Четверг, 2 апреля 2020

«Царь» леса или поля? Зубры стали настоящей проблемой для хозяйств района

587

Апошнія гады “цары пушчы” – зубры – цэлымі статкамі панадзіліся выходзіць з лесу на палеткі мясцовых сельгаставарыстваў і ласавацца збожжавымі і рапсам. Прычым робяць гэта з такім імпэтам, што людзі, якім шчасціць зуброў убачыць, нават не задаюцца пытаннем: а за чый кошт “банкет”? Нявольныя сведкі шкодніцтва спяшаюцца сфатаграфаваць магутных жывёлін, якія аб’ядаюць азімыя пасевы і дратуюць зямлю вялікімі капытамі.


Якасней карміць
— А вось нам не да любавання, — кажа начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Анатольеўна Вараб’ёва. — Штогод у асенне-зімовы перыяд статкі зуброў каля 100-120 галоў выходзяць на ўгоддзі нашых гаспадарак, у прыватнасці, ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», «Мурава», «Роўбіцкае» і «Жураўлінае», дзе пасеяны азімыя кармавыя культуры і, зразумела, прычыняюць шкоду.
Калі шматгадовыя травы і азімыя збожжавыя пасля такога набегу яшчэ неяк здольныя расці, то рапс, самая ўпадабаная зубрамі культура, пакутуе істотна. З улікам гэтага, сельгаставарыствы імкнуцца сеяць яго як мага далей ад шляхоў міграцыі “лясной братвы”.
У нас пытаюцца: якія яшчэ меры прымаем? А мы ніякіх мер не можам прыняць, паколькі зубр — гэта чырванакніжная жывёліна. І ніводзін указ, ніводная пастанова, якія рэгламентуюць вядзенне паляўнічай гаспадаркі, на зубра не распаўсюджваюцца. Адзінае, што можам, — гэта пастаянна адганяць зуброў назад, да пушчы, за аб’язную дарогу, — удакладняе Т.А.Вараб’ёва. – А яны вяртаюцца! Больш за тое, пачынаюць ушчыльную падыходзіць да вёсак і жывёлагадоўчых аб’ектаў, выклікаючы немалы ажыятаж. Зубр адчувае сябе сёння гаспадаром не толькі запаведнага лесу, але і бліжэйшых вёсак. Людзі баяцца.
Самы аптымальны шлях — каб непасрэдны ўладальнік зуброў, Нацыянальны парк «Белавежская пушча», усур’ёз заняўся рашэннем праблемы міграцыі жывёл. Думаю, што ім трэба ствараць аптымальную кармавую базу , пашыраць кармавыя палі, перасяляць і, у рэшце рэшт, забіраць зуброў у рэзервовы фонд.
Дакладней лічыць
Пра тое, што колькасць зуброў перавышае аптымальную, кажа і Аляксандр Аляксеевіч Шлёмін, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Пружанскі райаграсэрвіс”, якое сёлета пацярпела, напэўна, больш за астатніх:
— Асабіста я падлічыў, што ў адным толькі статку, а іх у гэтым годзе ажно пяць (чатыры каля Нікара, а адзін стаіць на былой пашы ў раёне шарашэўскага комплексу і “прыглядаецца” да поля з рапсавымі пасевамі, што праз канал), ходзіць больш за 200 галоў .
Нашэсце лясных «цароў» для нас не рэдкасць. Гэтай зімой зубры аблюбавалі ўрочышча ў раёне Крыніцы, дзе ў нас пасеяна да 70 га рапсу. Спадзяюся, што расліны ўсё ж адновяцца… Пастаянна спецыялісты на полі дзяжурылі. Зубр — гэта ж дзікая жывёла, да яго блізка не падыдзеш. Ён нікога не баіцца і ні на кога не рэагуе. Нават былыя працаўнікі пушчы вымушаны былі сядаць у машыны і выганяць прышэльцаў з поля. Статак на пару метраў адыдзе і далей стаіць, спакойна праводзячы вачыма машыны.
Мы неаднаразова ўздымалі перад адміністрацыяй Нацыянальнага парку пытанне аб спыненні міграцыі зуброў на нашы палі, звярталіся ў пісьмовай форме, але складваецца ўражанне, што супрацоўнікі парку на гэтую праблему не звяртаюць асаблівай увагі. Можа, надышла пара нейкія бар’еры перад шкоднікамі ставіць? Альбо сеяць больш рапсу на кармавых палях пушчы?
Я разумею, што праязджаючым падабаецца назіраць за статкам, які топчацца на полі. Фатаграфуюць, усміхаюцца, а я гатовы ў званы біць ад абурэння. Адназначна, парк павінен рэагаваць!
Абгароджваць?


Ведаю, што пару гадоў таму на адпаведныя запыты ад мясцовых гаспадарак спецыялісты парку адказвалі: агароджвайце, мы не можам, паколькі ў нас – вольная мікрапапуляцыя! А за якія сродкі гаспадаркам, якія, да таго ж, ніякіх кампенсацый ад “пагулянак” зуброў не атрымліваюць, можна самастойна абгарадзіць абшары працягласцю ў дзясяткі кіламетраў, ды так, каб вольная жывёліна вагой да тоны не змагла прайсці?
Дык як быць? Пра гэта мы і спыталі ў намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” па навуцы і экалагічнай асвеце, кандыдата сельскагаспадарчых навук, лесавода Васілія Міхайлавіча Арнольбіка.
Што парадавала, у адказе спецыяліста ніякай “эскалацыі напружання” ў адносінах з кіраўнікамі сельгасарганізацый раёна не адчувалася. Васілій Міхайлавіч згаджаецца, што сёння ў сельгаставарыстваў сапраўды ёсць падстава для падобных абвінавачванняў.
— Мы выдатна разумеем занепакоенасць кіраўнікоў гаспадарак, угоддзям якіх нашымі зубрамі наносіцца ўрон. Але паколькі зубр — гэта чырванакніжная жывёла, усе пытанні, звязаныя з яго знаходжаннем у пушчы, уключаючы ахову і рэгуляванне колькасці, носяць агульнадзяржаўны характар. Доўгі час мы працавалі над павелічэннем папуляцыі зуброў, але цяпер аб’ём нашых харчовых угоддзяў, на падтрыманне якіх выдаткоўваем немалыя сродкі, не дазваляе ўтрымліваць статак у межах пушчы.
Згодна з рэспубліканскім планам кіравання папуляцыяй і дзеянняў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні асобных мікрапапуляцый, аптымальная колькасць зуброў для нашай пушчы павінна складаць 300-350 галоў, а ў нас іх звыш 600. Агароджваць бессэнсоўна, да таго ж, гэта забароненае мерапрыемства: наша мікрапапуляцыя зуброў па статусе мае права жыць вольна. Агароджы выкарыстоўваюцца толькі ў выпадку вымушанай часовай ператрымкі жывёл, неабходнай пры стварэнні новай мікрапапуляцыі, каб развесці жывёл па плане рассялення. Адзначу, што пры кармленні зуброў у вальеры мы нясём велізарныя выдаткі.
Увогуле ў рамках дзяржаўнай праграмы аховы навакольнага асяроддзя на ўтрыманне зуброў нам выдаткоўваецца недастаткова грошай: 15-20 тысяч рублёў. А трэба не менш за 100 тысяч долараў на ўсю мікрапапуляцыю, каб маніторыць сітуацыю, праводзіць патрэбныя даследаванні, ладзіць кармавыя палі і біятэхнічныя збудаванні.

Якасна рэгуляваць папуляцыю
Пацвярджае словы калегі і вядучы навуковы супрацоўнік НП, кандыдат біялагічных навук, тэрыёлаг і сапраўдны “зубразнаўца” Аляксей Мікалаевіч Буневіч, які днямі выязджаў на палі і маніторыў сітуацыю.
— Шкода ўгоддзям, сапраўды, нанесена немалая. І абгарадзіць такія вялікія тэрыторыі практычна немагчыма… Што зробіш! Зубр больш траваедная жывёла, чым дрэваедная, таму і выходзіць на палі пажывіцца рапсам і азімымі. Але хачу супакоіць: зубры паволі пачынаюць рухацца да пушчы.
Для сваіх пражэрлівых падапечных мы ў парку заўсёды абсталёўваем спецыяльныя кармушкі, нарыхтоўваем дастаткова зернефуражу, сіласу і сена, якія выкладаем на шляхах міграцыі. У парку ёсць і свае кармавыя паляны з зімовымі культурамі, але зубрам стала там цесна. У цэлым у Беларусі зуброў становіцца ўсё больш.
Таму, лічу, трэба аптымізаваць работу па памяншэнні статка за кошт больш слабых асобін. Вядома, гэты працэс таксама вельмі затратны. Сёння Мінпрыроды распрацоўвае прававыя асновы для работы з асобнымі мікрапапуляцыямі. Дзейнічаць трэба ў рамках заканадаўства. Забіраць можна толькі зуброў з бінарным статусам, аднесеных да рэзервовага фонду: тых, хто не ўдзельнічае ў аднаўленні генафонду, хто адбіўся ад статка, хворы ці траўмаваны і не ўплывае на захаванне мікрапапуляцыі.
Штогод пераводзіцца ў рэзервовы фонд каля 30 галоў зуброў. Да ведама, гэтая лічба не павінна перавышаць 75 % ад колькасці прыплоду.
Дарэчы, праблема выхаду зуброў на ўгоддзі гаспадарак існуе і ў суседняй Польшчы. У выпадку ўрону гаспадарка ацэньвае шкоду, якая кампенсуецца Міністэрствам навакольнага асяроддзя.

Перасяляць
Таксама навуковыя супрацоўнікі НП “Белавежская пушча” лічаць, што вырашыць праблему нашэсця зуброў на ўгоддзі дапаможа іх перасяленне ў рамках распрацаванага праекта праграмы “Дарожная карта для зубра”.
—Згодна з ёй, — тлумачыць Аляксей Мікалаевіч Буневіч, — Расійская Федэрацыя змагла б выдзеліць тэрытарыяльны рэсурс для стварэння новых папуляцый (адзначу, перасяляць зуброў трэба ў тыя зоны, дзе не вядзецца інтэнсіўная сельская гаспадарка і дзе зубр зможа выжыць без чалавека). А мы для рэалізацыі праграмы змаглі б паставіць частку рэпрадукцыйных асобін. У Беларусі ўжо каля 1900 зуброў, і яны расселены ў розных месцах. Рэалізацыя праграмы пакуль прыпынілася, а мы знаходзімся не ў той кампетэнцыі, каб фарсіраваць працэс.

Ці змяніць статус?
Пакуль гаспадарнікі змагаюцца з рагатым шкоднікам з прыцягненнем усіх магчымых рэсурсаў, а трымальнікі папуляцый заяўляюць пра недахоп сродкаў на рэалізацыю доўгатэрміновых праектаў, збоку прадстаўнікоў яшчэ аднаго зацікаўленага ведамства — паляўнічага — усё часцей гучаць заклікі змяніць статус зубра, маўляў, зубр як від не стаіць на мяжы знікнення, таму настаў час выключыць яго са спісу “чырванакніжнікаў”.
Калі ўлічыць, што “зубрыны” трафей сёння каштуе каля 10 тысяч долараў, то паляванне сапраўды можа стаць надзейнай крыніцай эканамічнага стымулу для трымальнікаў мікрапапуляцый. Але…
Ведаючы спартыўны азарт і невычэрпную энергію некаторых паляўнічых, задаешся пытаннем: ці не падпішам мы незнарок смяротны прысуд “цару пушчы”, калі пазбавім яго статуса чырванакніжнай жывёлы?
Маю ўласную занепакоенасць падзяляе заслужаны патомны лесавод Беларусі, былы ляснічы Нікарскага лясніцтва Я.У.Лукша, які звыш сарака гадоў свайго жыцця аддаў ахове Белавежскай пушчы.
— З аднаго боку, зуброў развялося сапраўды зашмат, таму нядзіўна, што ў пушчы ім не хапае расліннай ежы, — кажа Яўген Уладзіміравіч. – Але як узгадаеш, што параўнальна нядаўна – і стагоддзя не прайшло! – іх паштучна завозілі ў пушчу і чакалі прыросту, то пачынаеш адразу хвалявацца за будучы лёс “цара”.
Але што ж рабіць, калі “цар” пачаў спакушацца на чужыя тэрыторыі?
Алена Зялевіч.
Фота Аляксандра Пекача і Сяргея Талашкевіча.