзей, якія маюць патрэбу ў кансультацыі ўрача.

— Вядома, іх нямала, але мне кожнага шкада. Увогуле вясковыя людзі, асабліва пажылыя, сваім працавітым і прыстойным жыццём заслужылі асаблівай павагі. З кожным пражытым годам іх здароўе, на жаль, усё больш пагаршаецца. І ў маіх сілах прытармазіць гэты працэс.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.