Понедельник, 22 января 2018

«Праздничный» сезон семьи Степовых

1 384

На пружанскім рынку гэтае месца немагчыма не заўважыць. За вазонамі з пышнай бакопай, густа ўсеянай белымі, блакітнымі і ружовымі кветачкамі, буйна і ярка квітнеючымі пятуніямі, сурфініямі, пеларгоніямі і гнуткімі фуксіямі, цяжкія кветкі-званочкі якіх звісаюць зверху ледзь не да самага прылаўка, не відаць прадаўца. Але я ўсё-такі дачакалася змяншэння чаргі, каб пазнаёміцца. Таццяна працягнула сваю візітку: «Прыязджайце лепш дахаты. Там і паразмаўляем».

Працаваць на зямлі жыхарка вёскі Малыя Якавічы Таццяна Мармач навучылася з дзяцінства. Гэтыя веды вельмі спатрэбіліся дзяўчыне, калі выйшла замуж і разам з мужам Іванам Стэпавым паехала на Украіну.

— На тры сям’і ў нас было 24 гектары поля,— успамінае той час Таццяна.— Вырошчвалі кавуны, цыбулю і іншую агародніну. І так, напэўна, працягвалася б да цяперашняга часу, калі б у мяне не наспела неабходнасць памяняць пашпарт. Паехалі аднойчы з мужам у Пружаны ды тут і засталіся. А хутка на ўскрайку шашы ў накірунку на вёску Засімавічы купілі сабе палову доміка…

Спачатку Таццяна з Іванам думалі, што гэта будзе дача. Маўляў, збярэм грошай для пакупкі гарадской кватэры, а сюды будзем прыязджаць толькі летам, каб займацца агародніцтвам. Але зямля як узяла іх у свой палон амаль дзесяць гадоў таму, так да цяперашняга часу і не адпускае.

Пабудавалі цяпліцу. Пасадзілі радыс, а потым на змену яму — памідоры. І толькі ў самым куточку побач з памідорамі — 50 чаранкоў пятуніі, каб вясною ўпрыгожыць кветкамі асабісты двор.

Цяпер Таццяна з мужам успамінаюць той час з усмешкай. Памянялася вельмі многае: дзякуючы іх старанням, перад домам з’явіліся азярцо і дэкаратыўная горачка ў вяночку рознаквецця і дэкаратыўнага кустоўя. Шмат кветак упрыгожвае і прасторны двор. А сіньёры-памідоры выцеснены з цяпліцы: цяпер там таксама гаспадараць кветкі.

— Аднойчы мы паспрабавалі прадаваць свае пятуніі на рынку,— расказвае Таццяна.— Вазоны багатыя, па 20 і больш кветак на кожным, разышліся за адно імгненне. На наступны год пасеялі пятунію ўжо на трэці цяпліцы. А потым і сурфінію дабавілі, і пеларгонію. У добрым суседстве з гэтымі каралевамі кветак выраслі і заквітнелі ўсімі фарбамі газанія, фуксія, карлікавыя вяргіні, вярбена, плектрантус, калізія, бакопа…

— Калі расла звычайная пятунія,— уступае ў размову Іван,— клопатаў было намнога менш. Пасеяў яе ў сту-дзені-лютым і чакай, калі прарасце. А сурфінія, пеларгонія, бакопа патрабуюць асаблівых адносінаў. У доме іх не патрымаеш — патрэбна тэмпература не вышэй 9-14 градусаў. Вось і даводзіцца грэць цяпліцу ўсю зіму…

Прыгажосць патрабуе ахвяравання, а яшчэ — шмат клопатаў і старання. Вось, напрыклад, сурфінія ці бакопа. Зімой вельмі важна захаваць матачнікі. У студзені трэба нарэзаць з іх чаранкі і ўкараніць у спецыяльнай сумесі з моху, торфу і пяску. Потым ні на хвілінку не выпускаць іх з поля зроку: апырскваць ад шкоднікаў, паліваць, кантралюючы, каб і не суха было і не надта вільготна. Папікіраваць у гаршчочкі і, калі прарастуць, не забыць зрэзаць верх. Інакш кветка не будзе кусціцца. І гэта яшчэ не ўсё. На працягу вегетацыі трэба абавязкова сфарміраваць прыгожы кусцік. Гэта лёгка, калі расце дзесяць-дваццаць кусцікаў. А калі іх сотні?

— Дзеля ўсёй гэтай прыгажосці даводзіцца спаць усяго па тры гадзіны,— паказвае Іван на сваё буйна квітнеючае царства.

Клапатліва расстаўленыя роўненькімі радочкамі вазончыкі нагадваюць рознакаляровыя латкі: белая латка —гэта вярбена, блакітная — бакопа, ярка-ружовая — любімыя сурфінія і пятунія…

Але колькі клопатаў і старанняў патрэбна для таго, каб дагледзець кожную кветачку!

— Кожнаму вазончыку трэба пакланіцца, ды за дзень па некалькі разоў,— усміхаецца Таццяна.— Затое як радасна адчуваць, што выпеставаныя тваімі рукамі кветкі ўпрыгожваюць і Слонім з Кобрынам, і Пружаны…

Жанчына ўспамінае, як раней палівала свае кветкі з пластыкавай бутэлькі і лоб разбівала аб цяплічныя слупы, таму што на хаду засынала. Цяпер Іван прыдумаў спецыяльную сістэму для зніжэння ціску і яны пояць пятуніі і бакопы з дапамогай помпы.

Таццяна з Іванам веда-
юць шмат сакрэтаў кветаводства. І ахвотна згаджаюцца падзяліцца імі з нашымі чытачамі.

— Аднойчы падыходзіць да мяне на рынку жанчына,— расказвае Таццяна.— Маўляў, чаму ў вас кветкі такія пышныя, прыгожыя, а ў мяне сохнуць? «А што вы ім рабілі?»— пытаюся. «Ды нічога! Падвесіла на альтанку, паліваю штодзень…» Дык вось, запомніце: усе кветкі абавязкова трэба перасаджваць. І не абы як. Для сурфініі, напрыклад, патрабуецца не менш чым пяцілітровы гаршчок. А вось калі пасадзіць у такі вялікі вазон пеларгонію, то цвісці яна не будзе — забуяе зелянінай. Трэба ведаць, што сурфінія не любіць шчодрага паліву,— ад вады ў яе падгнівае карэнне. Вялікае значэнне мае для кветак падкормка. Але падкормліваць кветкі можна толькі ў вільготную глебу, інакш пагарыць карэнне. Перацвіўшыя кветачкі (напрыклад, пятуніі ці сурфініі) трэба абавязкова абрываць разам з насеннымі каробачкамі. Інакш раслінка шмат энергіі будзе расходаваць не на цвіценне, а на выспяванне насення. І яшчэ наконт зямлі: асабліва пажыўным для кветак з’яўляецца грунт «Дзвіна». Па яго Іван знарок ездзіць у Докшыцы

Паказваючы, як трэба фарміраваць кусцік пеларгоніі, Таццяна ўпэўнена абразае галінкі з ужо гатовымі раскрыцца бутонамі. Убачыўшы маё шкадаванне, жанчына смяецца:

— Цяпер у вашай кветкі будзе не тры квітнеючыя галінкі, а 15!

P.S. «Святочны» сезон у цяпліцы Стэпавых заканчваецца. На змену ідуць «буд-ні»: агуркі, перац, кабачкі, баклажаны, буракі, морква…

Ганна Хадаровіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *